У Беларусі створаны Камітэт салідарнасці з Украінай

19 сакавіка ў Мінску адбылося арганізацыйнае пасяджэнне Камітэту салідарнасці з Украінай, Ініцыятарам яго выступіў аргкамітэт па стварэнню партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. У камітэт увайшло больш за 30 чалавек, у тым ліку вядомыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы Павал Севярынец, Аляксей Янукевіч, Зміцер Дашкевіч, Георгій Дзмітрук, Анатоль Сідарэвіч, Аляксей Марачкін і Уладзімір Арлоў.



kamitet_salidarnasi_z_ukrainaj_logo.jpg

Пасяджэнне Камітэта салідарнасці з Украінай

Сярод запланаваных камітэтам спраў — сустрэча з амбасадарам Украіны ў Беларусі Міхаілам Ежэлям, правядзенне шэсця на Дзень Волі 25 сакавіка пад знакам салідарнасці з Украінай, арганізацыя прамой сувязі з Кіевам, шырокія інфармацыйныя акцыі, у тым ліку ў Інтэрнэце, малітвы за Украіну і Беларусь, мастацкая выстава, круглы стол па пытаннях наступстваў русіфікацыі беларусаў, падрыхтоўка зваротаў, лістоў і спецвыпуску незалежнага СМІ, выданне ўлётак і паштовак, дапамога правабаронцаў народу Крыму, дзе могуць адбыцца этнічныя і канфесійныя чысткі, а таксама папулярызацыя ідэі байкоту расійскіх тавараў.

Як адзначыў адзін з каардынатараў камітэту Павал Севярынец, украінская тэма зараз найбольш гарачая і яе сувязь з беларускай тэмай не падлягае аніякаму сумненню, бо на працягу пяці стагоддзяў народы і Украіны маюць аднолькавыя праблемы з Усходам і супольныя інтарэсы на Захадзе. “Таму салідарнасць з украіннцамі дапамагае беларусам зразумець. на якім мы свеце, робіць наш унёсак у агульную барацьбу, які можа адгукнуцца, дай Бог, ў будучыні: калі нам будзе цяжка — украінцы прыдуць на дапамогу”, — падкрэсліў палітык.    

На ягоную думку, галоўная задача камітэту — павярнуць мысленне беларусаў у Мінску і рэгіёнах адносна падзей на Украіне. Прычым, трэба праводзіць розныя акцыі салідарнасці і дзейнічаць не толькі інфармацыйна, але і праз культуру, бо беларуская і ўкраінская культуры супольныя і ў кожнай з іх закладзены імперскі код, мысліць глабальна, але дзейнічаць лакальна і з душою рабіць мажлівае ў вызначальныя бліжэйшыя два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў на Украіне, сказаў Павал Севярынец. Паводле ягоных слоў, ствараецца антыімперскі фронт народаў, які народжаны самой гісторыяй, але пакуль яшчэ слабы і не аформлены палітычна.    

Палітык нагадаў, што Расія, якая пачынае захопніцкія войны, заўсёды кепска заканчвае, пра што сведчаць падзеі руская-японская і Першай сусветнай вайны. Так што ўвязванне Расіі ў вайну з Украінай сведчыць пра тое, што ў Беларусі з’яўляецца гістарычны шанец вырвацца, а ў Расіі — пасля развалу асэнсаваць сваю ролю у гэтым свеце і пакаяцца за злачынствы камуністычнага рэжыму, ГУЛАГу і галадамору, зазначыў Павал Севярыней. 

Наступнае пасяджэнне камітэту запланавана на 26 сакавіка а 18.00