У Мінск прыбыў прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы
Вечарам 2 чэрвеня ў Мінск з першым афіцыйным візітам прыбыў прэзідэнт Рэспублікі Індыя Пранаб Мукерджы. Візіт працягнецца два дні. Індыйскі прэзідэнт 3 чэрвеня плануе сустрэцца са сваім беларускім калегам.
Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант, перамовы кіраўнікоў дзяржаў пройдуць спачатку ў вузкім фармаце, затым — у пашыраным складзе.
"Будуць абмяркоўвацца эканамічныя дамоўленасці ў самых розных сферах. Таксама будзе абмяркоўвацца дарожная карта развіцця адносін", — сказала
прэс-сакратар.
Прэс-служба індыйскага МЗС паведамляе, што ў Мінску Пранаб Мукерджы таксама сустрэнецца з прэм`ер-міністрам Андрэем Кабяковым і старшынямі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі.
Прэзідэнт Індыі пасадзіць дрэва на Алеі высокіх гасцей каля Палаца Незалежнасці, ускладзе вянок да манумента Перамогі і возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця бюста Махатмы Гандзі ў дворыку
БДУ.
4 чэрвеня з удзелам Мукерджы і Лукашэнкі ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрыецца беларуска-індыйскі бізнес-форум. "Тут адбудзецца афіцыйны запуск праекта па рэканструкцыі Гродзенскай ЦЭЦ-2.
На гэты праект выдзелена 55 млн. долараў індыйскіх інвестыцый. Чакаецца, што падчас візіту будуць падпісаныя мемарандум аб узаемаразуменні і шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве ў сферы тэкстыльнай
галіны, прамысловасці, адукацыі і іншых", — паведамляе індыйскае МЗС.
У сваю чаргу ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце (БелГПП) адзначаюць, што "ўдзельнікі форуму будуць азнаёмленыя з эканамічным патэнцыялам Беларусі і перавагамі вядзення бізнесу ў
краіне, інвестыцыйнымі магчымасцямі індыйскіх кампаній, а таксама асаблівасцямі працэдур фінансавага лізінгу і прасоўвання беларускай прадукцыі на індыйскі рынак". Падчас бізнес-форуму
плануецца падпісанне шэрагу кантрактаў паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі Беларусі і Індыі.
"Пасля завяршэння пленарнай часткі форуму адбудзецца кантактна-кааперацыйная біржа паміж прадстаўнікамі бізнесу дзвюх краін, падчас якой беларускія ўдзельнікі атрымаюць магчымасць
правесці двухбаковыя перамовы з кіраўнікамі і спецыялістамі індыйскіх кампаній і абмеркаваць канкрэтныя пытанні супрацоўніцтва. З індыйскага боку ёсць зацікаўленасць у наладжванні дзелавых сувязяў з
беларускімі прадпрыемствамі і арганізацыямі ў сферах распрацоўкі інфармацыйных тэхналогій, турыстычнага і гасцінічнага бізнесу, фармацэўтыкі і аховы здароўя, вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі,
банкаўскіх паслуг, будаўніцтва, энергетыкі, адукацыі і іншых", — інфармуе БелГПП.
Як паведаміў напярэдадні свайго прыезду ў Мінск Пранаб Мукерджы ў інтэрв`ю беларускаму дзяржаўнаму агенцтву БЕЛТА, чакаецца, што падчас візіту будзе ўхваленая
дарожная карта ўзаемадзеяння дзвюх краін.
"Мы прымем дарожную карту па развіцці нашых адносін, якая акрэсліць асноўныя кірункі і далейшыя захады да дасягнення жаданых вынікаў. У нас ёсць велізарны патэнцыял у такіх сектарах, як
традыцыйная і малая энергетыка, новыя і ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, металургія і горназдабыўная прамысловасць, аўтамабільная і сельскагаспадарчая тэхніка, фармацэўтыка, нафта і газ, сельская
гаспадарка і харчовая прамысловасць. Мы таксама можам пашырыць наша ўзаемадзеянне ў сферы паслуг — гэта IT, ахова здароўя, фінансы, транспарт і лагістыка", — сказаў
прэзідэнт Індыі.
Ён адзначыў, што цяперашні ўзровень узаемнага гандлю паміж Беларуссю і Індыяй, які складае прыблізна 400 млн. долараў, значна ніжэйшы за наяўны патэнцыял.
"Мы павінны шчыльна заняцца гэтым пытаннем і дамагчыся больш высокіх паказчыкаў у гандлі і інвестыцыях. Умацаванне нашых гандлёвых і інвестыцыйных сувязяў будзе адным з галоўных пытанняў
парадку дня перамоў з прэзідэнтам Беларусі, якія маюць адбыцца, — сказаў Пранаб Мукерджы. — Мы імпартуем значную колькасць калійных угнаенняў з Беларусі, што неабходна для
нашай праграмы харчовай бяспекі. Індыйскія кампаніі зацікаўленыя ў доўгатэрміновых дамоўленасцях па пастаўках калійных угнаенняў з Беларусі. Такім чынам, Беларусь атрымае гарантаваны рынак, а Індыя
— надзейнага пастаўшчыка. Нашы кампаніі таксама адкрытыя для інвестыцый у беларускія калійныя руднікі, калі прапанаваныя ўмовы будуць камерцыйна выгаднымі".
Мукерджы адзначыў, што метады вядзення сельскай гаспадаркі ў Індыі змяняюцца і становіцца неабходнай тэхніка, якая вырабляецца ў Беларусі. "Было б добра, калі б беларускія кампаніі
стваралі даччыныя ці сумесныя прадпрыемствы ў Індыі для задавальнення патрэб велізарнага індыйскага рынку. Індыйская горназдабыўная прамысловасць цяпер рыхтуецца да новай фазы росту. Упэўнены, што
гэта адкрые новыя магчымасці для беларускіх прадпрыемстваў, асабліва калі яны будуць працаваць па прынцыпе "рабі ў Індыі". Гэта будзе выгадна абодвум бакам. Варта было б падумаць над
вытворчасцю самазвалаў у Індыі", — сказаў індыйскі прэзідэнт.
БелаПАН