Макей паўдзельнічае ў сустрэчы кіраўнікоў МЗС Усходняга партнёрства

Сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Усходняга партнёрства (УП) пачнецца ў Бруселі ў 17.00 па мясцовым часе (18.00 — па Мінску), паведамляе прэс-служба Савета ЕС. Ёй будзе папярэднічаць пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў Еўрасаюза.



d413d834_1ebe_4d9f_8c46_b11750087860_mw1024_mh1024_s_cy5.jpg

Міністры замежных спраў краін — удзельніц Усходняга партнёрства абмяркуюць бягучую сітуацыю ў сваіх дзяржавах, а таксама падрыхтоўку да саміта УП, які пройдзе 28—29 лістапада ў Вільнюсе. 


Беларускі міністр Уладзімір Макей удзельнічае ў сустрэчы па запрашэнні вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісара па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфана Фюле


Гэта першая паездка Макея ў Еўропу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У студзені 2011-га ён у ліку іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў быў унесены ў чорны спіс ЕС як асоба, што мае дачыненне да жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня і далейшага пераследу актывістаў апазіцыі. На той момант Макей узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта. 


24 чэрвеня гэтага года Савет міністраў замежных спраў ЕС на пасяджэнні ў Люксембургу прыняў рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Уладзіміра Макея. Санкцыі прыпыненыя на той час, пакуль ён займае пасаду міністра замежных спраў Беларусі. У той жа час Макей застаецца ў спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца фінансавыя санкцыі (рахункі і ўласнасць гэтых асоб на тэрыторыі ЕС павінны быць замарожаныя). 


"Савет спрашчае дыпламатычныя кантакты паміж ЕС і Беларуссю. Каб палегчыць кантакты, савет прыпыніў забарону на ўезд для беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея", — гаварылася ў рашэнні савета. 


18 ліпеня Міжнародная федэрацыя правоў чалавека абвясціла пра намер правесці ў Бруселі каля будынка, дзе будуць сустракацца міністры, акцыю пратэсту супраць візіту Макея. Акцыю плануецца пачаць апоўдні. У сваёй заяве МФПЧ падкрэсліла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца "вельмі трывожнай": "Няма не толькі якога-небудзь прагрэсу, але таксама выразна відаць, што адсутнічае палітычная воля да якіх-небудзь істотных змяненняў у пытанні павагі правоў чалавека і дэмакратыі". 


Праграма Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" была заснаваная на саміце ў Празе 7 мая 2009 года, яе мэта — умацаванне адносін паміж ЕС і ўсходнімі суседзямі за кошт паглыблення палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі. У праграме ўдзельнічаюць шэсць краін: Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна. 


Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі палітычнае супрацоўніцтва Мінска і Бруселя было практычна замарожанае, што закранула і ўдзел краіны ва Усходнім партнёрстве. У 2011 годзе Беларусь праігнаравала саміт праграмы ў Варшаве, а ў 2012 годзе — сустрэчу міністраў замежных спраў УП і Вышаградскай групы ў Празе. Беларусь удзельнічае толькі ў шматбаковых праектах, якія рэалізуюцца ў межах Усходняга партнёрства.

  Таццяна Каравянкова, БелаПАН