Фюле спадзяецца пабачыць Бяляцкага ў Брусэлі «неўзабаве»
Еўракамісар у пытаннях пашырэння і добрасуседства Штэфан Фюле спадзяецца, што запрашэнне Уладзімера Макея на пасяджэнне міністраў замежных справаў Еўразвязу датычна Усходняга партнёрства ў Брусэлі 22 ліпеня можа прынесці станоўчыя вынікі для палітвязняў у Беларусі.
Еўракамісар Штэфан Фюле
Спадар Фюле даў гэта зразумець у інтэрв’ю брусэльскаму карэспандэнту Радыё Свабода Рыкарду Юзвяку.
Радыё Свабода: Што вы сказалі міністру замежных справаў Беларусі Уладзімеру Макею і што ён сказаў вам?
Фюле: Мы гаварылі незадоўга да пачатку нарады і мы абодва пагадзіліся, што яго прысутнасць, як трэба спадзявацца, азначае ці ўяўляе сабою ўжо ўстойлівую сувязь з беларускімі ўладамі.
З аднаго боку, гэта азначае выкананне ўмоваў, вылучаных усімі дзяржавамі-сябрамі Еўразвязу, а з другога — выкарыстанне ў поўнай меры таго, што прапануе Усходняе партнёрства не толькі ў
шматбаковым вымярэнні, але таксама ў двухбаковым.
Радыё Свабода: Ці Макей — той чалавек, якога вы хочаце бачыць прадстаўніком Беларусі на саміце ў Вільні ў лістападзе?
Фюле: Рашэнне залежыць ад усіх краінаў-сябраў Еўразвязу. Яно залежыць ад тых, хто запрашае — ад прэзідэнта Еўрапейскай Рады, а таксама ад прэзідэнта Літвы. Але краіны-сябры далі ясна зразумець, што ў іх будуць праблемы з запрашэннем тых, хто знаходзіцца ў гэтак званым чорным спісе.
Радыё Свабода: Перад сядзібай Еўрапейскай Рады сёння быў пратэст супраць візіту міністра замежных спраў Беларусі. Дэманстранты кажуць, што яны ўжо могуць пабачыць Макея ў
Брусэлі, але пытаюцца, калі яны ўбачаць тут Алеся Бяляцкага?
Фюле: Спадзяюся, што неўзабаве. Цяпер адкрыліся магчымасці ўзаемадзеяння з уладамі на такім узроўні, які не тое што не дазваляе нам забыцца аб нашых патрабаваннях і ўмовах, але
насамрэч можа іх узмоцніць. Я думаю, што нам трэба пацвердзіць сваю пазіцыю задоўга да саміту ў Вільні не толькі дзеля нас саміх, але і дзеля беларускіх уладаў, каб яны найлепшым чынам выкарысталі
гэтыя магчымасці.