Макей варты быць «паштовым голубам»

Вынікі візіту Уладзіміра Макея на рабочую сустрэчу міністраў замежных справаў ЕС, з аднаго боку, прадказальныя, а з іншага — вельмі загадкавыя. Найперш, цалкам зразумела тое, што спадар Макей не змяніў традыцыйнай беларускай пазіцыі. 



dzvery_1_logo.gif

Як паведаміў ён сам брусэльскаму карэспандэнту «Радыё Свабода», размова вялася пра Віленскі саміт краінаў «Усходняга партнёрства», які павінен адбыцца ў лістападзе гэтага года, і пра ягоную дэкларацыю.

«Мы зрабілі некалькі прапановаў у дэкларацыю, у першую чаргу, тое, што ўсе дзяржавы-партнёры павінны трактавацца аднолькава, не дыскрымінавацца. І мы праявілі нашу зацікаўленасць у супрацы ва ўсіх сферах «Усходняга партнёрства». Мы думаем, што актыўнасць па канкрэтных праектах павінна быць галоўным кампанентам віленскай дэкларацыі, гэта дапаможа палепшыць бачнасць «Усходняга партнёрства» ў краінах Еўрасаюза і краінах-партнёрах. І мы павінны звярнуць больш увагі на бізнэс-вымярэнне. Вось гэта нашыя прапановы», — заявіў Макей.

Гэта «старая песня аб галоўным» беларускай улады: «Не вучыце мяне жыць, дапамажыце матэрыяльна». Для таго, каб яе пачуць, не трэба было выпраўляць Макея ў Брусэль, і тым больш, не трэба было выкрэсліваць яго са спісаў неўязных у ЕС. Гэта і так чуецца з кожнага слупа ў Еўропе, куды дацягваецца пазіцыя афіцыйнага Мінска. З другога боку, Макей у Брусэлі і не мог сказаць нічога іншага — Захад не настолькі пайшоў на саступкі, каб прапаноўваць яму «шчыльнае сяброўства» з «сінявокай».

Здаецца, гэтага «іншага» Еўропа і не чакала. Яна жадала проста паглядзець Макею ў вочы і вырашыць: ці настолькі ён сумленны чалавек, каб перадаць яму нешта каштоўнае? Яшчэ раней міністр замежных спраў ЛітвыЛінас Лінкявічус казаў, што Макей у Еўропе патрэбны, каб усталяваць «канал сувязі». «Не толькі слухаць, але і перадаваць паведамленні наўпрост», — адзначыў Лінкявічус. Каму паведамленні трэба перадаваць наўпрост — тут нават гадаць не трэба.

Паглядзеўшы ў вочы Макею, еўпрапейцы вырашылі, што ён варты таго, каб быць «паштовым голубам». І нейкае паведамленне ўсё ж перадалі. Пытанне, якое.

Беларускія апазіцыянеры спадзяюцца, што гэта тое паведамленне, якога яны чакаюць. Прынамсі, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што спадар Макей павёз з Брусэля капэрту, у якой знаходзяцца патрабаванні вызваліць палітвязняў і правесці свабодныя і празрыстыя выбары. «Я не дапускаю нават думкі, што Макей ездзіў толькі агучыць пазіцыю афіцыйнага Мінска. Пытанне ў тым, якую капэрту Макей павёз з Брусэля. Пазіцыя Еўропы ў адносінах да палітвязняў паслядоўная, як і патрабаванне правесці сумленныя выбары. І ад таго, што прывёз Макей, залежыць, ці была яго місія тупіковай, альбо яна мела сэнс», — адзначае палітык.

Прыкладны сэнс гэтай «капэрты» можна зразумець і з выказванняў еўрапейскіх калег Макея. Той жа Лінас Лінкявічус, каментуючы вынікі візіту, адзначыў, што Макей выказаў жаданне канструктыўна супрацоўнічаць з ЕС. «Ва ўсякім выпадку я адчуў жаданне канструктыўна супрацоўнічаць і размаўляць», — удакладніў Лінкявічус. Ці адчулі гэта іншыя міністры, канешне, яшчэ пытанне.

Добрай прыкметай Лінкявічус лічыць і тое, што Макей не выказаў пратэст, калі яму нагадалі пра палітвязняў. «У адрозненне ад таго, што было раней, не было ніякіх пярэчанняў — можа, прамаўчаў у гэтым месцы, але гэта лепш, чым пярэчыць — калі большасць выступоўцаў нагадалі пра пытанне палітвязняў», — сказаў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

Яшчэ больш прыемна выказаўся еўракамісар па пытаннях пашырэння ЕС і добрасуседства Штэфан Фюле. На пытанне пра тое, калі ў Брусэлі замест Макея пабачаць праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які зараз за кратамі, Фюле адказаў: «Спадзяюся, што неўзабаве. Цяпер адкрыліся магчымасці ўзаемадзеяння з уладамі на такім узроўні, які не тое што не дазваляе нам забыцца аб нашых патрабаваннях і ўмовах, але насамрэч можа іх узмацніць. Я думаю, што нам трэба пацвердзіць сваю пазіцыю задоўга да саміту ў Вільні не толькі для нас саміх, але і для беларускіх уладаў, каб яны найлепшым чынам выкарысталі гэтыя магчымасці».

Значыць, спадар Макей прывёз з Брусэлю не толькі пытанні палітвязняў, але яшчэ і нейкія «магчымасці» для афіцыйнай улады. Пры гэтым, «магчымасці» спрацоўваюць, нават калі Еўрасаюз не толькі не здыме з павесткі дня пытанне палітвязняў, але і нават узмоцніць сваю пазіцыю.

Канешне, цікава, што ж прапанаваў ЕС Беларусі ў якасці новых магчымасцяў? Ці сапраўды гэтая «замануха» настолькі важная, што палітвязняў выпусцяць заўтра і назаўсёды? А можа (чым чорт не жартуе) яшчэ і рэабілітуюць іх?

У любым выпадку, мяч зараз на полі афіцыйнага Мінска. І, па меркаванні Брусэля, прапановы зроблены такія, ад якіх немагчыма адмовіцца.

Але ўжо колькі разоў было так, што тое, што Еўропе здавалася бясспрэчным і вельмі прывабным, для беларускай улады было альбо драбязой, альбо ўвогуле не падыходзіла па сутнасці. Калі гэты «пернік» не спрацуе, што ж тады будзе рабіць Еўропа?

Па меркаванні мінскіх аналітыкаў, тады спадару Макею, як ганцу, які прынёс дрэнныя весткі, адсякуць галаву. У фігуральным сэнсе, канешне. У Брусэлі яму ўжо намякнулі: чатыры краіны ЕС выступаюць супраць таго, каб на саміт у Вільню прыехала афіцыйная дэлегацыя Беларусі. Калі Макей не выканае сваю місію, то ў лістападзе на саміт зноў паедзе адна апазіцыя.

Да таго ж, ніхто не адмяняў пастанову ЕС пра «часовы» характар магчымасці выезду для Макея. Так што зараз у Макея шмат працы на ўнутраным фронце. Яму варта павесіць на дзверы паперку з надпісам «Не турбаваць», і налегчы на вырашэнне еўрапейскай галаваломкі.