Міліцыя надгледзела машыну Лябедзькі і яго паплечнікаў
Вечарам 24 ліпеня на выездзе з Жодзіна міліцыя надгледзела аўтамабіль, у якім група членаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі на чале з яе лідарам Анатолем Лябедзькам наведвала
горад.
Анатоль Лябедзька
"Надгледзелі машыну, перапісалі пашпартныя звесткі, узялі адзін з дзесяці асобнікаў кнігі "Грамадзянская партыя". Няхай вывучаюць нашу гісторыю", — сказаў БелаПАН Лябедзька.
Рабочую паездку ў Жодзіне ажыццявілі пяцёра членаў партыі. "Мы былі на рынку, гутарылі з прадпрымальнікамі, раздавалі ім інфармацыйныя матэрыялы, што тычацца іх праблем.
Потым сустракаліся з людзьмі ў горадзе", — паведаміў палітык.
Каля прахадной Беларускага аўтамабільнага завода падчас раздачы інфармацыйных матэрыялаў быў затрыманы член АГП Дзмітрый Кавалгін. "Да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі, спачатку праверылі ў яго пашпарт, затым з кімсьці доўга раіліся па тэлефоне і ў выніку затрымалі", — сказаў Лябедзька. Пазней актывіста адпусцілі.