Люстрацыя: без звядзення асабістых рахункаў і парушэння правоў чалавека

Пры правядзенні люстрацыі нельга дапусціць звядзення асабістых рахункаў і парушэння правоў чалавека. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала “Развітанне з мінулым: люстрацыя — быць ці не быць? Шляхі пераходу беларускага грамадства ад аўтарытарызму да дэмакратыі”, што 29 ліпеня адбыўся ў Мінску.  



liustracyja_29_7_13.jpg

Як адзначыла дэмакратычная актывістка Валянціна Свяцкая, пасля падзей 19 снежня 2010 года на сталічнай плошчы Незалежнасці ў 2011 годзе з ініцыятывы шэрагу недзяржаўных, у тым ліку праваабарончых арганізацый была створана Грамадская рабочая група па падрыхтоўцы канцэпцыі люстрацыі. Паводле яе слоў, сябры рабочай групы пазнаёміліся з адпаведным заканадаўствам Германіі, Літвы, Польшчы і Чэхіі, а таксама з вопытам правядзення люстрацыі ў Германіі і Польшчы. На думку Свяцкай, для таго, каб у будучым выключыць мажлівасць помсты за рэпрэсіі з боку аўтарытарнага рэжыму і не дапусціць парушэнняў правоў чалавека, неабходна спачатку прыняць канцэпцыю люстрацыі, а затым распрацаваць і зацвердзіць адпаведны законапраект. Пры гэтым актывістка падкрэсліла, што ні адзін з ажыццёўленых варыянтаў правядзення люстрацыі не можа быць дакладна паўтораны ў Беларусі.    

Гісторык Ігар Кузняцоў паведаміў, што рабочая група з’яўляецца адкрытай структурай і кожны жадаючы можа далучыцца да яе працы як на пастаяннай аснове, так і ў якасці эксперта ці кансультанта.

Паводле ягоных слоў, пад паняццем люстрацыя можна разумець комплекс заканадаўчых мераў і практыку абмежавання правоў некаторых катэгорый асоб і іх недапушчэнне на выбарныя і шэраг дзяржаўных пасадаў, у тым ліку ва апарат упраўлення, праваахоўныя і фінансавыя органы, а таксама ва ўстановы адукацыі. Пры гэтым гісторык звярнуў увагу на тое, што люстрацыя з’яўляецца заканамерным працэсам падчас пераходу да дэмакратыі.

Для падрыхтоўкі грамадскага меркавання к успрыняццю праблемы люстрацыі Кузняцоў лічыць неабходным завяршыць грамадскі працэс маральнага і гістарычнага асуджэння злачынстваў савецкай улады ў Беларусі у перыяд з 1917 па 1985 гады, дзеля чаго стварыць адпаведны аргкамітэт. “Бо без такога асуджэння грамадства проста не можа стаць нармальным”, — сказаў Ігар Кузняцоў.      

Культуролаг Вацлаў Арэшка бачыць у люстрацыю гарантыю ад рэстаўрацыі аўтарытарнага рэжыму і вяртання яго прадстаўнікоў да ўлады. На ягонае меркаванне, распрацоўка і абмеркаванне канцэпцыі люстрацыі павінны падштурхнуць да грамадскай дыскусіі па пытанню развітання з мінулым. Вацлаў Арэшка выказаў неабходнасць прыняцця ў будучай дэмакратычнай Беларусі спецыяльнага заканадаўчага, а мажліва, і канстытуцыйнага акту пра асуджэнне аўтарытарнага рэжыму і прызнанне яго нелегітымным і злачынным. Прычым, гэты крок павінен папярэднічаць самому працэсу люстрацыі, сказаў культуролаг.

На думку праваабаронцы Гары Паганяйлы, кропкай адліку злачынстваў аўтарытарызму ў Беларусі можна лічыць захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам у снежні 1996 года, які затым перарос ва ўтрыманне дзяржаўнай ўлады. А для тых, хто ў гэтым удзельнічаў і меў дачыненне да несудовых смяротных пакаранняў, не будзе тэрмінаў даўнасці пры прыцягненні да крымінальнай адказнасці, сказаў праваабаронца. Сярод суб’ектаў люстрацыі, на ягонае меркаванне, могуць быць і тыя, хто атрымаў ад аўтарытарнага рэжыму незаслужаныя ўзнагароды, ганаровыя званні і высокія пенсіі.   

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што адсутнасць канцэпцыі люстрацыі на сто адсоткаў выкарыстоўвае дзяржава, якая запужвае грамадства жупелам будучых рэпрэсій з боку апазіцыі, якая прыйдзе да ўлады.

І гэта працуе, таму што няма канцэпцыі люстрацыі. Пад такім ясным дакументам, абмеркаваным грамадствам, прынятым ў выніку легітымнай працэдуры і выстаўленым у інтэрнэце, падпішуцца праваабаронцы, эксперты і палітыкі. І тады большасць чыноўнікаў не ўбачыць аніякай пагрозы для сваёй будучыні, акрамя тых, хто прымаў нейкія злачынныя рашэнні і ўдзельнічаў у іх здзяйсненні”, — сказаў Анатоль Лябедзька. На ягонае меркаванне, канцэпцыя люстрацыі можа стаць часткай праграмы дэмакратычнай мадэрнізацыі Беларусі. 

Падчас пасяджэння ўзнімаліся розныя аспекты прававога, палітычнага і маральнага падыходаў да праблемы люстрацыі.

Фота Марата Гаравога