Замежныя СМІ пра Беларусь: 13–21 ліпеня
Цяперашняя палітыка Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі не апраўдалася. Трэба прыняць іншую тактыку, напрыклад, зрабіць таннейшымі шэнгенскія візы для беларусаў, а з часам нават увесці бязвізавы рэжым і такім чынам адкрыць дарогі людзям для кантактаў. «15 минут» (Літва)
Рынак Адзінай эканамічнай прасторы ўжо не забяспечвае рэалізацыю тавараў, якія застаюцца на складах. Становішча сур’ёзнае, і тым больш дзіўна гучаць аптымістычныя прамовы беларускага кіраўніцтва пра асаблівы шлях, па якім ідзе краіна. Складана сказаць, наколькі выбар уладамі асаблівага шляху адпавядае чаканням мільёнаў. Аднак Лукашэнка выдатна разумее, што «народная любоў» знаходзіцца ў прамой залежнасці ад росту даходаў і адваротна прапарцыйная росту курсу долара. Таму ён паступова, хоць і неабгрунтавана, павышае і заробкі, і пенсіі. Але эканамічных рычагоў уплыву на грамадства ў рэжыму становіцца ўсё менш. Гэта значыць, што ідэалагічныя міфы пра росквіт больш не дзейнічаюць на свядомасць беларусаў і лёгка паваляцца ад новай дэвальвацыі.
«Deutsche Welle» (Германія)
Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч агучыў намер уладаў увесці падатак для беспрацоўных. Насельніцтва краіны абуранае неадэкватнасцю кіраўніцтва краіны. Эксперты сцвярджаюць, што вялікую колькасць людзей, якія працуюць па законах шэрага рынку, улада спарадзіла сама сваёй эканамічнай палітыкай і метадамі рэгулявання рынку працы.
«Независимая газета» (Расія)
Сітуацыю на валютным рынку Беларусі можна ацаніць як «сярэдняй цяжкасці». Паказчыкі знешняга гандлю рэспублікі ў першым квартале бягучага года несуцяшальныя. Ёсць нешта падобнае паміж цяперашнім становішчам і сітуацыяй, якая склалася ў сярэдзіне 2010 года, калі ўладамі краіны былі прыняты экстранныя меры для так званага «раздування» бюджэту, што скончылася цяжкім зацяжным эканамічным крызісам 2011 года, з якога Беларусь яшчэ не выйшла.
«Regnum» (Расія)
Вочы нашага турыста, які патрапіў у сталіцу рэспублікі, не стамляюцца здзіўляцца адсутнасці многіх паўсядзённых атрыбутаў украінскай жыцця. Асляпляюць чысціня і незвычайная мернасць жыцця, што адразу палоніць сэрца ўкраінскага турыста, які ўпершыню апынуўся ў Беларусі. Але самі беларусы, асабліва маладое пакаленне, раяць не блытаць турызм з эміграцыяй. Кажуць, што калі і ёсць у рэспубліцы сацыялізм, то хіба што савецкага, а не еўрапейскага тыпу.
«Аргументы и факты» (Украіна)
Беларускі эканамічны цуд апошніх гадоў — медаль з двума бакамі. На адным баку Лукашэнкі, на другім — таксама Лукашэнка. На першым ён стаіць з працягнутай рукой, зазіраючы за сцяну Крамля, на другім раздае субсідыі збяднелай прамысловасці, распісвае працоўныя планы фабрыкам і заводам, рабочым і сялянам. Вонкавы бок медаля бачыць увесь свет. Эканоміка Беларусі цалкам залежыць ад настрою Масквы. Да апошняга часу кіраўніцтва РФ старанна падтрымлівала беларускую эканоміку.
«Корреспондент» (Украіна)