Прыйшоў час вызваліць эканоміку ад высокааплатных жулікаў і паразітаў

Аргкамітэт Свабоднага міжпрафэсійнага Аб'яднання Працоўных, Незалежны прафсаюз РУВП «Граніт», Беларуская партыя Зялёныя і Аргкамітэт Беларускага Сацыяльнага Руху «Разам!» выступілі з адкрытым зваротам да кіраўніка беларускага Савета Міністраў, Міхаіла Мясніковіча, у адказ на яго прапанову ўвесці падатак з непрацуючых грамадзян Рэспублікі Беларусь.



miasnikovic.jpg

Такое меркаванне прэм'ер-міністр агучыў на нарадзе з кіруючым актывам Магілёўскай вобласці, заявіўшы, што ў Беларусі каля 445 тыс. чалавек працаздольнага насельніцтва нідзе афіцыйна не працуюць, не ўносяць ніякага ўкладу ў развіццё эканомікі, але пры гэтым карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, якія прадстаўляюцца ім грамадствам і дзяржавай.

Адкрыты зварот
 

Спадар прэм'ер-міністр! Назіраючы за працай урада, які Вы ўзначальваеце, мы шмат чаму перасталі здзіўляцца, але Ваша прапанова аб увядзенні падатку з непрацуючых грамадзян — гэта ўжо за межамі логікі і здаровага глузду!
 

Абсурднасць збірання падатку з неіснуючага даходу настолькі відавочная, што, здавалася б, і казаць няма пра што. Аднак сам факт таго, што падобная ініцыятыва зыходзіць ад прэм'ер-міністра нашай дзяржавы, выклікае сур'ёзныя асцярогі і трывожныя чаканні.
 

Спадар Мясніковіч, няўжо Вы не разумееце, што гэтыя паўмільёна працаздольных, але афіцыйна не працуючых грамадзян Рэспублікі Беларусь — ёсць прамы вынік Вашай дзейнасьці на пасадзе прэм'ер-міністра?

Прапанова ўвесці падатак з беспрацоўных — толькі яркае таму пацверджанне. Замест таго, каб ствараць эфектыўныя вытворчасці і мінімізаваць выдаткі на кіраўнічы апарат, які надзьмуўся да неверагодных маштабаў, Вы прапануеце абкласці падаткам тых, хто па Вашай віне не мае сёння магчымасці паўнавартасна працаваць на росквіт ўласнай дзяржавы.
 

Жабрацкія зарплаты, нездаровыя ўмовы працы і поўная бескантрольнасць адміністрацыі перад працоўнымі калектывамі вымушаюць лепшых спецыялістаў шукаць прымяненне сваім ведам і ўменням ў іншых краінах або ценявым сектары беларускай эканомікі. Вымыванне кадраў становіцца глабальнай праблемай для Беларусі, і прычыны гэтай з'явы видавочныя. Добрасумленная праца ў нашай краіне губляе ўсякі сэнс, таму што выключае перспектыву не толькі набыцця ўласнага жылля, але і магчымасць забеспячэнне сям'і самым неабходным.
 

Апошнім часам мы ўвесь час чуем пра цяжкасці, з якімі сутыкнулася маладая беларуская дзяржава ва ўмовах сусветнага крызісу. Аднак, назіраючы за тым, што адбываецца на нашых прадпрыемствах, становіцца відавочным, што сапраўдныя цяжкасці існуюць у вашых галовах, спадары начальнікі. Уся ваша дзейнасць мае патрэбу ў жорсткім кантролі не толькі з боку прэзідэнта, але і працоўных калектываў.
 

Напрыклад, варта было работнікам РУВП «Граніт» (г. Мікашэвічы) масава выйсці з афіцыйнага прафсаюза ў знак пратэсту супраць нізкай заработнай платы, як прадпрыемства раптам рэзка павысіла сваю эфектыўнасць. У выніку, заработная плата кіроўцаў аўтакалоны № 1 АТП, якая за лістапад 2011 г. складала 3 млн. беларускіх рублёў, у маі гэтага года перавысіла 20 млн!

Заўважце, ніякай сусветны крызіс не перашкодзіў новаму кіраўніцтву РУВП «Граніт» павялічыць аб'ёмы выпускаемай прадукцыі і ліквідаваць жудасны дысбаланс ў заработнай плаце паміж працоўнымі і кіраўнікамі.
 

Спадар прэм'ер-міністр! Калі Вы сапраўды дбаеце пра напаўненне бюджэту, калі Вы шчыра адданыя інтарэсам нашай дзяржавы, увядзіце падатак з тых хто, седзячы ў чынавенскіх крэслах, актыўна знішчае нашу навуку, развальвае вытворчасць, сельскую гаспадарку і сферу паслуг. Абкладзеце падаткам тых, хто нахабна акупаваў эканоміку краіны сваімі сямейнымі кланамі, аблытаў «блатнымі сувязямі» і прыдушыў татальнай сістэмай «адкатаў».
 

Сапраўднае становішча спраў такое, што на дзясяткі вытворчых рабочых, сялян, інжынераў і служачых сёння прыпадаюць сотні адміністрацыйных работнікаў, якія пладзяцца і паглынаюць прыбытак нашых прадпрыемстваў нібы саранча. Якая ўжо тут эфектыўнасць!
 

Натоўп дармаедаў дзесяцігоддзямі праседжвае штаны на сваіх пасадах, адбудоўвае сабе элітныя кватэры і катэджы, набываюць шыкоўныя аўтамабілі і адпачываюць на лепшых курортах свету, у той час як тыя, хто сапраўды працуе, далёка не заўсёды могуць забяспечыць свае сем'і здаровым паўнавартасным харчаваннем.
 

Аб якім падатку з непрацуючых Вы кажаце, спадар прэм'ер-міністр? Можа, хопіць наводзіць цень на пляцень і трымаць людзей за ідыётаў?
 

Можа, прыйшоў час узяцца за сапраўдную працу і вызваліць беларускую эканоміку ад непад'ёмнага баласта высокааплатных гультаёў, жулікаў і паразітаў?
 

Міхаіл Уладзіміравіч, калі Вы не ведаеце, як вырашыць гэтую задачу, вывучыце вопыт барацьбы з карупцыяй і бюракратызацыі сяброўскай нам Венесуэлы, звярніцеся за саветам і падтрымкай непасрэдна да працоўных калектываў беларускіх прадпрыемстваў — яны Вам дапамогуць.

basta-news.net