Утульная гавань турэцкага берага

Былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім ТГ-канале «Пульс Леніна-19» расказвае пра беларуска-турэцкія адносіны, іх перспектывы і пра тое, як Беларусь аднойчы ледзь не стала марской дзяржавай.

Двое «вечных дыктатараў»: Эрдаган і Лукашэнка. Фота: bloomberg.com

Двое «вечных дыктатараў»: Эрдаган і Лукашэнка. Фота: bloomberg.com

Выпуск «Пульса Леніна-19» прысвечаны адносінам з Турцыяй. Нагодай паглядзець на асобныя аспекты беларуска-турэцкага супрацоўніцтва і яго гісторыі крыху больш пільна дае афіцыйны візіт у Турцыю міністра замежных спраў Беларусі, які здарыўся 7-8 лістапада. 

У бытнасць паслом дэпутат Андрэй Савіных так тлумачыў, чым Беларусь цікавая Турцыі: «Для турэцкага боку мы маем унікальны набор канкурэнтных пераваг, уключаючы геаграфічнае становішча. Не толькі ў плане нашага сяброўства ў ЕАЭС, але таксама і для іх сувязей з краінамі Паўночнай Еўропы і Балтыі»

Больш не валодаем — выйшлі з унікальнага становішча з тых часоў, як Лукашэнка забяспечыў канфлікт з усімі суседзямі, акрамя Расіі. Тым не менш непасрэдна паміж Беларуссю і Турцыяй праблем няма, адносіны развіваюцца і ў чымсьці нават бяруць новыя вяршыні, але пытанні ў іх таксама маюцца.

Першае прызнанне

Лічыцца, што Турцыя была першай замежнай дзяржавай, якая прызнала суверэнітэт Беларусі. Гэта здарылася 16 снежня 1991 года, а таму дакладна толькі пры ўмове, што гаворка ідзе пра дзяржавы далёкага замежжа. Таму што за тыдзень да гэтага, 8 снежня, у Брэсце было падпісана пагадненне аб стварэнні СНД, якім яго падпісанты — Беларусь, Расія і Украіна — аўтаматычна прызналі суверэнітэт адна адной. Таму ў агульным заліку краін, якія прызналі незалежнасць Беларусі, Турцыя была трэцяй.

Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі былі ўстаноўленыя 25 сакавіка 1992 года. На некалькі месяцаў раней, чым Беларусь устанавіла дыпадносіны з Расіяй. Падпісанне дакумента адбылося ў Хельсінкі на палях саміту АБСЕ (у той час СБСЕ) тагачаснымі кіраўнікамі МЗС — Пятром Краўчанкам і Хікметам Чэцінам.

Яшчэ ў 1992 годзе Турцыя ў ліку першых замежных краін адкрывае сваё пасольства ў Мінску. Беларусь з адкрыццём у адказ сваёй дыпмісіі ў Анкары не спяшаецца. Грошай на адкрыццё пасольстваў у рэспублікі, якая толькі выйшла ў адкрытае мора міжнародных адносінаў, было ў абрэз, а карта дыппрадстаўніцтваў на той час складалася толькі з пастаянных прадстаўніцтваў пры міжнародных арганізацыях у Нью-Ёрку, Жэневе, Парыжы і Вене, а таксама паўнамоцнага прадстаўніцтва ў Маскве — усе яны дасталіся ў спадчыну ад БССР. Толькі ў ліпені 1994 года Саўмін прымае рашэнне адкрыць пасольства ў Турцыі, разам з адкрыццём дыпмісій у Азербайджане, Арменіі, Казахстане, Туркменістане і Індыі.


Глядзіце таксама

Фактычна беларуская амбасада адкрываецца толькі ў 1997 годзе, першым паслом Беларусі ў Турцыі становіцца Мікалай Ляпешка. Пазней, у 1999 годзе, прымаецца рашэнне аб адкрыцці генконсульства ў Стамбуле. Ужо толькі зыходзячы з турыстычнага патоку беларусаў у Турцыю (а гэта не менш за 100 тысяч на год), напрошваюцца яшчэ некалькі генконсульстваў — у Анталіі і Ізміры, але пакуль пра такія планы не чуваць. 

У гісторыі двухбаковых адносінаў быў нават шпіёнскі скандал. Ён адбыўся ў 1994 годзе, прывёў да высылкі двух турэцкіх дыпламатаў з Мінска і астуджэння адносінаў. Нябожчык Раман Якаўлеўскі, згадваючы гэты эпізод, пісаў пра тое, што ў КДБ сабралі журналістаў розных СМІ і паказалі «кіно» пра вярбоўку туркамі беларускіх грамадзян, а ў версіях прычын здарэння, якія з'явіліся пазней у СМІ, згадвалася «рука Масквы» — спрабавала спыніць знешнепалітычны старт Беларусі.

Паміж краінамі, пачынаючы з 1992 года, калі ў Беларусі ўпершыню пабываў старшыня Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі, у цэлым падтрымліваецца пастаянны палітычны дыялог на ўсіх узроўнях.

Лукашэнка шматкроць бываў у Турцыі, яго першы візіт туды адбыўся ў 1996 годзе, яшчэ да адкрыцця пасольства ў Анкары. Прэзідэнт Турцыі наведваў Беларусь у 2016 годзе. Кантакты на вышэйшым узроўні развіваюцца за кошт сустрэч на палях міжнародных самітаў, пачынаючы з саміту АБСЕ ў Стамбуле ў 1999 годзе. Апошняя сустрэча такога кшталту адбылася на саміце нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі, што прайшла ў Астане. Акрамя гэтага, паміж Лукашэнкам і Эрдаганам практыкуюцца сазвоны.

Прэзідэнт Турцыі ў ліку першых і нямногіх, хто адразу прызнаў афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія зафіксавалі перамогу Лукашэнкі з лікам у 80% галасоў. Лукашэнка ў даўгу не застаўся і ў той час, калі Турцыя перажывала свае прэзідэнцкія выбары (травень 2023 года), сімпатызаваў Эрдагану і таксама цёпла павіншаваў яго з перамогай.

Ракамор'е

Гандаль з Турцыяй пачынаўся з 8,5 млн долараў у 1992 годзе, а ў 2021-м упершыню пераваліў за 1 млрд «умоўных адзінак». У 2022 годзе вынік паўтарыўся. Гэта ўдвая менш, чым тавараабарот Беларусі і Санкт-Пецярбурга і ў 50 разоў менш, чым тавараабарот з Расіяй, у 5 разоў менш за гандаль з Кітаем, але супастаўна з аб'ёмамі беларускага гандлю з Казахстанам. 


Глядзіце таксама

Пачынаючы з 1994 года, гандлёвы баланс з Турцыяй не на карысць Беларусі. Цалкам магчыма, што па выніках 2023 года аб'ёмы ўзаемнага гандлю ўшчыльную падыдуць да планкі ў 2 млрд. Самавіта, але гэтага ўсё роўна будзе недастаткова, каб кампенсаваць Беларусі згасанне гандлю з Захадам або скласці хоць бы аддаленую альтэрнатыву Расіі. 

У прынцыпе, ў адносінаў з Турцыяй вельмі вялікі патэнцыял, узаемныя інтарэсы ахопліваюць практычна ўсе сферы: ад надзвычайных сітуацый да прамысловай кааперацыі, навукі, адукацыі і ваенна-прамысловага комплексу. Аднак магчымасці іх рэалізацыі ў бягучых умовах выглядаюць сумнеўнымі праз міжнароднае становішча Беларусі. 

За ўвесь час адносінаў у эканоміку Беларусі ўкладзена 1,5 млрд долараў турэцкіх інвестыцый, прычым большая частка гэтых укладанняў ажыццёўлена да 2008 года. Лічба ўсё роўна гучыць як быццам сур'ёзна, але яна ў разы меншая, чым, напрыклад, Турцыя інвеставала ў эканоміку Казахстана. 

Статыстычна цяпер у Беларусі зарэгістраваныя 126 кампаній з турэцкімі інвестыцыямі. Паводле стану на 1 студзеня 2020 года, іх было 130. Для параўнання, на тую ж дату, нягледзячы на зусім розны змест двухбаковых адносінаў, кампаній з літоўскімі інвестыцыямі ў Беларусі было 574, украінскімі — 374, польскімі – 328, латвійскімі — 322, расійскімі — 2391, брытанскімі — 192, германскімі — 306, кітайскімі — 151.

Праўда ў тым, што турэцкі бізнес не спяшаецца ў Беларусь, а ўсё, што на слыху, — укладанні «Турксела», гатэлі «Мінск» і «Crown Plaza», цэнтр забаў «Журавінка» — гэта ўсё справы мінулага, і не без шкілетаў у шафах.

З цікавых праектаў, якія прапрацоўваліся з Турцыяй, вылучаецца ідэя, якая складалася ў тым, каб звязаць Беларусь з Чорным морам і судамі змешанага класа «рака-мора», дастаўляць грузы ў краіны Еўропы, Азіі і Афрыкі і наадварот. Для гэтага планавалася пабудаваць порт на глыбакаводным участку Дняпра ў Брагінскім раёне паблізу Украіны, а таксама ў паглыбленні фарватару ракі на ўчастку ў 103 км ад порта да Кіеўскага вадасховішча.

Турэцкая кампанія, якая праніклася гэтай ідэяй, нават паспела прыдумаць назву для першага карабля («Гомель»), які будзе загружаны ў порце. Планавалася, што грузы забяспечаць Мазырскі НПЗ і «Беларуськалій».

Усё гэта магло стаць часткай яшчэ больш маштабнай задумы — аднаўлення воднага шляху з Балтыйскага ў Чорнае мора праз Беларусь. На рэалізацыю патрабаваліся мільярды, узамен Беларусь магла атрымаць альтэрнатыву Расіі ў плане магчымасцей паставак энергарэсурсаў, а таксама зрабіць таннейшай дастаўку сваіх грузаў. 

Таксама адзін час меркавалася, што Турцыя можа стаць адным з партнёраў па стварэнні Беларускага марскога флоту. Абмяркоўваліся варыянты арэнды і куплі турэцкіх судоў для ЗАТ «Белмарфлот».


Глядзіце таксама

Усё гэтае «ракамор'е» скончылася як сон пасля 2020 года. Пры гэтым значнасць Турцыі для Беларусі з тых часоў толькі ўзрасла, а магчымасці для супрацоўніцтва аб'ектыўна зменшыліся.

Матывы для зайздрасці

Турцыя адносіцца да тых трох з паловай значных краін, з дапамогай якіх афіцыйны Мінск спрабуе выйсці з ценю Расіі, знізіўшы ўзровень сваёй залежнасці. 

Пры гэтым Турцыя стала адным з гандлёвых бенефіцыяраў ад уведзеных супраць Беларусі і Расіі санкцый — і таму што дапамагае іх абыходзіць, зарабляючы на рээкспарце ва ўсе бакі, і таму што замяшчае санкцыйныя тавары і тэхналогіі сваімі.

Турцыя — важны лагістычны партнёр у плане дастаўкі тавараў Беларусі ў краіны «далёкай дугі».

Стамбульскі аэрапорт звязвае Беларусь з краінамі Еўропы і абедзвюх Амерык — іншых варыянтаў дабрацца самалётам у Мінск зусім няшмат (Дубай, Тбілісі, Баку, Астана, але крук яшчэ большы). Пры гэтым Турэцкія авіялініі спынілі палёты ў Мінск з пачаткам вялікай вайны, развязанай Расіяй, але не перасталі лётаць над Беларуссю, у адрозненне ад еўрапейскіх калег.  

Усё гэта і многае іншае дае матэрыял для ўмацавання беларуска-турэцкіх адносінаў, але ёсць сферы, дзе сяброўства застаецца сяброўствам, а тытунец усё роўна паасобку. 

Турцыя — канкурэнт Беларусі ў барацьбе за кітайскі транзіт у Еўропу. Яна ўдзельнічае ў Транскаспійскім калідоры, які звязвае Кітай з Еўропай праз Каспійскае і Чорнае мора. Гэты маршрут уяўляе варыянт абыходу Расіі і Беларусі пры транзіце кітайскіх тавараў у ЕС і таму значны для Еўрасаюза. 

Турцыя — канкурэнт Беларусі ў плане транзіту расійскіх энергарэсурсаў у Еўропу і ў гэтай партыі вядзе з сухім лікам. Расія адводзіць ёй ролю газавага хаба. Прапампоўка расійскага газу праз Беларусь у Еўропу роўная нулю.

Турцыя — канкурэнт Беларусі і ва ўкраіна-расійскім перамоўным працэсе, хоць цяпер прынята лічыць мінскую пляцоўку спісанай у архіў. Да таго, як пераехаць у Стамбул, першыя раўнды перамоў прайшлі менавіта ў Беларусі. Пасля агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны з беларускай тэрыторыі ўявіць сабе магчымасць такіх перамоваў у Беларусі таксама было складана. Афіцыйны Мінск працягвае паўтараць пра сваю міратворчую місію, не лічачыся з «крэдытнай» гісторыяй, Анкара прапануе свае паслугі.


Глядзіце таксама

Турцыя — адзін з канкурэнтаў Беларусі за нішы на расійскім рынку, якія вызваліліся пасля сыходу заходніх кампаній. Прычым, у адрозненне ад Беларусі, Турцыя не абцяжараная санкцыямі і можа настойваць на асаблівых умовах. 

Нарэшце, Турцыі (Эрдагану) сыходзіць з рук тое, за што Беларусь трымаюць пад санкцыямі ў ізгоях. Параўнанне крыху ўтрыраванае, і ўсё-ткі. Турцыя адчувальна апярэджвае Беларусь па колькасці палітвязняў на 100 тысяч насельніцтва. У актуальным «Індэксе свабоды прэсы», які адлюстроўвае свабоду слова і СМІ, абедзве краіны знаходзяцца ў самай праблемнай катэгорыі, але становішча ў Турцыі (165-е месца) горшае, чым у Беларусі (157-е). Пры ўсім пры гэтым адносіны Эрдагана з заходнімі партнёрамі ў цэлым застаюцца цёплымі і канструктыўнымі, чаго не скажаш пра яго беларускага калегу. Гэта, зразумела, не пытанне, па якім паміж Мінскам і Анкарой можа іскрыць. Хутчэй матыў для нечай затоенай зайздрасці. Адсоткаў на 80.