Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка стаміўся, але не сыходзіць
Задача Лукашэнкі — знайсці беларускага Мядзведзева, які будзе сумленна граць сваю ролю. Аднак Лукашэнка нікога не ўспрымае як роўнага сабе.
Лукашэнка сустрэўся з кіраўнікамі чатырох партый, якія засталіся пасля палітычнай зачысткі: КПБ, ЛДП, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і наваяўленай «Белай Русі». Сустрэча прайшла па завядзёнцы: Лукашэнка дае ўказанні, «лідары» з апушчанымі галовамі канспектуюць кожнае ягонае слова.
З 15 палітычных партыяў жыць дазволена толькі чатыром.
Якую ролю і месца адводзіць Лукашэнка «дзяржаўным партыям»? Ці вынесе дзяржава грувасткую піраміду ўлады? Чаму Лукашэнка не будзе дзяліцца ўладай са сваімі паплечнікамі?
Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Партыйная сістэма з лукашэнкаўскімі асаблівасцямі
— Лукашэнка сапраўды надае ўвагу партыйнай сістэме, але з «беларускімі асаблівасцямі». Кіраўнікі чатырох партый былі дапушчаныя да Лукашэнкі, і гэта паказвае, што выбар зроблены на карысць партыйнай сістэмы.
Лукашэнка вызначыўся, што будзе выбудоўвацца эрзац партыйнай сістэмы. Гэта, безумоўна, не савецкая партыйная сістэма, у якой існавала адна партыя. У пэўным сэнсе цяперашняя канфігурацыя нагадвае Расію, дзе ёсць некалькі кішэнных партыяў, якія выкарыстоўваюцца як палітычныя тэхналогіі: яны на 100 адсоткаў кантралююцца Крамлём і не выходзяць за межы, устаноўленыя Крамлём. Галоўную ж ролю там адыгрывае «Адзіная Расія».
Я думаю, Лукашэнка капіруе расійскі партыйны ўзор, дзе будзе яшчэ менш плюралізму. Бо ўсё ж ЛДПР у часы Жырыноўскага або камуністы Зюганава мелі пэўную самастойнасць: яны ведалі, што могуць крытыкаваць, а што чапаць не варта. Такога «плюралізму» ў Беларусі, відаць, не будзе.
Адкуль гэтая сістэма прыйшла ў Расію, з якой яна перакачавала ў Беларусь? Я мяркую, што гаворка ідзе пра партыйную сістэму ГДР, дзе фармальна прысутнічалі некалькі партыяў, якія гулялі ў шматпартыйнасць, хаця ўсім кіравала Сацыялістычная адзіная партыя Германіі (САПГ). Гэты прыклад пабачыў Пуцін, які яшчэ ў 1980-я гады некалькі гадоў пражыў у ГДР, і, магчыма, менавіта ГДРаўскі вопыт і натхніў яго на распрацоўку той сістэмы, якая з’явілася ў Расіі. А ў Беларусі проста вырашылі скапіраваць, адаптаваць расійскі ўзор пад беларускія рэаліі.
Але гэта не палітычнае жыццё, гэта тэхналогіі. Я думаю, што Лукашэнка нават не гатовы пайсці з кішэннымі партыямі так далёка, як пайшоў Пуцін: у камуністаў былі свае губернатары, камуністам дазваляецца крытыкаваць эканамічную палітыку расійскага ўрада, яны не крытыкуюць Пуціна, цалкам адабраюць знешнюю палітыку.
У гэтым сэнсе камуністы не адрозніваюцца ад іншых партыяў, і ў гэтым сэнсе, як кажа Лукашэнка, усе партыі павінны быць дзяржаўнымі. Гэтаму азначэнню — дзяржаўная партыя — расійскія камуністы як галоўная апазіцыйная партыя цалкам адпавядае. Але па шэрагу пытанняў ім дазваляецца крытыкаваць дзейнасць урада. Прычым эканамічную палітыку расійскія камуністы крытыкуюць досыць жорстка. Мне падаецца, Лукашэнка не гатовы пайсці на такі плюралізм і дазволіць нешта падобнае ў Беларусі. Магчыма, ідэі ўзятыя ў Расіі, але імплементацыя будзе з лукашэнкаўскімі асаблівасцямі.
Лукашэнка робіць усё, каб не з’явіліся новыя цэнтры ўлады
— Дзве палаты «парламента», Усебеларускі народны сход, прэзідэнт плюс яшчэ партыйная сістэма. Ці не занадта грувасткая мадэль улады выбудоўваецца для краіны з 9-мільённым (калі столькі засталося) насельніцтвам?
— Лукашэнка робіць усё, каб не з’явіліся новыя цэнтры ўлады. У мяне ёсць адчуванне, што Лукашэнка сам стаміўся. Ён стаміўся не ад улады, а стаміўся ад аператыўнага кіравання: яму даводзіцца асабіста ездзіць, вырашаць шматлікія пытанні, умешвацца ў сельскую гаспадарку. Цяпер ён не толькі вучыць свет, як правільна праводзіць сусветную палітыку, але і мусіць займацца канкрэтнымі справамі. Так адбудавана сістэма: ён стаіць на версе піраміды і без яго нікуды.
Мне падаецца, Лукашэнку гэта трохі надакучыла, дакладней, надакучыла ўжо даўно. Таму для сябе ён вырашае адно пытанне: як адысці ад аператыўнага кіравання (ён ніколі не выдзяляўся фанатычнай працаздольнасцю, гэта не той чалавек, які працаваў па 18 гадзінаў на дзень), бо ён хоча адпачыць, пажыць для сябе, хоча часцей гуляць у хакей. Але сістэма мусіць быць такой, каб ён у любы момант мог умяшацца, выправіць памылку, накласці сваё вета.
Ён выпрацоўвае такую квадратуру круга. З аднаго боку, ён больш не хоча займацца дробязямі (з яго пункту гледжання), а з другога — ён не можа аддаць гэтыя паўнамоцтвы іншым, бо баіцца: як толькі нешта выпадзе з ягоных рук, то назад ужо не вернецца, а сістэма можа пасыпацца. Таму Лукашэнка вышуквае мадэль, здольную працаваць, — ідзе мадыфікацыя сістэмы, але яна прынцыпова не зменіцца.
Беларусь чакае перыяд транзіту пад кіраўніцтвам і наглядам Лукашэнкі?
— Калі не здарыцца форс-мажораў, выкліканых унутрыпалітычнымі працэсамі, станам здароўя Лукашэнкі, знешнепалітычнымі працэсамі, то Беларусь чакае перыяд транзіту, калі пачнуць адпускаць новыя інстытуты, будуць глядзець, як яны працуюць у рэжыме ручнога кіравання. А Лукашэнка будзе сачыць за працэсам і «шліфаваць» (чамусьці яму падабаецца гэтае слова) гэтую сістмэму, не выпускаючы ўладу са сваіх рук. То бок, ён будзе кантраляваць і прэзідэнцкую пасаду, і Усебеларускі народны сход. Калі схема з УНС спрацуе, то паступова ён можа сысці з прэзідэнцкай пасады.
На дадзены момант для яго галоўнае пытанне — не парламенцкая кампанія, якая пад поўным кантролем. Яго цікавіць наступная прэзідэнцкая кампанія і пытанне: ісці ці не ісці, заставацца яшчэ колькі гадоў на гэтай пасадзе і адначасова кіраваць УНС (не можа ён заставацца прэзідэнтам і аддаць камусьці УНС). У яго толькі дзве магчымасці: або перасесці ў крэсла кіраўніка УНС і паставіць на прэзідэнта новага, кантраляванага чалавека, альбо заставацца на абедзвюх пасадах і цягнуць усю ўладу аднаасобна. Я думаю, што спачатку ён абярэ другі варыянт: зойме пасаду і прэзідэнта і кіраўніка УНС і будзе глядзець, як сістэма спраўляецца з выклікамі.
Але дылема застанецца: трэба ўжо і сысці, а сыходзіць не хочацца. Дакладней, сысці не можаш, бо не ведаеш, хто прыйдзе на змену.
Мадыфікацыя сістэмы будзе, іншае пытанне: ці будзе яна працаваць, ці задаволіць яна Лукашэнку. Памятаеце, як кампартыя часоў Гарбачова (???) будавала новы шлях, новыя дасягненні, якія ў выніку з трэскам праваліліся? Магчыма, тое ж чакае і мадыфікаваную палітычную сістэму.
Лукашэнка баіцца паўтарыць лёс Мілошавіча
— То-бок заўвага пра змену пакаленняў — не пра Лукашэнку?
— Змена пакаленняў ва ўладзе — гэта сур’ёзна. Лукашэнка добра ведае ўласны стан здароўя, думаю, яму ўсё цяжэй і цяжэй працаваць, і колькі б ні гаварылі пра «выдатную форму», здароўя ад гэтага не прыбавіцца. Лукашэнка разумее, што трэба рыхтаваць змену. Можа здарыцца што заўгодна — і тады ён проста не зможа выконваць абавязкі, і сістэма пасыплецца.
Лукашэнка кадры рыхтуе. Але праблема з даверам. Бо ён заўсёды ацэньвае іншых людзей па сабе: як ён прыходзіў да ўлады. Як распраўляўся з тымі, хто яму дапамог прыйсці да ўлады. Ён ведае, наколькі ён сам быў ненадзейны — і праецыруе свае рысы на іншых: калі ён такі, то чаму астатнія павінны быць іншымі?
Нават тыя, хто аддана глядзіць яму ў рот і паўтарае за ім кожнае слова зараз, працуе над стварэннем яго культу, тыя ж людзі, у выпадку нейкіх зменаў, зробяць Лукашэнку казлом адпушчэння. Гэта праблема ўсіх дыктатураў: трэба нешта мяняць, трэба сыходзіць, трэба перадаваць уладу — але ты не можаш гэтага зрабіць.
Але ж Лукашэнка сам сябе давёў да сітуацыі, калі не можа быць ганаровым пенсіянерам, сядзець у шыкоўнай рэзідэнцыі, катацца на роліках ці гуляць у хакей — ён пазбавіў сябе такой магчымасці. Як толькі ён сыдзе на ганаровую пенсію — у яго могуць пачацца праблемы. І сур’ёзныя праблемы. Ніхто ж не ведае, хто прыйдзе да ўлады, а спакуса абвінаваціць Лукашэнку ва ўсіх смяротных грахах і перадаць яго, умоўна кажучы, у Гаагу будзе толькі нарастаць. Такім чынам можна забіць адразу некалькі зайцоў: палепшыць стасункі з Захадам, адмыцца ад лукашызму.
І гістарычныя прыклады ёсць. З ягоным сябрам Мілошавічам так і адбылося: новыя сербскія ўлады разумелі, што Мілошавіча хочуць судзіць як ваеннага злачынцу; і пазбавіцца ад Мілошавіча вельмі выгадна. З аднаго боку, ты ліквідуеш палітычнага канкурэнта, з другога — адным махам паляпшаем стасункі з заходнімі краінамі. Так з Мілошавічам і зрабілі.
Сёння, улічваючы характар стасункаў з Еўрапейскім Саюзам, ступень непрымальнасці Лукашэнкі на захадзе, любая наступная ўлада, нават калі яна вырасце з нетраў лукашэнкаўскага рэжыму, палічыць за лепшае пазбавіцца ад яго. Асабліва калі Лукашэнка будзе «смотрящим» у гэтай сістэме, увесь час будзе ўмешвацца, будзе спрабаваць узяць усю паўнату ўлады ў свае рукі, спакуса пазбавіцца ад яго будзе надзвычай вялікая. Таму яму катастрафічна нельга выпускаць уладу са сваіх рук: як толькі ён пачне губляць уладу, то яму давядзўецца вельмі складана.
А быць «смотрящим» вельмі цяжка. У свой час Піначэт спрабаваў быць «смотрящим» — у яго не атрымалася. Лукашэнка навучаны чужым вопытам і пастараецца не выпускаць уладу з рук.
— Падобна, што Лукашэнка паўтарае шлях Назарбаева?
— Думаю, што не паўтарае, якраз робіць усё, каб не паўтарыць памылкі Назарбаева. Назарбаеў выпусціў рэальную ўладу з рук, што закончылася для яго вельмі сумна. Як толькі Назарбаеў убачыў, што ўлада сыходзіць з ягоных рук, і пачынаюцца працэсы, якія яму зусім не падабаюцца, ён паспарбаваў узяць рэванш, зрынуць Такаева і зноў вярнуцца ва ўладу. Але Назарбаеў ужо страціў кантроль і рычагі ўплыву. Думаю, што Лукашэнка гэтага не дапусціць. Але яму давядзецца вельмі складана з падборам кадраў.
Задача Лукашэнкі — знайсці беларускага Мядзведзева, які будзе сумленна граць сваю ролю. Не цяперашняга Мядзведзева, а ранейшага. Калі ў свой час у Мядзведзева з Пуціным быў своеасаблівы тандэм, прынамсі, фармальна выступалі як роўныя, то ў беларускай сістэме роўных у прынцыпе быць не можа. Любы наступны прэзідэнт павінен будзе глядзець на Лукашэнку знізу ўверх.
Вельмі складана адысці ад ўлады ў сістэме, якая цалкам пабудавана на ўладзе аднаго чалавека, за якім заўсёды застаецца апошняе слова, і пры гэтым не разбурыць сістэму. Лукашэнка гэтую праблему зараз і спрабуе вырашыць: ён яе мадыфікуе ў надзеі, што не разбурыць. Але час пакажа яе жыццяздольнасць: верагодна, што цяперашнімі «рэформамі» ён капае яму для сістэмы.