Класкоўскі: Архітэктар рэжыму вырашыць заняць яшчэ адно крэсла
Палітычныя партыі, якія засталіся ў краіне пасля так званай перарэгістрацыі, — не больш чым імітацыя палітычнага жыцця, а парламенцкія выбары — насамрэч нікому не патрэбная працэдура ў цалкам персаналісцкім рэжыме. І гэта разумеюць усе ўдзельнікі фарсу.
![Ілюстрацыйная выява: Midjourney Ілюстрацыйная выява: Midjourney](/img/v1/images/2_590.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйная выява: Midjourney
«Мы не ўзнаўляем КПСС, не будуем партыю ўлады», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі палітычных партый 10 лістапада. Прэзідэнцкую ж форму кіравання ў Беларусі, паводле яго слоў, людзі павінны «не проста разумець, а прымаць як аксіёму». Карацей, ён сам сабе КПСС.
Калі прапрэзідэнцкае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь» у лютым атрымала нарэшце адмашку на пераўтварэнне ў партыю, многія СМІ застракацелі загалоўкамі, што, маўляў, ствараецца партыя ўлады. Насамрэч Лукашэнка не той чалавек,каб дзяліцца рэальнымі палітычнымі паўнамоцтвамі нават з партыйнымі функцыянерамі, якія аддана глядзяць у вочы, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».
Вось і на сённяшняй сустрэчы ён падкрэсліў: «Што тычыцца майго стаўлення да партый, кіраўнікі якіх тут прысутнічаюць, — для мяне вы ўсе роўныя». Што на справе азначае: усе будзеце на пабягушках.
Больш надзейна ўсё трымаць у адным жалезным кулаку
У дэмакратычных краінах партыі ствараюцца для барацьбы за ўладу — у гэтым, уласна, іх сутнасць. У ЗША, напрыклад, з пераменным поспехам ідзе барацьба паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі, зыход якой можа сур'ёзна паўплываць на ўнутраную і знешнюю палітыку Вашынгтона.
Бываюць і аўтарытарныя, нават таталітарныя рэжымы з кіруючай партыяй. Іосіф Сталін некалі напісаў, што камуністы — «свайго кшталту ордэн мечаносцаў унутры дзяржавы савецкай». У брэжнеўскай Канстытуцыі КПСС назвалі «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства». І сапраўды, у СССР усім запраўляла партнаменклатура.
Лукашэнка — чалавек, улюблёны ў савецкія парадкі. Але ён як гісторык напэўна памятае, што ў 1964 годзе пленум ЦК КПСС зняў генеральнага сакратара Мікіту Хрушчова — фактычна, гэта была змова партыйнай вярхушкі супраць правадыра. Іншы генеральны сакратар — Леанід Брэжнеў — ставіў на галасаванне Палітбюро пытанне, ці ўводзіць войскі ў Афганістан (Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, не разводзіў антымоній, ці падтрымліваць расійскую агрэсію супраць Украіны).
Глядзіце таксама
![«У нас могуць быць толькі дзве партыі: адна пры ўладзе, другая — у турме» Чаму Лукашэнка не хоча, каб ягоная дыктатура стала партыйнай?](/img/v1/images/ydngn8z7na1jn48abcqj5akhigaj28yb.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Увогуле, у савецкіх камуністаў была нейкая ўнутрыпартыйная дэмакратыя. Першы ж прэзідэнт Беларусі фактычна зрабіў сябе самадзержцам. Яму аніякія палітбюро, што блытаюцца пад нагамі, не патрэбныя. У краіне створаны ярка выражаны персаналісцкі рэжым.
Так, і Лукашэнка выдатна памятае апошнія гады СССР, калі КПСС страціла ўсялякі аўтарытэт, многія яе члены дэманстратыўна спальвалі партбілеты, функцыянеры баяліся высунуцца на мітынгах (іх свістам зганялі з трыбун). І калі ў Белавежскай пушчы вузкім колам было абвешчана пра спыненне існавання СССР, ніхто з мільёнаў камуністаў не рвануўся абараняць ўмомант «адмененую» звышдзяржаву. А многія сталі шчырымі «перабудоўшчыкамі».
Так што Лукашэнка напэўна зрабіў выснову: лепш самому трымаць усю ўладу ў жалезным кулаку, не ладзіць гульняў у плюралізм, каб не паўтарыць лёс «слабака» Міхаіла Гарбачова.
Думка, што ўлада можа памяняцца на выбарах, не дапускаецца
На сённяшняй сустрэчы кіраўнік рэжыму заявіў, што партыі павінны стаць памочнікамі ўлады ў тлумачэнні, прасоўванні і ўдзеле ў прымаемых рашэннях.
Памочнікамі ўлады! Гэта значыць, улада трактуецца як нешта непарушнае, вечнае, святое. Што яна можа змяняцца на выбарах, выключаецца. Больш за тое, на практыцы гэтая ідэя крыміналізаваная. Хочаш змены ўлады, палітычнага курсу — ты «экстрэміст», а то і «тэрарыст».
«Прызначэнне партый — не змагацца з дзяржавай, а канкураваць паміж сабой на ўзроўні праектаў, заканадаўчых ініцыятыў», — тэарэтызуе Лукашэнка. Тут у наяўнасці падтасоўка: кіруючы рэжым атаясамліваецца з дзяржавай як такой, прытым што ў нармальных дэмакратыях ад змены каманд ва ўладзе дзяржава не руйнуецца, а толькі лепш выконвае свае функцыі.
Пры гэтым нядаўна Лукашэнка і яго прапаганда віталі поспех апазіцыйнай кааліцыі на парламенцкіх выбарах у Польшчы, спадзеючыся, што з яе новым урадам удасца «зварыць кашу». То-бок, калі ў заходніх суседзяў перамагае апазіцыя (інакш кажучы, працуе дэмакратыя), гэта добра. А вось калі ў Беларусі апазіцыя (а ў 2020-м — і цалкам велізарная частка народа) спрабуе заявіць пра свае правы — гэта ворагі дзяржавы, якіх варта заганяць пад плінтус, даймаць пад корань (варыянт — выпхнуць за мяжу, хай там цешацца выбарамі ў свае эмігранцкія структуры).
Глядзіце таксама
![Шрайбман: «Рух Лукашэнкі да таталітарызму — гэта вяртанне рэжыму да сваёй палітычнай ДНК» Шрайбман: «Рух Лукашэнкі да таталітарызму — гэта вяртанне рэжыму да сваёй палітычнай ДНК»](/img/v1/images/c0_1421403304.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Лукашэнка ганарліва заявіў, што падчас перарэгістрацыі, якая прайшла сёлета, «мы ачысцілі партыйнае поле ад дэкаратыўных аб'яднанняў і тых, чыя дзейнасць накіраваная на падрыў асноў канстытуцыйнага ладу нашай краіны». Паводле яго слоў, на працягу доўгага часу «пад шырмай дэмакратычных форм палітычнага ўдзелу» фактычна дзейнічалі «экстрэмісцкія групоўкі» ў мэтах падрыву дзяржаўнасці.
Гэта значыць, дзейнасць апазіцыйных партый, якія апошнім часам сядзелі як мыш пад венікам (ды і ў падзеях 2020-га вялікай ролі не адыгралі), заднім чыслом, па сутнасці, крыміналізуецца. Чаго добрага, пачнуць хапаць і судзіць ужо па самім факце ранейшага сяброўства. Прытым што доўгія гады апазіцыйныя партыі легальна ўдзельнічалі ў электаральных кампаніях, маглі вылучаць сваіх кандыдатаў.
Нават лаялісты не разгуляюцца
Цяпер у легальным полі засталося чатыры партыі. Акрамя «Белай Русі» гэта Камуністычная, Ліберальна-дэмакратычная і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. У кантэксце выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, якія маюць адбыцца ў лютым, Лукашэнка даў настаўленне: «Я ведаю, напярэдадні парламенцкіх выбараў ёсць ініцыятыва з боку кіраўнікоў партый аб вылучэнні людзей, падтрымцы іх і гэтак далей. Я проста вам раю: гэта людзі павінны быць выключна дзяржаўнымі».
Іншымі словамі, партыям загадана вылучаць правераных лаялістаў.
Пры гэтым Лукашэнка не гатовы капіяваць нават досвед Расіі, дзе палова дэпутатаў Дзяржаўнай думы абіраецца па партыйных спісах, ствараюцца парламенцкія фракцыі. Прынятая летась Канстытуцыя Беларусі захоўвае мажарытарную сістэму парламенцкіх выбараў, якая не спрыяе развіццю партый.
Глядзіце таксама
![Валерый Карбалевіч: Партыя «Белая Русь» для Лукашэнкі — чамадан без ручкі Партыя «Белая Русь»: Палітычны экспэрымэнт зь няпэўнымі наступствамі](/img/v1/images/dom_urada_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Для іх таксама няма квоты ў складзе так званага «Усебеларускага народнага сходу» (УНС), прытым што для дэлегатаў ад «грамадзянскай супольнасці» (гэта значыць кішэнных «грамадскіх аб'яднанняў») там вылучаюць 400 месцаў.
Як бачым, асабліва разгуляцца нават наскрозь лаяльным партыям кіраўнік не дасць. Ён стварыў па-свойму дасканалую сістэму асабістай улады і размываць, драбіць яе не мае намеру. Ага, толькі дай кавалачак — яшчэ спадабаецца.
Апафеоз самадзяржаўя: чым скончыцца беларускі эксперымент?
Хоць варта заўважыць, што пераробка Канстытуцыі з рэзкім узмацненнем паўнамоцтваў УНС — пэўны выклік для гэтай сістэмы, які мае рызыкі ўзнікнення ў нейкай крызіснай сітуацыі двоеўладдзя.
Лукашэнка, падобна, быў вымушаны, насуперак свайму кансерватызму, пайсці на гэтую навацыю, калі Масква, устрывожаная размахам пратэстаў 2020 года, падштурхоўвала да транзіту ўлады. Цяпер сітуацыя ў краіне зацэментаваная, кіраўнік, мяркуючы з усяго, не гарыць ідэяй транзіту, але пятае кола ў возе, паводле новага Асноўнага закона, давядзецца ствараць.
Хутчэй за ўсё, архітэктар рэжыму вырашыць калізію праз заняцце яшчэ аднаго крэсла — старшыні УНС — і пастараецца ўтрымліваць ўсе рычагі праўлення ў сваіх руках да апошняй магчымасці. А лаяльным партыям наканавана выконваць ролю «прынясі-падай»: за кошт іх членаў будуць імітаваць нейкую разнастайнасць у выбарчых камісіях (заўсёды гатовых выдаць на-гара патрэбную арыфметыку) і да т. п.
Так, Лукашэнка можа ўпівацца апафеозам самадзяржаўя. Праўда, паліталогія абвяшчае, што персаналісцкія рэжымы часта распадаюцца пасля смерці правадыра. Аднак чым чорт не жартуе — раптам атрымаецца перадаць уладу ў спадчыну, як гэта адбылося ў Азербайджане?
Раней эксперты паўтаралі, што ў цэнтры Еўропы гэта немагчыма, што беларусы гэтага не прымуць. Але хто іх цяпер пытаецца? Рэжым у геаграфічным цэнтры Старога Свету пасля 2020 года цалкам упэўнена асвойвае практыкі таталітарызму і Сярэднявечча.
Глядзіце таксама
![Лукашэнка сыдзе ва УНС — і для гэтага падрыхтаваў сабе новую рэзідэнцыю? Карбалевіч: Лукашэнка вызначыў для сябе пасаду](/img/v1/images/fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas9_logo_1_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Калі і як скончыцца гэты трагічны эксперымент, прадказаць немагчыма. У беларускім выпадку ён можа скончыцца і проста стратай незалежнасці, паколькі аўтакрат, ратуючы сваю ўладу, жорстка прывязаў краіну да імперыі.
Лукашэнка шмат гадоў вядзе з Расіяй авантурную, лёсавызначальную для сябе гульню, каб захаваць уладу на, як ён гаворыць, «шматку зямлі». І ўжо ўнутры сваёй сістэмы ён нават абмежаваных палітычных гульняў не дапусціць: няма чаго хістаць трон!
Вось гэтую аксіёму кіраўнік і даносіў сёння кіраўнікам партый. Зрэшты, запрошаныя і самі гэтую фішку падсякаюць, інакш бы іх структуры не ўвайшлі ва ўхвалены Мінюстам набор палітычных манекенаў.