Турарбекава: Кішэнныя партыі хаваюць за сабой абсалютную дыктатуру

Падрыхтоўка да парламенцкіх выбараў — гэта імітацыя, шырма, упэўненая незалежная экспертка Роза Турарбекава. І гэта шырма павінна схаваць галоўнае: трансфармацыю рэжыму ў абсалютную дыктатуру.

Лукашэнка жыве ва ўласна ім прыдуманай гісторыі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Лукашэнка жыве ва ўласна ім прыдуманай гісторыі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь — гэта маладая дзяржава, а абраная мадэль кіравання краінай — прэзідэнцкая рэспубліка — аптымальная для беларускага грамадства з улікам гістарычных традыцый і геапалітычнага становішча. Паводле яго слоў, людзі павінны гэта не проста разумець, а прыняць як аксіёму.

— Калі ён кажа пра Беларусь, пра беларускі народ, падобна, што ён кажа пра сябе, — каментуе ў інтэрв'ю «Еўрарадыё» палітолаг і гісторык Роза Турарбекава. — Формула абсалютызму «дзяржава — гэта я» выдатна бачная на прыкладзе прамоваў Лукашэнкі

Што тычыцца той «зачысткі», якая адбылася ў дачыненні да палітычных партый Беларусі, цалкам відавочна, што гэта такі апдэйт аўтарытарызму ў больш жорсткую форму дыктатуры. Хтосьці кажа —  у таталітарную, хтосьці — у паўтаталітарную дзяржаву, цытуе словы эксперткі «Салідарнасць».

Але самае важнае тут нават не фармальныя прыкметы таго, які рэжым, а якасная характарыстыка — што менавіта спецыфічна ў Беларусі: былі прыбраныя ўсе партыі, якія выступалі за незалежнасць краіны.

Акрамя дэмакратычных інстытутаў, акрамя настойвання на еўрапейскай магчымасці, перспектыве, самае галоўнае, што ўсе гэтыя партыі ў першую чаргу ставілі ў аснову і самай галоўнай каштоўнасцю лічылі незалежнасць Беларусі, таму яны ўсе былі разбураны, знішчаны.

Лукашэнка выдатна ведае, што ён цяпер ставіць пад пагрозу пытанне аб суверэнітэце, незалежнасці Беларусі, але пры гэтым робіць выгляд, што працягвае будаваць незалежную дзяржаву.

Дарэчы, між іншым, трэба паглядзець з пункту гледжання кантэнт-аналізу, як часта ён выкарыстоўвае цяпер гэты тэрмін — «незалежнасць». Хутчэй за ўсё, вельмі рэдка.


Глядзіце таксама

Што тычыцца тых партый, якія засталіся, яны маюць альбо аналаг, альбо блізкія да расійскіх партый, але пры гэтым не значыць, што гэта адно і тое ж. Такія партыі не з'яўляюцца адвакатамі незалежнасці Беларусі. Яны абсалютна лаяльныя Лукашэнку. Гэта нават не партыі палітычныя, а такія квазіпартыі, у якіх сваё палітычнае крэда, магчыма, і ёсць, але яны не маюць аніякіх шанцаў яго адстойваць.

Гэта ўсё імітацыя, шырма. За гэтай шырмай стаіць самае галоўнае — гэта не проста суперпрэзідэнцкая рэспубліка цяпер, гэта абсалютная дыктатура.

Усе гэтыя элементы становяцца ўсё больш і больш дэкаратыўнымі. Яны адлюстроўваюць перадусім настрой думак у галаве ў Лукашэнкі. Пад гістарычнымі традыцыямі ён мае на ўвазе што? Бальшавіцкі тэрор? Савецкі Саюз?


Глядзіце таксама

Роза Турарбекава падкрэслівае: праблема Лукашэнкі — у яго цемрашальстве і звычцы выдаваць жаданае за сапраўднае.

— Пад гістарычнымі традыцыямі ў яго ідзе камбінацыя карціны свету, дзе на першым месцы выступае Савецкі Саюз з яго 70-гадовай гісторыяй. З пункту гледжання гісторыі, гэта нішто на фоне папярэдняга досведу знаходжання ў Расійскай імперыі ў якасці нікога і да гэтага стагоддзя знаходжання беларусаў у Рэчы Паспалітай і ВКЛ, дзе ў продкаў беларусаў была нейкая гістарычная палітычная традыцыя. Ён кажа пра сваю ўласную выдуманую гісторыю.