«Ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій». Еўрасаюз пракаментаваў «рэферэндум» у Беларусі
Еўрасаюз лічыць, што канстытуцыйны «рэферэндум» у Беларусі прайшоў ва ўмовах паўсюдных парушэнняў правоў чалавека і жорсткіх рэпрэсій супраць усіх слаёў беларускага грамадства. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля.
«Прастора для сапраўднага грамадскага абмеркавання цалкам закрытая, шырока выкарыстоўваецца наўмысная дэзінфармацыя. Акрамя таго, вялізная колькасць беларускіх грамадзян была вымушаная пакінуць краіну», — гаворыцца ў заяве.
Жазэп Барэль лічыць, што гэта не тыя ўмовы, якія неабходныя для дэмакратычнага працэсу перагляду Канстытуцыі.
«Больш за тое, мы былі сведкамі масавых фальсіфікацый на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, і нішто не паказвае на паляпшэнне выбарчай сістэмы», — дадаў ён.
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі нагадаў пра прамежкавую справаздачу Венецыянскай камісіі, у якой гаворыцца пра тое, што прапанаваныя змены ў Канстытуцыю «даюць Лукашэнку дадатковыя інструменты для далейшага ўмацавання сваёй улады».
«Акрамя таго, яшчэ адной трывожнай акалічнасцю з’яўляецца выдаленне спасылкі ў артыкуле 18 на няядзерны статус Беларусі. ЕС самым рашучым чынам асуджае дачыненне Беларусі да агрэсіі супраць Украіны, якая працягваецца, і мы будзем рабіць захады ў дачыненні да тых у Беларусі, хто супрацоўнічае з расійскай ваеннай агрэсіяй супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве Барэля.
Зазначаецца, што ЕС працягне актыўную падтрымку пабудовы незалежнай, суверэннай і дэмакратычнай Беларусі.
У Беларусі 27 лютага прайшоў так званы «рэферэндум» па зменах у Канстытуцыю. У бюлетэні было толькі адно пытанне: «Ці прымаеце Вы змены і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь?» Варыянтаў адказу было два: «за» і «супраць».
Паводле папярэдніх звестак ЦВК, за змены ў Канстытуцыю нібыта выказаліся 82,86% выбаршчыкаў. У дзень «рэферэндуму» ў Беларусі затрымалі каля 800 чалавек, у тым ліку — на выбарчых участках.