Старшыня Еўракамісіі: Украіна павінна ўступіць у ЕС
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у інтэрв'ю Euronews сказала, што Украіну хочуць бачыць у еўрапейскай сям'і.
Старшыня Еўракамісіі распавяла пра санкцыі, уведзеныя супраць Расіі за напад на Украіну: ад фінансавых, напрыклад, адлучэння некаторых расійскіх банкаў ад сістэмы SWIFT, да замарожвання актываў расійскага Цэнтрабанка. Пад санкцыі падпадаюць і фізічныя асобы. Упершыню Еўрасаюз дае ваеннае абсталяванне Украіне — краіне, якая знаходзіцца пад ударам у гэтым канфлікце. ТАксама ў ЕС вырашылі закрыць паветраную прастору для ўсіх расійскіх самалётаў і забараніць Russia today і Sputnik, паколькі яны — частка прапагандысцкай машыны Крамля.
Таксама пашыраюцца санкцыі ў дачыненні да Беларусі, сказала Урсула фон дэр Ляен.
— Па сутнасці, гэта люстраны адбітак тых санкцый, якія мы ўвялі супраць Расіі. Неабходна пераканацца, каб у іх не было ніякай магчымасці абысці іх, — сказала яна.
Чыноўніца зазначыла, што Украіна ўдзельнічае ў некаторых еўрапейскіх працэсах, напрыклад, у інтэграцыі ўкраінскага рынку ў адзіны рынак ЕС.
— Мы вельмі цесна супрацоўнічаем, напрыклад, у энергетыцы, у іншых абласцях. З часам Украіна павінна ўступіць у ЕС, гэтая краіна — адна з нас, і мы хочам бачыць яе ў еўрапейскай сям'і.