Антываенны пратэст у цэнтры Нью-Ёрка (фота)

У нядзелю, 27-га лютага, пры падтрымцы Беларускай асветніцкай Лігі Амерыкі, у цэнтры Нью-Ёрка прайшлі маштабныя акцыі пратэсту супраць расійскай агрэсіі.

20220227_154924.jpg

Прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцяў сабраліся ў Манхэтэне ля Расійскага Консульства, каб выказаць сваё абурэнне развязваннем вайны ва Украіне і акупацыяй Беларусі.


Ад Консульства ўдзельнікі маніфестацыі прайшлі маршам да будынку ААН. У калоне маршыруючых, акрамя амерыканцаў, былі ўкраінцы, беларусы, грузіны, казахі, літоўцы, латышы, палякі, азербайджанцы і нават расіяне. Акцыя суправаджалася выкананнем гімна Украіны, песень беларускіх гуртоў і агучваннем папулярных лозунгаў.


Характэрна, што ў адказ на запыт спецыяльнага дазволу на правядзенне гэтага мерапрыемства ў мясцовым паліцэйскім участку арганізатарам адказалі: “Не варта турбавацца, гэта ваша законнае права выказаць сваё меркаванне”. У той час як, напрыклад, у Беларусі, у той жа самы дзень за ўдзел у антываенных пратэстах былі арыштаваныя звыш 500 чалавек.
Аўтары здымкаў: Дзяніс Саклакоў, Віктар Дудараў і іншыя ўдзельнікі акцыі.