Навіны дня. Чацвёрты дзень змагання Украіны з захопнікамі, рэферэндум у Беларусі, акцыі супраць вайны

Падводзім вынікі чацвёртага дня расійскай агрэсіі і распавядаем пра галоўныя навіны Беларусі.

org_wrlu556.jpg


Пад завяршэнне свайго «бацькоўства» беларускі дыктатар уцягнуў Беларусь у вайну, і не проста ўцягнуў, але зрабіў з «мірнай» і «партызанскай» Беларусі агрэсарку — распачынальніцу вайны. Так ужо запісана ў гісторыі, разважае Уладзіслаў Гарбацкі.

Украіна закрыла ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, прэзідэнт Уладзімір Зяленскіабвясціў аб стварэнні новага падраздзялення — Міжнароднага легіёна тэрытарыяльнай абароны Украіны. Ён будзе ўкамплектаваны замежнікамі, якія жадаюць прыняць удзел у адбіцці расійскай агрэсіі.

У той жа час Зяленскі пагадзіўся на перамовы з Расіяй на беларускай мяжы. Не чакаючы ад размовы прарыву, ён лічыць, што варта паспрабаваць.

Пра ўсё гэта і шмат чаго іншага можна прачытаць у нашым анлайне.

У Беларусі прайшоў рэферэндум, і шмат выбаршчыкаў вырашылі выкарыстаць яго, каб сказаць “Не” вайне Расіі супраць Украіны. Падаецца, што вынікі рэферэндуму нікога не цікавяць, і тое, што ў ходзе галасавання адбываліся татальныя парушэнні, нікога не хвалюе.

Затое ўсіх хвалюе вайна. Святлана Ціханоўскаязаклікала беларусаў выходзіць на антываенныя пратэсты. Агульным месцам збору ў Мінску быў абвешчаны Генштаб Міністэрства абароны. І людзі — выйшлі. Канечне ж, не абышлося без затрыманняў, тым не менш акцыі былі відовішчнымі, як перад прэзідэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020-га.

Кіберпартызаны паведамілі пра ўзлом камп'ютарнай сеткі Беларускай чыгункі, каб запаволіць перасоўванне ваеннай тэхнікі ва Украіну. Яны паабяцалі, што гэта не створыць аварый.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што на Беларусь будзе пашырана частка санкцый, уведзеных раней супраць Расіі. Можа быць, і беларускія банкі адключаць ад сістэмы SWIFT?