Венецыянская камісія: Змены ў беларускай Канстытуцыі парушаюць дэмакратычныя прынцыпы
Эксперты Венецыянскай камісіі апублікавалі заключэнне адносна адпаведнасці нядаўняй канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі стандартам Савета Еўропы.
![177533ac9089bd51677b3d93405bf.jpeg 177533ac9089bd51677b3d93405bf.jpeg](/img/v1/images/177533ac9089bd51677b3d93405bf.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Эксперты Савета Еўропы па канстытуцыйным праве прыйшлі да высновы, што канстытуцыйныя папраўкі, ухваленыя на рэферэндуме 27 лютага 2022 года, былі прыняты з ігнараваннем асноўных дэмакратычных прынцыпаў. Венецыянская камісія заяўляе, што гэтыя змены не ў стане выправіць моцны дысбаланс улад і нават пагаршаюць яго, што спрыяе функцыянаванню аўтарытарнага рэжыму.
«Улічваючы шматлікія працэдурныя і структурныя недахопы канстытуцыйнай рэформы, комплексны перагляд усёй Канстытуцыі ўяўляецца неабходным пры ўмове аднаўлення ўмоў для свабодных і плюралістычных грамадскіх дэбатаў і справядлівага выказвання народнай волі», — гаворыцца ў заяве Венецыянскай камісіі.
Еўрапейскія эксперты лічаць, што праект Канстытуцыі, распрацаваны Офісам Святланы Ціханоўскай, уяўляе сабой больш збалансаваны погляд на прынцып падзелу ўлад: перавага аддаецца парламенцкаму рэжыму з захаваннем некаторых паўнамоцтваў прэзідэнта; прапановы Офіса па судовай сістэме адпавядаюць рэкамендацыям Венецыянскай камісіі.
Таксама ў заяве сказана, што праведзены рэферэндум не мае ніякай легітымнасці, на што дадаткова ўказвае актыўны ўдзел беларускіх улад у расійскай агрэсіі ва Украіне, якая пачалася за некалькі дзён да рэферэндуму.
Несуцяшальныя высновы робіць Венецыянская камісія і адносна саміх паправак. На думку экспертаў па канстутыцыйным праве, унесеныя змены выклікаюць супярэчнасці. Напрыклад, некаторыя «агульныя палажэнні»: прынцып дэмакратыі змяшчаецца ў рамкі «ідэалогіі беларускай дзяржавы» з абавязковай «гістарычнай палітыкай». Аднак што такое «ідэалогія» і «гістарычная праўда», Канстытуцыя не тлумачыць, таму гэтыя палажэнні могуць быць выкарыстаны ў якасці інструмента абмежавання дэмакратычных свабод — у прыватнасці, падрываюць свабоду даследаванняў і выказвання меркаванняў.
Новыя папраўкі ў цэлым адкрываюць магчымасць для адвольных абмежаванняў ажыццяўлення асноўных правоў і свабод. «На жаль, нягледзячы на праваабарончы дыскурс у папраўках да гэтай часткі Канстытуцыі, смяротнае пакаранне не была адменена», — канстатуе Венецыянская камісія.
Сярод іншых крытычных момантаў — поўная забарона на замежнае фінансаванне выбарчых кампаній, што можа мець практычныя наступствы для апазіцыі, якая была вымушана пакінуць краіну. Акрамя таго, незалежнасць і бесстароннасць выбарчых органаў не былі належным чынам забяспечаныя.
Што тычыцца інстытуцыйнай структуры і падзелу ўлад, папраўкі захоўваюць празмерна вялікую ўладу цяперашняга прэзідэнта адносна іншых дзяржаўных органаў. Склад новага канстытуцыйнага органа, Усебеларускага народнага сходу, незразумелы, і яго шырокія паўнамоцтвы перакрываюць кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў. «Яго галоўнай мэтай, відаць, з'яўляецца захаванне ва ўладзе цяперашняга прэзідэнта краіны і яго атачэння назаўжды, што робіць гэта несумяшчальным з дэмакратычнымі каштоўнасцямі, замацаванымі Саветам Еўропы», — папярэджвае камісія.
Змены ў працы парламента, унесеныя папраўкамі, не маюць істотнага значэння і не ў стане выправіць дысбаланс паўнамоцтваў у дачыненні да прэзідэнта, прыходзяць да высновы эксперты.