Азбука паліталогіі: Час разнастайнасці ідэалогій скончыўся!

Быў час, калі пра беларускі сацыяльны кантракт — «дзяржава не ўмешваецца ў асабістыя справы грамадзян, а грамадзяне не ўмешваюцца ў палітыку» — не разважаў хіба што зусім лянівы. А сярод апазіцыйных аналітыкаў лайдакоў можна было сустрэць нячаста.

Ілюстрацыйная выява. Створана з дапамогай нейрасеткі midjourney

Ілюстрацыйная выява. Створана з дапамогай нейрасеткі midjourney


Пасля жніўня 2020 года жыццё паставіла крыж на такога кшталту развагах. Ва ўсялякім разе, так здавалася многім. Выспятак, які 24 лютага «наша Расія» дала сама сабе, а заадно і заснавальніку Саюзнай дзяржавы, надаў сацыяльна-палітычным працэсам такое паскарэнне, што толькі паспявай ухіляцца. Афармленне ж любых кантрактных адносін не любіць мітусні.
Згадаем трэці закон Ньютана: дзеянню заўсёды знаходзіцца роўная і супрацьлеглая сіла процідзеяння. І падобна да таго, што ўсялякая крайнасць пачынае спараджаць попыт на сваю супрацьлегласць. Заставацца доўгі час ва ўзбуджаным стане і асобнаму чалавеку, і грамадству ў цэлым немагчыма. У прыватнасці, ёсць свой мабілізацыйны рэсурс і ў запалохвання беларускіх абывацеляў войскамі NАТО, сканцэнтраванымі ўздоўж польска-беларускай мяжы.
Як тут ні прыгадаць апавяданне Чэхава «Перасаліў». Тым, хто не мае звычкі перачытваць літаратурную класіку, рэкамендую паглядзець на YouTube аднайменны мультфільм.
Калі меркаваць паводле фрагменту выступу на патрыятычным форуме «Гэта НАША гісторыя», згаданая вышэй праблема ў Палацы Незалежнасці таксама ўсведамляецца: «Вы жывяце ціхім спакойным жыццём, нацэленыя ў будучыню, гадуеце дзяцей, вырошчваеце хлеб для таго, каб можна было іх накарміць. Ёсць каму займацца палітыкай і вялікай гісторыяй» (17.09.2022).
Ёсць-ёсць! Хто б сумняваўся. Але як і музыка, якую, калі верыць Міхаілу Глінку, складае народ, а кампазітары толькі аранжыруюць, творцам вялікай гісторыі, не кажучы ўжо пра бягучую палітыку, з'яўляецца зноў жа народ.Канкрэтныя рашэнні, зразумела, прымаюць палітыкі, але канчатковы вынік наўпрост залежыць ад жадання і гатоўнасці народа рашэнні палітыкаў рэалізоўваць. З доказам гэтай азбукавай ісціны кожны ахвочы можа азнаёміцца на прыкладзе мабілізацыйнай кампаніі, абвешчанай у Расіі 21 верасня.

Дзяржава і народ

Калі верыць Вікіпедыі, пад мастацтвам звычайна маюць на ўвазе вобразнае асэнсаванне рэчаіснасці. Такім чынам, для таго, каб зразумець палітычныя тонкасці, не абавязкова чытаць перад сном Макса Вебера і Самюэля Хантынгтана. Дастаткова звярнуцца да Міхаіла Жванецкага:
— У нас дзяржава рабочых і сялян, — кажа дзяржава.— А як жа, — адказвае народ, — натуральна! — І адкручвае, адвінчвае, адломвае.— Усё, што дзяржаўнае, — тое тваё.— А як жа — натуральна, — кажа народ. — Гэта так натуральна… — І адкручвае, адвінчвае, адломвае.<…>— І ты ведаеш, мне здаецца, толькі ў дзяржаўных сталовых самая якасць. Яна?— Яна, — цвёрда кажа народ і паварочвае за рог з мяшкамі.— Куды ж ты? — пытаецца дзяржава праз сваю міліцыю.— Ды тут недалёка.— Не зразумела.— Ды тут зусім недалёка. Не звяртайце ўвагу. У вас жа справы. Вунь міжнароднае становішча расце... Не адцягвайцеся на дробязі. Мы тут самі.
Апошні радок з мініяцюры Жванецкага «Дзяржава і народ» — квінтэсенцыя сацыяльнага кантракту: «Дзяржава не ўмешваецца ў асабістыя справы грамадзян, а грамадзяне не ўмешваюцца ў палітыку». Яго паслядоўная рэалізацыя і прывяла да распаду СССР, які Уладзімірам Пуціным быў успрыняты ў якасці «найвялікшай геапалітычнай катастрофы XX стагоддзя».
Вось ужо насмяшыў, дык насмяшыў. Калі б не распад СССР, чым бы займаўся падпалкоўнік КДБ у адстаўцы? Курэй бы на дачы пільнаваў? А сёння? Хочаш — круціся на пілоне ў палацы ў Геленджыку, хочаш — назірай, як гэта робяць прафесіяналкі.
Аднак жа вернемся да фрагмента выступу на патрыятычным форуме. Калі ў краіне палітыкай займаюцца выключна палітыкі, а тым больш — вялікай гісторыяй, то гэта азначае, што палітыкі ў краіне няма.
З гісторыяй — больш складана. Гісторыі не можа не быць. Яна ёсць заўсёды, вось толькі стрэлкі на гістарычных гадзінах у розных народаў паказваюць розны гістарычны час. У адных народаў на гадзінніках — мадэрн, у іншых — постмадэрн, а ёсць і такія, што так і не здолелі выбрацца з Сярэднявечча.

Крок направа, крок налева — ліквідацыя

У Сярэднявеччы палітыкай лічылася тое, што ў нашы дні варта было б назваць «інтрыгамі». Ва ўмовах, калі больш за 90 працэнтаў насельніцтва займалася цяжкай сялянскай працай, прафесійнаму інтрыганству маглі прысвяціць сябе адзінкі.
Для палітыкі патрэбны поліс — гэта значыць, адмысловая форма дзяржаўнага ладу, у якім усе грамадзяне маюць пэўныя правы і абавязкі. Афіны — самы вядомы поліс антычнага свету.
Што разумеецца пад палітыкай у наш час? Тут магчымыя варыянты адказу. Згадаю, напрыклад, варыянт аднаго з бацькоў-заснавальнікаў паліталогіі Макса Вебера: «Гэта паняцце мае надзвычай шырокі сэнс і ахоплівае ўсе віды дзейнасці па самастойнаму кіраўніцтву. Кажуць пра валютную палітыку банкаў, пра дысконтную палітыку Імперскага банка, пра палітыку прафсаюза ў час забастоўкі; можна нават казаць пра школьную палітыку гарадской ці сельскай абшчыны, пра палітыку ўпраўлення, што кіруе карпарацыяй, нарэшце, нават пра палітыку разумнай жонкі, якая імкнецца кіраваць сваім мужам».
Звярніце ўвагу на прыметнік «самастойны». Пра палітыку Імперскага (цэнтральнага) банка можна казаць толькі ў тым выпадку, калі ён усе свае рашэнні прымае самастойна. Аналагічная гісторыя — з прафсаюзамі. У СССР, калі хто забыўся, прафсаюзы выконвалі ролю прывадных рамянёў партыі — і ўжо ў сілу хаця б гэтага былі па-за палітыкай.
Так званая Беларуская мадэль, пад будаўніцтвам якой падвёў чарговую рысу чарговы рэферэндум, — класічны прыклад арганізацыі сумеснага жыцця, несумяшчальнага з палітыкай. Гэта значыць, з наяўнасцю ўнутры мадэлі суб'ектаў, надзеленых правам прымаць самастойныя рашэнні.
Мабыць, галоўнымі зменамі, за якія нібыта дружна прагаласавалі беларусы ў лютым 2022 года, варта прызнаць змены, унесеныя ў артыкул 4-ы Канстытуцыі.
Раней артыкул гучаў так: «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў».
Пасля рэферэндуму: «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама разнастайнасці палітычных інстытутаў і меркаванняў».
Час разнастайнасці ідэалогій скончыўся. Разнастайнасць не адмяняецца, але толькі пры ўмове знаходжання ў межах дзяржаўнай ідэалогіі.
Крок направа, крок налева — ліквідацыя.