Віктар Цярэшчанка: Куды не кінь — усюды клін

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка распавёў, чаму ён удзельнічае ў выбарчай кампаніі, хоць “выбараў няма”, і на што разлічвае ў ёй. 
 



75f3d6c8_f667_435f_afd3_15a2147eeee5_w900_r1_s_833x400.jpg

Фота svoboda.org

Дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Катляроў выказаў у эфіры АНТ меркаванне, што 75% ініцыятыўных групаў не збяруць 100 тысяч подпісаў.

"Радыё Рацыя" пацікавілася, што думаюць пра гэта самі прэтэндэнты.

Віктар Цярэшчанка: Хацеў бы адзначыць тры моманты. Па-першае, электарат кампаніі–2015 надзвычай абыякавы да выбараў, не спадзяецца, што будзе абрана іншая кандыдатура і многія проста не жадаюць удзельнічаць у выбарах. Па-другое, абяцанні рознага кшталту, якія даваліся раней выканаўчай уладай, не выконваліся альбо выконваліся толькі ў нязначнай частцы, каб не было вялікага бунту. Эканамічнае становішча кепскае, рэальныя заробкі насельніцтва падаюць, кошты растуць. І, калі застанецца сённяшняя ўлада, нічога добрага для Беларусі не прагназуецца. І трэцяе — грашовы-крэдытная палітыка, якую маем, і адсутнасць у краіне нейкіх праграм развіцця, гаворыць аб тым, што ўлада нічога і не прапаноўвае. У грамадстве — таксама стагнацыя. Некаторыя мяркуюць: навошта нам ісці на выбары, калі за нас і так усё вырашылі? Да таго ж, выканаўчая ўлада на месцах у рэгіёнах цісне на бюджэтнікаў, ведаю, што нават забараняюць рэкламаваць іншых прэтэндэнтаў. Так што ў пэўным сэнсе Ігар Катляроў кажа праўду — ва ўсіх прэтэндэнтаў будуць вельмі вялікія складанасці пры зборы подпісаў. Яны большыя, чым у 2010 годзе, нават не ў два разы, а, можа быць, у пяць. Я гэта заўважыў нават па фарміраванню ініцыятыўнай групы.

РР: Вы намалявалі сумную карціну, але ў такім выпадку, які наогул сэнс вашага ўдзелу ў выбарах?

Віктар Цярэшчанка: Мне здаецца, няма сэнсу не толькі ва ўдзеле, а наогул у правядзенні выбараў. Скажыце, якія назіральнікі могуць пракантраляваць выбары ў вёсках? Там для людзей старшыня сельсавета — цар і бог. Калі я вылучаўся ў дэпутаты Нацыянальнага сходу, то бачыў, як робяцца падлікі галасоў. Людзі ўсё гэта бачаць. Нават сябры ўчастковых камісій распавядаюць затым знаёмым, як усё адбывалася насамрэч.

РР: І, тым не менш, вы ўдзельнічаеце…

Віктар Цярэшчанка: Я ўдзельнічаю толькі па адной прычыне — каб сёння распавесці людзям пра стан беларускай эканомікі. Яна знаходзіцца ў апошнія гады ў стагнацыі, ідзе падзенне УВП… Я ўжо не кажу пра грашова-крэдытную палітыку, пра матывацыю да працы. Куды не кінь — усюды клін. Падзенне рэальных заробкаў насельніцтва — гэта ж галоўнейшае пытанне! І не сказаць пра гэта я не магу, калі ёсць магчымасць атрымаць трыбуну. Праўда, для гэтага трэба яшчэ набраць 100 тысяч подпісаў, і ў гэтым, шчыра скажу, сумняваюся. Вельмі будзе складана. Ды і прыдзіркі могуць быць пры жаданні да чаго заўгодна. У 2010 годзе ў мяне прызналі несапраўднымі каля 20 тысяч подпісаў — больш за ўсіх. Тым не менш, я спадзяюся, што данясу да людзей сваю праграму. Хачу сказаць, што маем у эканоміцы, што прапаноўваецца, і як гэта трэба зрабіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя