Шульган і Канавальчык адмовіліся прыйсці ў міліцыю на вуснае запрашэнне

Раніцай 21 ліпеня мінскі беспрацоўны Юры Шульган, які збіраўся вылучацца кандыдатам у прэзідэнты, і кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Павал Канавальчык адмовіліся ісці ў Маскоўскі РУУС, куды іх запрасілі міліцыянты, каб прызначыць пакаранне паводле пратаколу аб з'яўленні ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.



4486bd40_e0bf_4beb_a9c6_a43e6d234c94_w640_r1_s_cx0_cy5_cw0.jpg

«Запрашэнне прыйсці ў міліцыю нам перадавалі вусна, рабілі гэта асобы, якія на гэта не ўпаўнаважаныя. Мы параіліся з адвакатам і вырашылі дзейнічаць паводле закону: калі будзе пісьмовая позва, тады і пойдзем», — паведаміў карэспандэнту "Радыё Свабода" Павал Канавальчык.

gdb.rferl.org__fa961893_3d24_4_1368f4f6172deff2ee282d064d44cbb2.jpeg

Павал Канавальчык

Напярэдадні, 20 ліпеня, Юрыю Шульгану і Паўлу Канавальчыку пакараныя Маскоўскі раённы суд прысудзіў штраф у 30 базавых велічынь кожнаму.

Суддзя Тацяна Матыль прызнала іх вінаватымі ў брыдкаслоўі ў памяшканні ЦВК. Паводле сведак-міліцыянтаў, 17 ліпеня падчас рэгістрацыі ініцыятыўных групаў Юры Шульган і Павал Канавальчык нібыта брыдкасловілі. Суд палічыў гэта хуліганствам. Юры Шульган і Павал Канавальчык аспрэчвалі словы міліцыянтаў і прасілі суд прагледзець відэа, знятае аховай ЦВК, але суд гэтага не зрабіў.

На Юрыя Шульгана і Паўла Канавальчыка міліцыянты склалі яшчэ два пратаколы — нібыта за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Гэтыя пратаколы павінны былі разглядаць сёння ў Маскоўскім РУУС. Паводле пратаколу на Юрыя Шульгана, ён «хістаўся з боку ў бок і ад яго пахла алкаголем». У пратаколах напісана, што ў Юрыя Шульгана ў крыві было 0,8 праміле алкаголю, у Паўла Канавальчыка — 1,8 праміле. Актывісты гэта адмаўляюць і кажуць пра фальсіфікацыю з боку міліцыянтаў. Журналісты, якія 17 ліпеня размаўлялі праз тэлефон з Паўлам Канавальчыкам пасля яго затрымання, кажуць, што суразмоўца быў у нармальным стане.

Паводле закону пратакол аб знаходжанні грамадзяніна ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы можа быць разгледжаны ў РУУС, кіраўніцтва якога мае права вызначыцца наконт пакарання. За такое адміністрацыйнае парушэнне прадугледжаныя толькі грашовыя штрафы.

Мінчук Юры Шульган меў планы зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу і збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатам у  прэзідэнты, але быў затрыманы «невядомымі ў цывільным» на падыходзе да ЦВК і страціў магчымасць рэгістрацыі.

20 ліпеня ў Маскоўскім раённым судзе Юры Шульган сказаў журналістам пра сваё затрыманне:

«Яны спужаліся, што я стану моцным канкурэнтам Аляксандру Лукашэнку, паколькі мог бы аб’яднаць электарат, які супроць закону аб дармаедах».

Учорашнія пакаранні штрафам за нецэнзурную лаянку Юры Шульган і Павал Канавальчык збіраюцца абскардзіць.

 

www.svaboda.org