Волан-дэ-Морты беларускай улады
У кніжках і фільмах пра Гары Потэра Волан-дэ-Морт, галоўны злодзей, быў пад мянушкай «Той-якога-нельга-называць». У нас, падобна, называць нельга ўвогуле нікога і нічога, што тычыцца беларускай улады. І гэта яскрава прадэманстравалі парламенцкія выбары.
Некаторая частка з перадвыбарчых праграмаў і агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у дэпутаты не трапіла да выбаршчыкаў. Не трапіла таму, што ў іх згадваўся Лукашэнка. Недзе такія выступы здымалі з эфіру цалкам, а недзе жорстка цэнзуравалі. Напрыклад, праграму кандыдата ад АГП Аляксандра Комара (Бабруйская-Ленінская акруга № 78) газета «Бабруйскае жыццё» апублікавала з выключэннем слоў: «З Лукашэнкам у краіны няма будучыні. Ён завёў краіну ў тупік».
Лукашэнка, атрымліваецца, той самы «Волан-дэ-Морт», якога нельга называць, і ўвогуле — згадваць.
Агенцтва «Мінск-Навіны» не надрукавала праграму лідара АГП Мікалая Казлова. Маўляў, «асобныя выказванні ўтрымліваюць сцвярджэнні, якія падахвочваюць да сацыяльнай варожасці». Але ўсё, што сказаў Казлоў пра сітуацыю ў краіне, утрымліваецца ў двух сказах. Вось яны: «25 гадоў дзеючая ўлада будавала «моцную i квiтнеючую дзяржаву для народа». А ў выніку атрымалася жабрацкая мафіёзная крымінальная краіна, дзе роля народа звялася да таго, каб утрымліваць у раскошы чальцоў адной сям’і і набліжаных да іх».
Калі «адна сям’я» раптам ператварылася ў «сацыяльную групу», да якой можа быць «распальвацца варожасць», — выбачайце. Ці гэта не Воланд-дэ-Мортаўшчына?
Мы ўжо пісалі пра выпадак з Ірынай Давідовіч, перадвыбарчы ролік якой, па меркаванні чальцоў абласной выбарчай камісіі, «пабудаваны на негатыўных меркаваннях і жорсткай крытыцы палітыкі ўладаў». З-за гэтага ролік не пусцілі ў эфір.
«Жорсткая крытыка палітыкі ўладаў» у любой дэмакратычнай краіне — нармальная з’ява. Менавіта на гэтым — на крытыцы, на сутычцы меркаванняў і падыходаў да далейшага развіцця краіны і грамадства — пабудаваныя ці не ўсе тэледэбаты кандыдатаў на ўладныя пасады ва ўсіх краінах. Што ў гэтым кепскага, калі ўладам пакажуць на іх недахопы?
Але ў нас усё павінна быць ціха. Не толькі ціха, але і цёмна. У Гомелі 15 кастрычніка кандыдаты ў дэпутаты ўвечары паспрабавалі правесці агітацыйны мітынг. Скончылася ўсё анекдатычна — улады прыслалі брыгаду электрыкаў, якія адключылі асвятленне ва ўсім квартале! А таксама не далі сабраць сцэну і давезці гукаўзмацняльную апаратуру.
Нам увесь час сцвярджаюць, што ў нас улада моцная, падтрыманая народам. Але ці робіць так моцная ўлада? Моцнай уладзе няма чаго баяцца — яна здольная адказаць на крытыку, здольная дыскутаваць і абвяргаць аргументы апанентаў. Нашая ж улада імкнецца заторкнуць рот сваім грамадзянам, зрабіць усё цішком, у цемры, патаемна.
Калі іх зброя — таямніца, то нашая зброя — галоснасць. Назіральнік Юры Вашчэнчук у Брэсце зафіксаваў жанчыну са стосам бюлетэняў і спыніў фальсіфікацыю выбараў. Жанчына была ідэнтыфікаваная як Анастасія Кулічкова, працуе педагогам-псіхолагам у дзіцячым садку.
Што тут пачалося! Яе кіраўніцтва пакрыўдзілася: маўляў, пасля гэтага ў яе нервовы зрыў, яна не з’явілася на працу, спужалася, рыдала, узяла бальнічны і з’ехала за мяжу! Напэўна, на воды ў Форж, залізваць «баявыя раны».
А не трэба было пасылаць фальсіфікаваць выбары чалавека з «тонкай душэўнай арганізацыяй»! Укід бюлетэняў, фальсіфікацыя выбараў — гэта злачынства. Гэта ўсё роўна, што злавіць за руку кішэннага рабаўніка, а ён заенчыць: «Мне балюча, мне нанеслі псіхалагічную траўму тым, што заспелі на месцы злачынства!» І на гэтай падставе будзе патрабаваць разумення, жалю і пазбаўлення ад адказнасці.
Ці не такая ж сітуацыя з Алінай Шмігель, якая ў БДЭУ зняла настаўніцу, што змушала студэнтаў галасаваць датэрмінова, інакш «у яе могуць быць непрыемнасці». Якія непрыемнасці, хто іх створыць?
Настаўніца, Аксана Аніскевіч, потым казала, што заклікала галасаваць датэрмінова, бо «пайшлі такія распараджэнні». Але дырэктар БДЭУ Аляксандр Лапцёнак у размове са Свабодай адмовіў факт існавання распараджэнняў аб датэрміновым галасаванні для студэнтаў і таго, што гэтае галасаванне будзе адсочвацца.
Пэўна, і спадар Лапцёнак, можа быць, казаў няпраўду — ведаем мы гэтую сістэму. Аднак тут паказальна, з якой лёгкасцю ён «здаў» выкладчыцу Аніскевіч. Маўляў, можа яна і вінаватая (а можа, і не) у закліку галасаваць датэрмінова, але «я тут ні пры чым».
Гэта вельмі яскравы прыклад для ўсіх, хто змушае сваіх падначаленых да галасавання: «у выпадку чаго» ад вас адракуцца лёгка і без сумневаў, каб толькі выгарадзіць сабе. А адказваць за ўсё будзеце вы персанальна. Спасылкі на «загады» і «распараджэнні» не спрацуюць, бо тыя, хто гэтыя загады аддаваў — таксама «Волан-дэ-Морты», яны нябачныя, і іх нельга называць.
Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркаму, за чатыры дні датэрміновага галасавання прагаласавала 27,5% выбарцаў (у 2016 — 24,31%). Назіральнікі кажуць, што насамрэч яўка выбаршчыкаў завышаная на парадак. Там, дзе, па падліках назіральнікаў, прыйшло 50 чалавек, камісіі пішуць лічбу «500» (участак №6 Магілёўскай-Ленінскай акругі: па дадзеных назіральнікаў, там прагаласавалі 54 чалавекі, па дадзеных камісіі – 554).
Але ўсім людзям, якія сядзяць у выбарчых камісіях, варта ведаць пра тое, што кажуць у інтэрнэтах. А там кажуць, што «фальсіфікатары выбараў — не марсіяне». Рана ці позна, Волан-дэ-Мортаўшчына скончыцца, як скончылася яна ў Гары Потэры. І ім потым прыйдзецца калі не адказваць па законе, дык неяк глядзець у вочы суседзям і калегам.
І гэтых «Волан-дэ-Мортаў», што цікава, ніколькі не шкада.