Выбары: мастацтва немагчымага

Палітыка — гэта мастацтва магчымага, казаў Ота фон Бісмарк. У Беларусі гэта яшчэ і мастацтва немагчымага. Прычым, не толькі для апазіцыі.

11_pikety_komarovka_zam_tutby_phsl_16072016.jpg


Пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты зразумела, што ўлада знаходзіцца ў нейкім ідэйным раздраі. З аднаго боку, трэба паказаць Захаду, што сітуацыя з выбарамі ў нас значна палепшылася. Бо ад гэтага залежыць атрыманне крэдытаў, што надзвычай важна ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі. З іншага — трэба паказаць грамадству, што ўлада моцная, і «ўсё пад кантролем». То бок, і грошай вельмі хочацца, і так, каб не «дэстабілізаваць становішча».


Няўладная «лібералізацыя»

Гэтая кампанія адзначылася ліберальнай рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты. Канешне, можна пагадзіцца з лідарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, які заявіў, што «ўлады зачысцілі верхнюю частку спісу правацэнтрыстаў». Гэта ён казаў, калі даведаўся пра нерэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Алеся Лагвінца і кіраўніка мінскай арганізацыі АГП Мікалая Казлова. Не былі зарэгістраваныя моцныя рэгіянальныя лідары — Дзяніс Дашкевіч у Рагачове і Павел Пракаповіч у Маладзечне, і шэраг іншых.

Усё ж з Лябедзькам можна паспрачацца. Бо зарэгістравалі шмат іншых яскравы асобаў: Вольгу Кавалькову, Марыну Хоміч, Юрася Губарэвіча, Паўла Стэфановіча… З «неправацэнтрыстаў» зарэгістраваныя Алена Анісім і Алег Трусаў, Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў, з цяжкасцю, але зарэгістравалі Уладзіміра Падгола і Аляксея Янукевіча. І шмат каго яшчэ.

Улады імкнуліся адсеяць не столькі найбольш моцных, колькі найбольш крэатыўных. Тых, хто сапраўды мог правесці яскравыя і яркія кампаніі. 


Мікалай Казлоў, напрыклад, кожныя выбары ловіць за руку іх фальсіфікатараў — бачна, дапамагае праца ў міліцыі па пошуку рабаўнікоў і «кішэннікаў». Пасля нашумелага канцэрту Вольскага пра Алеся Лагвінца ведае ўся краіна, а не толькі выбаршчыкі на акрузе. Пра барацьбу з уладамі Дзяніса Дашкевіча з Рагачова «Новы Час» пісаў неаднаразова, маладзечанец Павел Пракаповіч вядомы змаганнем з будаўніцтвам гіганцкіх свінакомплексаў у рэгіёне… І так можна казаць амаль пра ўсіх знятых з дыстанцыі.

Варта зазначыць, што рэгістрацыя дэмакратаў кандыдатамі ў дэпутаты не ёсць заслугай улады. Папросту апазіцыя ўрэшце вучыцца працаваць па тых правілах, якія ёсць. Большасць дэмакратаў прайшлі рэгістрацыю праз вылучэнне ад палітычных партый. Тая ж каардынатарка БХД і лідарка маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч як сябра АГП. Зноўку — мастацтва магчымага.


7_pikety_komarovka_zam_tutby_phsl_16072016.jpg



Каму нашкодзілі?

Нерэгістрацыя тых, хто найбольш крэатыўна праявіў сябе падчас збору подпісаў, з’яўляецца, як ні дзіўна, мінусам для самой улады. Па-першае, такая фільтрацыя кандыдатаў выклікае ў выбаршчыкаў поўнае расчараванне самім працэсам выбараў. Шмат хто зараз кажа, што дэпутаты вызначаныя загадзя і выбары анічога не вырашаюць, таму хадзіць на іх не варта.

Па-другое, гэтая нерэгістрацыя дае магчымасці для саміх незарэгістраваных кандыдатаў. Вядома, што ў апазіцыі, як і ва ўлады, даволі кароткая «лава запасных». А таму самі кандыдаты па адных акругах з’яўляюцца даверанымі асобамі кандыдатаў па іншых акругах. У выніку той, хто мог бы стаяць на адным пікеце цэлы дзень альбо сустракацца з выбаршчыкамі адной акругі, можа за дзень аб’ехаць тры пікеты сваіх зарэгістраваных сяброў, і пагаманіць з людзьмі ўтрая больш. Асабліва гэта тычыцца лідараў партый і знакавых асобаў дэмакратычнай апазіцыі. А зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты могуць завабіць свой электарат на сустрэчы з гэтымі знакавымі асобамі.

«Зарэзаны» Мікалай Казлоў зазначыў, што ўлады не далі яму аўдыторыю ў 60 тысяч выбарцаў. Але ён стаў даверанай асобай 30 кандыдатаў у дэпутаты. «Не далі адну акругу, вазьму траціну краіны», — заявіў ён.

Гэта таксама мастацтва магчымага. Галоўнае толькі, каб у такіх давераных асобаў хапіла моцы і імпэту ўкласці свой унёсак калі не ў перамогу кандыдата, дык у яго агітацыйную і прапагандысцкую кампанію.

Роля гэтых давераных асобаў сёння выглядае нават значна большай, чым роля самога кандыдата. Тым больш, што дэмакраты, як і раней, асноўным накірункам дзейнасці лічаць тую самую агітацыю і прапаганду сваіх ідэй і каштоўнасцяў, а не траплянне ў парламент.

І, дарэчы, менавіта давераныя асобы складаюць першы і асноўны касцяк сістэмы назірання за выбарамі. Што, канешне, не можа радаваць уладу.


Хто арганізатар Плошчы?

У той жа час старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына агучыла тое, чаго ўлады палохаюцца больш за ўсё. «Заклікі, якія гучаць нават цяпер, паказваюць, што ўдзельнікі падзеяў 2010 года нічому не навучыліся нават у турме. Яны зноў рыхтуюць акцыі непадпарадкавання. Гэта самая вялікая пагроза. З усім іншым мы справімся. Усё пад кантролем», — працытавала яе «Еўрарадыё».

Не будзем казаць, што акцыі грамадзянскага непадпарадкавання з-за незадаволенасці вынікамі выбараў — нармальная з’ява ва ўсім свеце. Варта толькі адзначыць, што Лідзія Міхайлаўна сама прыклала неблагія намаганні да падрыхтоўкі гэтай «самай вялікай пагрозы». Нішто ніадкуль не ўзнікае, і нішто нікуды не знікае — законы захавання масаў і энергіі ніхто не адмяняў. Калі актыўны і крэатыўны патэнцыйны кандыдат выштурхнуты за межы выбарчага працэсу, ён знойдзе сваім здольнасцям іншае прымяненне. Адмовілі Мікалаю Статкевічу ў магчымасці паўдзельнічаць у выбарах? Атрымайце патэнцыйнага лідара Плошчы. І скардзіцца тут трэба толькі на самога сябе.

З той жа плыні і неразуменне ўлады магчымасцяў новых тэхналогій камунікацыі. Падаецца, Туніс, Сірыя, Украіна, урэшце, павінны былі даць разуменне, як працуюць сацыяльныя сеткі. Аднак Лідзія Ярмошына кажа: «Вось я, напрыклад, зусім не ўяўляю, навошта патрэбныя сацыяльныя сеткі. Я лічу, што з сябрамі трэба размаўляць, сустракацца сам-насам ці па тэлефоне. Я не разумею, як можна размаўляць праз перапіску. Як можна выхваляцца фатаграфіямі перад незнаёмымі людзьмі. Для мяне гэта нешта бессэнсоўнае, надуманае і пантовае».

Старшыня Цэнтрвыбаркаму спадзяецца на тое, што «тыя, хто ідзе ў дэпутаты, — гэта людзі за 40. Магчыма, нават за 50», і сацсеткамі таксама не карыстаюцца. Але ж гэты канал камунікацыі існуе не для кандыдатаў, а для выбаршчыкаў.

То бок, ЦВК пакуль не прыдумала нічога новага, як рассылаць смс-спам праз сеткі мабільных аператараў, ці не поўнасцю аддаючы інтэрнэт апазіцыянерам. І гэта таксама магчымасць — як для прыхільнікаў удзелу ў выбарах, так і для аматараў «Плошчы». Для апошніх — вельмі цяжкая задача: якім чынам адарваць грамадзян ад кампутараў і прымусіць іх выйсці ў рэал, то бок на тую самую плошчу? Вось тут ёсць месца разгарнуцца для актыўных і крэатыўных.


5_pikety_komarovka_zam_tutby_phsl_16072016.jpg



Калі грымне?

З выказванняў арганізатараў беларускіх выбараў, найперш той жа Лідзіі Ярмошынай, узнікае адчуванне, што ўлада ці не ўпершыню за апошнія некалькі электаральных кампаніяў губляе ініцыятыву. У іх застаецца адзіны звыклы сродак — не дапусціць дэмакратычных кандыдатаў да выбаршчыкаў.

У Мінску праўладны кандыдат, які пазмагаецца з Марынай Хоміч, ужо ў дзень рэгістрацыі па дамове з камісіяй заняў на перыяд агітацыі з раніцы да вечара ўсе магчымыя залі для сустрэч з выбаршчыкамі. «Уся гэтая гульня ў дэмакратыю выглядае як фарс. Зразумела, што той кандыдат усе гэтыя сустрэчы праводзіць не будзе, а робіцца гэта для таго, каб пазбавіць мяне магчымасці сустрэчы з выбаршчыкамі», — адзначыла Хоміч.

У Бярозе, як сведчыць лідар АГП Анатоль Лябедзька, на прахадных мясцовых прадпрыемстваў віселі аб’явы пра сустрэчу з кандыдатам у дэпутаты ад гэтай партыі Аляксандрам Кабанавым. Але ў выніку на Рамзаводзе згасла электрычнасць. А на прадпрыемстве «Цеплапрыбор» увесь працоўны калектыў у дзень сустрэчы адправілі ў адгул. «Але вось што я думаю: работнікаў Рамзаводу і «Цеплапрыбору» зараз не трэба пераконваць, што сумленных выбараў у краіне няма. Дый на Аляксандра Кабанава многім захочацца паглядзець больш уважліва», — зазначае палітык.

Рэдакцыя газеты «Вячэрні Брэст» адмовіла кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ігару Маслоўскаму ў законным праве размясціць на старонках выдання сваю перадвыбарчую праграму. Падставай для адмовы паслужыла крытыка кандыдатаў ад улады, хаця артыкул 45 Выбарчага кодэкса гарантуе як грамадзянам, так і кандыдатам, права «свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарчых праграм кандыдатаў (…), іх палітычных, дзелавых і асабістых якасцяў, правядзення агітацыі за ці супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі».

Усё гэта нагадвае апошнія часы позняй перабудовы, калі КПСС таксама імкнулася не дапусціць сустрэчаў «альтэрнатыўных кандыдатаў» з народам. Як тут ні ўзгадаць Булата Акуджаву: «Рымская імперыя часоў заняпаду захоўвала бачнасць строгага парадку: Цэзар быў на месцы, прыхільнікі побач, жыццё было прыўкрасным — гледзячы па справаздачах».

А потым колішняя (не рымская, а савецкая) улада атрымала стотысячныя мітынгі пад Домам ураду ў Мінску.


Хто ў плюсе?

Амаль у любым выніку кампаніі апазіцыя застанецца «ў плюсе». Дэмакраты ўжо зрабілі амаль усё, што планавалі падчас збору подпісаў. Зараз у іх ёсць толькі магчымасць замацаваць зробленае выступамі па радыё, тэлебачанні і праз дзяржаўныя СМІ. І важна потым не згубіць гэты поспех — сваю вядомасць, — да наступных выбараў.

А ўлада кампанію прайграе. Ёй не ўдаецца прадаць Еўропе «дэмакратызацыю выбарчага працэсу». Папярэдняя справаздача дэлегацыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якая наведала Мінск, зазначыла, што ніякага прагрэсу ў выбарах у сінявокай не адбылося. Прычым, справаздачы ПАРЕ заўсёды адрозніваліся мяккасцю ў фармулёўках. Што тады скажуць назіральнікі БДІПЧ АБСЕ? Ад іх справаздачаў, паўтаруся, не ў малой ступені залежаць крэдыты для краіны.

А гэта яшчэ назіранне паўнавартасна не пачалося…