Вынікі назірання кампаніі “Права выбару” ў другі дзень датэрміновага галасавання

У другі дзень датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў (19 сакавіка) назіральнікі кампаніі “Права выбару” вялі назіранне на 316 выбарчых участках у 103 акругах па ўсёй Беларусі, дзе балатуюцца кандыдаты ад арганізацый-удзельніц кампаніі.



vibari.jpg

Назіральнікі кампаніі працягвалі фіксаваць масавы нядопуск назіральнікаў да спісаў выбарцаў. У азнаямленні з імі было адмоўлена на 89 участках. І як высвятляецца, камісіям ёсць што хаваць! На некаторых з тых участкаў, дзе назіральнікі “Права выбару” мелі доступ да спісаў на працягу двух дзён, выявіліся цікавыя тэндэцыі. Так, напрыклад, на ўчастку № 69 Гагарынскай акругі № 1 па выбарах у Бярозаўскі гарсавет (г. Бярозаўка Гродзенскай вобласці) колькасць выбарцаў за дзень павялічылася на 270 чалавек, а на ўчастку № 74 Ямніцкай акругі № 35 па выбарах у Магілеўскі аблсавет — на 211 чалавек. У той самы час колькасць выбарцаў на ўчастку № 52 Будаўнічай акругі № 38 па выбарах у Бабруйскі гарсавет на працягу сутак зменшылася на 84 чалавекі, а на ўчастку № 66 выбарчай акругі № 20 па выбарах у Брэстскі гарсавет — на 83 чалавекі. На думку каардынатараў кампаніі “Права выбару”, такія “гульні” са спісамі ўжо сведчаць пра кепскую падрыхтоўку камісіяў да пачатку галасавання, а таксама могуць сведчыць пра будучыя фальсіфікацыі яго канчатковых вынікаў.
 

Яшчэ больш красамоўна пра падрыхтоўку да маніпуляцыяў гаворыць колькасць бюлетэняў, завезеных на ўчастак № 51 у Чыгуначнай акрузе № 20 па выбарах у Мінскі гарсавет. На 1105 выбарцаў, якія зарэгістраваныя на гэтай акрузе, было вылучана аж 2400 бюлетэняў. Гэта пры тым, што агульная колькасць выбарцаў на акрузе — 20 372, а артыкул 72 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што “колькасць запасных бюлетэняў не павінна перавышаць 5% ад колькасці выбарцаў”. На гэтае сур’ёзнае парушэнне выбарчага заканадаўства назіральнікам была пададзеная скарга, якая не была задаволеная ўчастковай камісіяй і будзе падавацца ў вышэйстаячую камісію.
 

Па ранейшаму шматлікімі заставаліся адмовы камісіяў апячатваць на ноч памяшканні, дзе застаюцца скрыні для галасавання. Такія выпадкі адзначаныя на 140 участках з 316 назіраных. Асабліва масавай гэтая з’ява была ў г. Мінску, дзе толькі 14 камісіяў (з 55 назіраных) забяспечылі выкананне палажэнняў артыкулу 53 Выбарчага кодэксу аб забеспячэнні захавання скрыні для галасавання.
 

Пра стаўленне ўладаў да забеспячэнне празрыстасці і верагоднасці вызначэння вынікаў выбараў сведчыць таксама амаль паўсюдная адмова камісіяў прыняць прапановы назіральнікаў кампаніі “Права выбару” “Аб парадку падліку галасоў” (прыкладны тэкст прапановы глядзіце ў дадатку). Нежаданне камісіяў выконваць палажэнні артыкулу 13 Выбарчага кодэксу аб “адкрытым і галосным” правядзенні падліку галасоў, па ацэнцы кампаніі, таксама можа сведчыць пра падрыхтоўку фальсіфікацыяў.
 

Усяго 19 сакавіка назіральнікамі кампаніі “Права выбару” было пададзена 60 скаргаў на парушэнне выбарчага заканадаўства (за два дні датэрміновага галасавання іх агульная колькасць склала 110). Апрача вышэйадзначаных парушэнняў, распаўсюджанымі былі: падлік колькасці прагаласаваўшых выбарцаў “па нарастаючай”, а не асобна за кожны дзень (участак № 28 Чыгуначнай акругі № 30 па выбарах у Магілеўскі аблсавет, участак № 3 Металургічнай акругі № 10 па выбарах у Магілеўскі гарсавет, участак № 18 Педагагічнай акругі № 5 па выбарах у Рэчыцкі райсавет ды інш.), галасаванне за іншую асобу (участак № 18 Педагагічнай акругі № 5 па выбарах у Рэчыцкі райсавет, участак № 57 Казловіцкай акругі № 35 па выбарах у Слуцкі райсавет і інш.), невывешванне копіяў выбарчых пратаколаў у канцы дня (участак № 76 Ямніцкай акругі №35 па выбарах у Магілеўскі аблсавет, участак № 53 акругі № 10 па выбарах у Мікашэвіцкі гарсавет ды інш.).
 

Звесткі назіральнікаў кампаніі “Права выбару” па яўцы 19 сакавіка яшчэ апрацоўваюцца і будуць прадстаўленыя пазней.
 

Інфармацыя пра кампанію “Права выбару”
 

Кампанія “Права выбару” праводзіцца на падставе ліпеньскага (2013 г.) пагаднення дэмакратычных сілаў, якое падпісалі арганізацыйны камітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», Партыя БНФ, Рух «За Свабоду», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і арганізацыйны камітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу. Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца актыўная дапамога дэмакратычным кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў па вызначэнні і абароне сапраўднага волевыяўлення грамадзян. Ініцыятыва скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.
 

Сачыць за падзеямі кампаніі, хадой назірання і фіксаванымі інцыдэнтамі можна на сайце кампаніі pravovybora.by

Прэсавая служба кампаніі “Права выбару”
E-mail: press@pravovybora.by
Тэлефон: +375 25 777 84 24