З абывацеляў — у грамадзянскую супольнасць

На пляцоўцы talks.by толькі за два дні тэма "зялёных чалавечкаў" набрала каля 10 тысяч праглядаў. А вось калі яны з інтэрнэту выйдуць у рэальнае жыццё? Гэта іншае пытанне. Але і такое можа здарыцца, калі моцна закране.

vitebsk_slavyanskiy_bazar_20160717_mat_tutby_14.jpg


Чарговы ўказ Лукашэнкі ўзбудзіў беларускае грамадства. На нацыянальным прававым партале з’явіўся загадкавы ўказ Лукашэнкі ад 6 снежня №446 «Аб праекце міжнароднай дамовы».
Указ прадугледжвае пагадненне паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй аб удзеле падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ў контртэрарыстычных аперацыях, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або Расійскай Федэрацыі.

Тэкст указа не прыводзіцца, але напісана, што КДБ нададзена права яго ўдакладніць і падпісаць. З-за гэтага сацыяльныя сеткі ўзарваліся меркаваннямі. Маўляў, гэты ўказ, па-першае, узаконіць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі расійскіх спецслужбаў і спецпадраздзяленняў. То бок, у найгоршым выпадку, «зялёныя чалавечкі» ў Сінявокай будуць «у законе». Па-другое, дакумент, нібыта, дае падставы адпраўляць беларускіх вайскоўцаў у «гарачыя кропкі» Расіі, якіх у нашага суседа багата.

Ці ёсць падставы для такой занепакоенасці? Ёсць, а можа і няма, кажа вайсковы эксперт, кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

«Для таго, каб абмяркоўваць «зялёных чалавечкаў» альбо адпраўку беларускіх вайскоўцаў за мяжу, трэба бачыць тэкст гэтага пагаднення. Тэкст нам не паказалі. І, да таго ж, аналагічных пагадненняў Беларусь пакуль ні з кім не падпісвала», — адзначае Паротнікаў.

Таму ў сваіх меркаваннях Паротнікаў сыходзіць толькі з міжнароднай практыкі. А ў міжнароднай практыцы такія пагадненні падпісваюцца, каб рэагаваць на пагрозы, якія выходзяць за межы нацыянальнай юрысдыкцыі.

«Тады кіраўніцтва звяртаецца да партнёра, у якога ёсць магчымасць дапамагчы, і ў сціслы тэрмін прымаецца рашэнне пра адпраўку неабходных чалавечых і тэхнічных рэсурсаў, каб праблему вырашыць», — тлумачыць эксперт.

У адпраўцы сілаў спецаперацый за мяжу заўсёды ёсць пытанні. Найперш — хто імі будзе кіраваць? Якое заканадаўства прымяняецца пры ажыццяўленні спецаперацыі? Нясе ці не нясе адказнасць запрошаны бок за магчымую шкоду трэцім асобам, грамадзянам, маёмасці? Звычайна, менавіта гэтыя пытанні прапісваюцца ў такіх пагадненнях.

Чаго не бачыць у дакуменце эксперт, дык гэта пагрозы легалізацыі «зялёных чалавечкаў» у Беларусі. «У такіх дакументах ёсць базавы прынцып: замежныя вайсковыя падраздзяленні прыбываюць у краіну толькі тады, калі іх запрашаюць. І дзейнічаюць яны ў межах нацыянальнага заканадаўства прымаючага боку і пад кіраўніцтвам прымаючага боку. У свеце гэта працуе менавіта так», — катэгарычна кажа Паротнікаў.

Да таго ж, калі ў краіну ўводзяць «зялёных чалавечкаў», то ніхто ні ў каго пра іх статус не пытаецца. І, тым больш, не спрабуе заключыць нейкія пагадненні, якія б гэтых інтэрвентаў легалізавалі. Таму сам факт з’яўлення падобнага дакумента можна лічыць хоць нейкім плюсам.

Цікава, ці пабачым мы поўны тэкст гэтага пагаднення? Звычайна, калі дакументы падпісваюцца КДБ-МУС-ФСБ-ФСО і іншымі падобнымі структурамі, на іх ставіцца грыф «сакрэтна» альбо «для службовага карыстання».

Але ў дадзеным выпадку журналісты ўжо звярнуліся хаця б па каментар да ўказу ў адпаведныя органы. І, зважаючы на тое, што дакумент, хоць і тычыцца нацыянальнай (дакладней, міжнацыянальнай) бяспекі, але мае вялікую грамадскую значнасць, яго могуць і рассакрэціць.

Але сама сітуацыя дэманструе, як змянілася беларускае грамадства ў апошнія часы. Раней пра той указ ніхто б нічога не ведаў — ну, выдаў Аляксандр Рыгоравіч чарговую паперку, і што? Аднак зараз, асабліва пасля канфлікту ва Украіне, людзі, па-першае, значна больш увагі надаюць таму, з кім і як мы сябруем, якія адносіны выбудоўваем з суседзямі, і чым нам можа пагражаць неабачлівае сяброўства.

Па-другое, яны рэагуюць на магчымую небяспеку. Непрыманне і занепакоенасць з нагоды такіх дакументаў натуральнае. Шмат хто згадаў Афганістан, дзе беларусы ваявалі, па вялікім рахунку, ні за што. Шмат каго непакоіць агрэсіўная вайсковая палітыка Расіі. І шмат хто палохаецца, што зноў нашы грамадзяне паедуць у зоны канфлікту за чужыя інтарэсы.

Цікавасць з боку грамадства да такіх пытанняў сведчыць, што грамадства пакрысе, але ператвараецца ў грамадзянскую супольнасць. Бо адносіны «падпісаў паперку, і ўсё», — гэта адносіны абывацеляў. А вось калі людзі пачынаюць тую паперку абмяркоўваць, турбавацца, непакоіцца — гэта ўжо прыкмета нарастаючай грамадскай дзеі.

Так, зараз беларусы абмяркоўваюць гэтую праблему ў інтэрнэце. На пляцоўцы грамадскай думкі talks.by толькі за два дні тэма набрала каля 9000 праглядаў. А вось калі яны з інтэрнэту выйдуць у рэальнае жыццё — гэта іншае пытанне. Але і такое можа здарыцца, калі моцна закране.

У 1968 годзе супраць уводу войскаў у Чэхаславакію на Красную плошчу выйшлі сем чалавек. Калі ўлада задумае адсылаць сваіх вайскоўцаў на чужую вайну, у Беларусі пратэстоўцаў будзе значна больш.