Навальны вырашыў змагацца за пасаду прэзідэнта РФ на выбарах 2018 года

Апазіцыйны палітык Аляксей Навальны абвясціў, што вылучаецца кандыдатам на пасаду прэзідэнта ў 2018 годзе.

фота: Russian Look

фота: Russian Look

Аб планах удзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы Навальны напісаў у электронным лісце тым, хто ахвяраваў грошы на яго праекты або працаваў на іх валанцёрам. Ён таксама запісаў відэазварот, у якім кажа, што доўга разважаў, ці павінен удзельнічаць у выбарах, «ці будзе гэта добра для краіны, для грамадства, для дзяржавы, для кожнага канкрэтнага чалавека, у тым ліку тых, хто не падзяляе мае ідэі, калі я пайду на гэтыя выбары».
«На жаль, мы ўжо прывыклі да таго, што галасаванне нічога не вырашае, — дадаў Навальны. — Нядзіўна, бо сапраўдных выбараў у Расеі не было з 1996 года, і гэта адна з прычын нашага гаротнага становішча». Навальны паабяцаў абмяркоўваць падчас кампаніі то, пра што ўсе маўчаць, але што даўно трэба сказаць: «Як будуць размяркоўвацца нацыянальныя багацці краіны: справядліва ці і далей 88% багацця будзе належаць адной дзесятай адсотцы насельніцтва. Ці зможа працуючы  чалавек спакойна плаціць па іпатэцы або яго задушаць вар'яцкімі працэнтамі».
У лісце, якое Навальны даслаў прыхільнікам, ён адзначыў, што ўсведамляе «як складана будзе супрацьстаяць дзеючай уладзе з яе фальсыфікацыямі і прапагандысцкай машынай». «Я вельмі добра разумею, што нават стаць кандыдатам мне будзе няпроста», — дадаў ён.Апазіцыянер сцвярджае, што ў яго ёсць праграма, «якая лепш, чым тое, што прапануюць Пуцін і Крэмль». «Я не баюся называць рэчы сваімі імёнамі, выкрываць не толькі «сістэму», але і канкрэтных людзей», — падкрэсліў ён.
Навальны ўжо запусціў сайт сваёй перадвыбарчай кампаніі. Мяркуючы па матэрыялах сайта, яна пройдзе пад лозунгам «пара выбіраць».
Што можа перашкодзіць Навальному вылучыцца на выбары?
У Ленінскім раённым судзе Кірава 5 снежня пачаўся паўторны разгляд «справы Кіраўлеса», па якой Навальны 16 кастрычніка 2013 гады атрымаў пяць гадоў умоўна.
Аспрэчваючы рашэнні судоў па справе «Кіраўлеса», Навальны і ягоныя абаронцы дайшлі да Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ). У лютым 2016 года ЕСПЧ пастанавіў, што палітык быў асуджаны за злачынства, неадрознае ад законнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Калі расейскі суд пацвердзіць вынесены тры гады таму прысуд, Навальны не зможа балатавацца ў прэзідэнты на працягу 5 гадоў, пакуль ён будзе адбываць умоўнае пакаранне.
Зрэшты, і пасля заканчэння тэрміну пакарання Навальны таксама не зможа ўдзельнічаць у выбарах, бо яго судзімасць не будзе пагашаная. У дачыненні да ўмоўна асуджаных судзімасць лічыцца пагашанай па «заканчэнні выпрабавальнага тэрміну». У 2013 годзе суд прызначыў апазіцыянеру выпрабавальны тэрмін пяць гадоў.
Але і праз пяць гадоў Навальны ня здабудзе пасіўнага выбарчага права, бо закон аб выбарах прэзідэнта РФ дазваляе балатавацца тым, хто адбываў пакаранне за цяжкія злачынствы, толькі праз дзесяць гадоў пасля таго як іх судзімасць будзе пагашана.
Паводле Бі-Бі-Сі