За грашыма!

Аляксандр Лукашэнка ледзьве не пабіў рэкорд па выступах Фідэля Кастра. Рэкорд кубінца — 7 гадзін і 10 хвілін прамовы, прэс-канферэнцыя нашага правадыра доўжылася 7 гадзін і 7 хвілін. І пасля кіраўнік Беларусі з'езхаў у Сочы.



belrub_valiuta.jpg

Для аналітыкаў супрацьлеглыя заявы Аляксандра Рыгоравіча далі глебу для развагаў на паўмесяцы наперад. Даўшы шмат інфармацыйных падставаў, Лукашэнка з’ехаў на адпачынак у Сочы.

Паводле паведамлення прэс-службы Лукашэнкі, гэта адпачынак «кароткатэрміновы». Падчас яго беларускі правадыр «мае намер азнаёміцца з тым, як рэалізуюцца планы па развіцці беларускай спартыўна-турыстычнай базы, а таксама правесці шэраг сустрэч».

Варта зазначыць, што апошні раз Лукашэнка быў у адпачынку не так даўно — напрыканцы кастрычніка мінулага года. Праўда, ягоная прэс-служба падавала візіт у Абу-Дабі як «працоўны», але ў час працы кіраўнік Беларусі, напрыклад, наведаў мячэць, правёў сяброўскі хакейны матч з паміж камандай прэзідэнта Беларусі і ветэранамі зборнай Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

Наколькі візіт у ААЭ быў «працоўны», настолькі ж у Сочы Лукашэнка «адпачне». Прынамсі, ягоная прэс-служба казала пра «запланаваную» сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Гэта ж пацвердзіў і прэс-сакратар кіраўніка Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў. Паводле яго словаў, такая сустрэча сапраўды «рыхтуецца», дакладная дата яе невядомая, а лідары дзвюх краінаў на ёй павінны абмеркаваць «пытанні двухбаковых адносінаў».

Перадумовы для такога абмеркавання стварыў сам Аляксандр Рыгоравіч. У снежні мінулага года ён выказаўся супраць правядзення самітаў АДКБ, ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы ў адзін дзень. «Узяць у адзін дзень правесці мерапрыемствы — проста ўсё ў кучу скамячым і вынікаў не атрымаем», — матываваў ён. Таму гэтыя мерапрыемствы былі адкладзеныя.

Відавочна, што перамовы Лукашэнкі і Пуціна павінны зняць вострыя вуглы пад час гэтых самітаў. Лукашэнку трэба ведаць, чаго ўсё ж чакаць ад Расіі.

Найперш, гэта тычыцца нашага ўдзелу ў ЕАЭС. Наколькі зніжаныя кошты на нафту адаб’юцца на тых экспартных пошлінах, якія мы павінны атрымліваць у свой бюджэт, замест перадачы іх Расіі. Наколькі гэтыя пошліны знізіць расійскі падатковы манеўр — замена пошлінаў унутраным расійскім падаткам на здабычу карысных выкапняў? Лукашэнка таксама голасна запэўніваў на сваёй прэс-канферэнцыі, што ў выпадку чаго Расія Беларусь не кіне і будзе гатовая падставіць плячо. У сітуацыі, калі ўсе золатавалютнывя рэзервы ў нас — 5 мільярдаў долараў, а сплаціць па знешніх пазыках нам трэба ў гэтым годзе 4 мільярды, гэты «выпадак чаго» настаў ужо ўчора.

garnitur_1.gif

З Расіяй мы дагэтуль бадаемся наконт «санкцый і контарсанкцый», як казаў Лукашэнка. Рассельгаснагляд перыядычна забараняе ўвоз нашай прадукцыі ў РФ: маўляў, дакументы не ў парадку альбо афрыканская свіная чума ў нашай каўбасе. Мы ж пакуль толькі агрызаемся. Днямі наш міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц заявіў, што расійская методыка выяўлення геному АЧС ніяк не ўзаконеная, а Беларусь з-за харчовых войнаў страціла апошнім часам каля $300 мільёнаў.

Да таго ж, Аляксандру Рыгоравічу няблага было б паразмаўляць і наконт палітычнай пазіцыі Масквы ў маючых адбыцца падзеях. Пачатак гэтага года прэзідэнцкіх выбараў для яго быў азмрочаны ўкідам ад імя расійскіх СМІ, што Крэмль яго больш падтрымліваць не будзе. Да таго ж, расійскі пасол у Беларусі Аляксандр Сурыкаў выказаў сумневы, што ў 2015-м годзе Лукашэнка будзе балатавацца на вышэйшую кіраўнічую пасаду. Зразумела, ад Лукашэнкі Сурыкаў атрымаў адлуп, але ўжо неаднаразова пацверджана: што ў Крамлі ў думках, тое ў Сурыкава на языку.

Ва Уладзіміра Уладзіміравіча таксама назапасілася багата пытанняў да беларускага калегі. Найперш, калі Аляксандр Рыгоравіч канчаткова вызначыцца: чый Крым? Другое: што гэта за размовы такія былі падчас той жа прэс-канферэнцыі пра магчымы выхад Беларусі з ЕАЭС? Ну і, нарэшце, калі ўжо створацца тройчы абяцаныя на працягу пяці гадоў холдынгі кшталту «МАЗ-КамАЗ» і гэтак далей? Колькі ўжо можна вадзіць партнёраў за нос?

І самае цікавае, што «грошы ў абмен на пацалункі» Лукашэнка, хутчэй за ўсё, атрымае, лічыць міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў. Па ягоным меркаванні Уладзімір Пуцін наўрад ці можа зараз шмат запатрабаваць ад кіраўніка Беларусі. «Хіба што Пуцін можа патрабаваць калі не падтрымаць, то сцішыць крытыку з боку Мінска ва ўкраінскім пытанні. Пуцін можа вярнуцца да пытання холдынгаў, можа прасіць спыніць кантрабанду заходніх тавараў у Расію. Але ўсё гэта ўжо збольшага заціхла», — адзначае эксперт.

«Пакуль эканоміка Расіі не ў такім цяжкім стане, каб не падтрымаць свайго саюзніка. Калі ўжо міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў заявіў, што Расія гатовая даць грошай Грэцыі, калі тая папросіць, то наконт Беларусі пытанняў няма», — мяркуе Фёдараў.

Адзінае пытанне, лічыць Фёдараў, гэта колькі грошай, калі і на якіх умовах Аляксандр Рыгоравіч атрымае. Вось тут можа весціся канкрэтная размова. Тым больш, што ўсім памятная сітуацыя мінулага года, калі Лукашэнка ў маі прывёз расійскі крэдыт «на працягу двух-трох тыдняў», а паступіў ён, насамрэч, напрыканцы верасня.