З’езд Партыі БНФ падтрымаў у якасці адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах Аляксандра Мілінкевіча

Чарговы XVI справаздачна-выбарчый з’езд Партыі БНФ прайшоў у Мінску 11 кастрычніка ў ДК “Сукно”. Напачтаку з’езда было зарэгістравана 133 дэлегата. Кіраўніцтва паведаміла, што некаторыя спазняюцца і будуць з хвіліны на хвіліну. У кулуарах удзельнікі адзначалі, што зараз з’езды ўжо не тыя. Раней збіралася поўная заля ДК “Сукно” і дэлегатаў адпаведна было ў 2–3 разы болей.



Маўляў, раней рэгіянальныя суполкі былі амаль у кожным горадзе. Зараз сітуацыя зусім іншая. Праўда, Аляксей Янукевіч надаў у агульны трохі пануры настрой асцярожнага аптымізму, заявіўшы, што за 2014 год на ўступленне ў шэрагі БНФ было пададзена 370 заяваў.

Напачатку з вітальнымі словамі да дэлегатаў выступілі ганаровыя госці Алена Анісім, Аляксандр Мілінкевіч, Павал Севярынец, Уладзімір Някляеў. Вітанні замежных партнёраў Партыі БНФ зачытаў Алесь Стральцоў.

Старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч адзначыў у сваім выступе, што адзіны кандыдат — не панацэя, а інструмент у вырашэнні галоўнай зараз задачы — абароны незалежнасці. Старшыня БХД Павал Севярынец нагадаў, што свабода ніколі не даецца лёгка, але ў грамадстве ёсць патэнцыял для барацьбы за яе і ўзгадаў уздым салідарнасці на нядаўнім футбольным матчы ў Барысаве паміж Беларуссю і Украінай. Уладзімір Някляеў пажадаў дэлегатам найперш вызначыцца з тактыкай і стратэгіяй на выбарах 2015 і ўжо потым думаць пра адзінага кандыдата ад дэмсілаў. Таксама Уладзімір Някляеў прапанаваў вылучыць у якасці адзінага кандыдата палітвязня Міколу Статкевіча і правесці актыўны байкот, альбо, як альтэрнатыўны сцэнар, удзельнічаць у выбарчай кампаніі на платформе “Народнага рэферэндуму”.

Старшыня Аляксей Янукевіч, намеснікі Ігар Лялькоў, Рыгор Кастусёў, Алесь Стральцоў выступілі са справаздачай па дзейнасці партыі цягам апошніх трох год. Дэлегаты з’езда прызналі працу кіраўніцтва задавальняючай.

Таксама дэлегаты прагаласавалі за аднаўленне сяброўства ў партыі Алеся Міхалевіча, які даслаў на з’езд адпаведную просьбу.

Быў абмеркаваны ўдзел Партыі БНФ у арганізацыі кангрэсу за незалежнасць Беларусі. Вырашана, што да асобнага рашэння Сойма па гэтым пытанні Фронт будзе прадстаўляць у аргкамітэце Рыгор Кастусёў.

Станіслаў Суднік не хаваў свайго расчаравання такім рашэннем: “У 1993-м БНФ байкатаваў Першы з’езд беларусаў свету, у 2001-м праігнараваў з’езд за незалежнасць, а цяпер яшчэ праігнаруе кангрэс за Незалежнасць?”

На пасаду старшыні партыі гэтым разам прэтэндэнтаў было не шмат. У размовах дэлегаты тлумачылі гэта тым, што пасада старшыні ПБНФ у сучасных палітычных варунках ніякіх бонусаў і перспектываў не дае — адны праблемы і клопаты. Спаборнічалі за месца галоўнага кіраўніка Аляксей Янукевіч і Васіль Раманаў. Апошні заклікаў вылучаць на прэзідэнцкіх выбарах свайго фронтаўскага кандыдата. Але ж ахвотных ісці на выбары не знайшлося. Удзельнікі з’езду пераабралі на пасадзе старшыні Аляксея Янукевіча, а таксама прагаласавалі за яго чатырох намеснікаў: Рыгора Кастусёва, Ігара Лялькова, Алеся Стральцова, Вольгу Лагвіновіч.

Старшыня Аляксей Янукевіч перад галасаваннем за прэтэндэнта на адзінага кандыдата ад дэмсілаў нагадаў, што Фронт яшчэ ў 2012 годзе прыняў рашэнне аб падтрымцы адзінага кандыдата ад нацыянальных сілаў. Тым больш гэта актуальна зараз, калі стала зразумела, што кіраўнік Расіі Пуцін гатовы на любыя авантуры дзеля задавальнення сваіх імперскіх амбіцый і незалежнасць Беларусі пад вялікай пагрозай.

Дэлегаты вызначалі шляхам рэйтынгавага галасавання прэтэндэнта на адзінага, якога гатовы падтрымліваць Фронт на маючым адбыцца кангрэсе дэмакратычных сілаў. У спіс было ўнесена 5 чалавек, якія раней заяўлялі пра прэзідэнцкія амбіцыі. Гэта Алена Анісім, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Аляксандр Мілінкевіч, Мікола Статкевіч. Пераважнай большасцю галасоў удзельнікі з’езда падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Мілінкевіча.

“Мілінкевіч мае добры досвед працы на кіраўнічых пасадах, таксама ён вельмі дасведчаны палітык. Да таго ж ён прытрымліваецца еўрапейскіх каштоўнасцяў і прынцыпова выступае ў падтрымку незалежнасці, што для фронтаўцаў вельмі важна. Саннікаў з’ехаў, Статкевіч у турме. Таму Міліневіч — найбольш прымальная кандыдатура”, — тлумачыць свой выбар дэлегат з’езда Уладзімір Кудраўцаў.

Пры абмеркаванні ўдзелу Партыі БНФ у выбарах цікавую канцэпцыю “народны прэзідэнт” выклаў Уладзімір Падгол. На канргэс дэмсілаў, паводле яго слоў, трэба падрыхтаваць спіс канкрэтных праграмных патрабаванняў (незалежніцкая платформа з 10 пунктаў). Арганізацыі, якія гатовыя да іх далучыцца, маюць магчымасць вылучыць у кандыдаты ў прэзідэнты па 2 чалавекі. Ініцыятыўныя групы будуць збіраць подпісы адначасова за ўсіх дэмакратычных кандыдатаў (іх можа быць хоць 10). Праводзіцца феерычная агітацыйная кампанія. За 5 дзён да асноўнага дня галасавання ўсе дэмкандыдаты на знак пратэсту супраць несумленных выбараў здымаюцца. А ў дзень выбараў праводзіцца так званы карнавал сатыры і смеху.

Кіраўніцтва ПБНФ абяцала улічыць прапанову Уладзіміра Падгола пры перамовах наконт адзінага кандыдата. Сам жа Падгол у каментары НЧ выказаў сумнеў, што яго прапанова будзе прынятая:

“Вы ж бачылі іх рэакцыю. Потым яны апынуцца ў непрыемным становішчы, бо будуць вымушаны змагацца адзін з адным за пасаду адзінага і канчаткова перасварацца. А шкада”.

З’езд Партыі БНФ таксама ўнёс праўкі ў Статут арганізацыі, якія паспрыялі яго ўдасканаленню з юрыдычнага боку, улічылі змены ў геапалітычнай сітуацыі (у прыватнасці вайсковы канфлікт Расіі і Ўкраіны), а таксама ўзмацнілі прававы блок.

Дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыі “Беларусь не павінна быць плацдармам для расійскіх вайсковых базаў!”, "Еўразійскі звяз супярэчыць беларускім нацыянальным інтарэсам”, “У падтрымку свабоду, тэрытарыяльнай цэласнасці і еўрапейскага выбару братняй Украіны”, а таксама рэзалюцыя з патрабаваннем вызваліць палітвязняў і спыніць рэпрэсіі.

Напрыканцы былі выкананыя фармальныя працэдуры для далейшага функцыянавання ГА “Адраджэнне”.  Дэлегаты прагаласавалі за кіраўніцтва арганізацыі, сойм і адпаведныя камісіі. Іх склад люстэркава паўтарыў склад структураў Партыі БНФ.