60 гадоў Берыеўскай амністыі

60 гадоў таму, згодна з указам ад 27 сакавіка 1953 года, з савецкіх лагераў і калоній было вызвалена каля 1,2 мільёна чалавек. Амністыя справакавала ўсплёск злачыннасці ў Савецкім Саюзе.



3_maliankou_i_laurencij_bieryja.jpg

Малянкоў і Лаўрэнцій Берыя

У сакавіку 1953-га міністр унутраных спраў СССР Лаўрэнцій Берыя накіраваў Маленкову сакрэтную запіску, у якой, у прыватнасці, адзначалася, што «ўтрыманне вялікай колькасці зняволеных у лагерах, турмах і калоніях не выклікана дзяржаўнай неабходнасцю».

Берыя пазначаў, што з 2,5 мільёна вязняўГУЛАГутолькі 220 тысяч чалавек з’яўляюцца асабліва небяспечнымі дзяржаўнымі злачынцамі. Акрамя гэтага, міністр падкрэсліваў, што «імклівы рост колькасці зняволеных выкліканы тым, што ў 1947 годзе былі прынятыя ўказы аб узмацненні крымінальнай адказнасці за крадзяжы». У выніку да 1 студзеня 1953 года ў лагерах апынулася 1 241 919 злодзеяў і раскрадальнікаў дзяржаўнай маёмасці, як у асабліва буйных, так і ў асабліва дробных памерах. У апошнім выпадку гаворка ішла аб даведзеных да адчаю савецкіх грамадзянах, асуджаных па так званых артыкулах «аб каласках».

У месцах зняволення знаходзілася каля паўмільёна жанчын, з якіх 6 286 цяжарных і 35 505 з дзецьмі ва ўзросце да двух гадоў. Акрамя гэтага, зняволенымі ГУЛАГу былі 238 000 пажылых людзей, а таксама 31 181 непаўналетні.

У выніку, Берыя прапанаваў удвая скараціць тэрмін пакарання асуджаным больш чым на 5 гадоў, вызваліць жанчын, якія маюць дзяцей да 10 гадоў, цяжарных жанчын, непаўналетніх (да 18 гадоў), пажылых і цяжка хворых людзей. З указа быў выкраслены абзац: «Не прымяняць амністыю да ваенных злачынцаў з ліку былых ваеннапалонных». У выніку гэтага магчымасць выйсці на свабоду атрымалі многія былыя «лясныя браты» з Прыбалтыкі, Украіны і Беларусі.

7_krim_nal_ni_kodeks_bssr_ad_1928_g_jak_dzejn_cha_u_1953_g_.jpg

Крымінальны кодэкс БССР ад 1928 г. які дзейнічаў у 1953 г.

Амністыя не распаўсюджвалася на асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў, асуджаных за бандытызм, наўмыснае забойства, контррэвалюцыйныя злачынствы і за крадзяжы сацыялістычнай маёмасці ў асабліва буйных памерах. Асуджаныя па палітычным 58-м артыкуле таксама пад амністыю не падпадалі.

27 сакавіка праект указа быў аднагалосна ўхвалены на пасяджэнні Прэзідыума ЦК КПСС і хутка ўступіў у сілу. На волю меркавалася выпусціць 1 203 421 чалавека, а таксама спыніць следчыя справы ў дачыненні да 401 120 грамадзян.

1_vacla_poljuljan.jpg

Вацлаў Палюлян

Адным з «птушанят Берыі» (так называлі, па аналогіі з адпушчанымі ў часы Керынскага, вызваленых па амністыі 1953-га) быў ураджэнец Пастаўскага раёна, Маладзечанскай вобласці БССР Вацлаў Палюлян. У жніўні 1948 года Народны суд Пастаўскага раёна прысудзіў 28-гадовага жыхара вёскі Рамашковічы да 10 гадоў пазбаўлення волі за дапамогу ў здзяйсненні забойства. Хутчэй за ўсё, хлопец нейкім чынам быў звязаны з польскім падполлем, якое дзейнічала на Пастаўшчыне.

6_davedka_poljuljana_ab_vizvalenn_1953_g_star_1.jpg

6a_davedka_paljuljana_ab_vizvalenn_star_2.jpg

                                Даведка  Палюляна аб вызваленні, 1953 г.

Вацлаў Палюлян атрымаў максімальныя 10 гадоў пазбаўлення волі, з якіх, праўда, яму давялося адседзець толькі палову тэрміну. У даведцы 8-БС, выдадзенай В.І. Палюляну 24 ліпеня 1953 года, у прыватнасці, адзначалася, што асуджаны «адбываў пакаранне ў месцах зняволення МУС па ліпень 1953 года, пасля адбыцця тэрміну з ужываннем указа ад 27 сакавіка 1953 года вызвалены і вяртаецца да абранага месца жыхарства, а менавіта ў Маладзечанскую вобласць, Пастаўскі раён, горад Паставы». Лагернае кіраўніцтва забяспечыла Палюляна білетам і адправіла дадому.

14 красавіка 1953 года Берыя і Молатаў прапанавалі вызваліць усіх замежнікаў, што падпадалі пад амністыю. У выніку савецкія спецорганы перагледзелі судовыя прысуды ў дачыненні да 41 551 замежнага грамадзяніна, у тым ліку 18 393 ваеннапалонных. Датэрмінова з месцаў зняволення было вызвалена 16 574 замежніка.

4_addzjalenne_m_l_ci_1953_g_.jpg

                Аддзяленне міліцыі. 1953 г.

Разам са звычайнымі грамадзянамі ў 1953 годзе на волю выйшлі і мацёрыя крымінальнікі. Крымінагенная абстаноўка ў Савецкім Саюзе ўскладнілася да крытычнага ўзроўню. Міліцыя не спраўлялася з разгулам злачыннасці і бандытызму. Былы супрацоўнік Міністэрства юстыцыі СССР Надзея Куршава ўзгадвала, што ў чэрвені 1953 года сталіца Бурат-Мангольскай ССР Улан-Удэстала сапраўднай «гарачай кропкай».

Горад з’яўляўся фактычна перавалачным цэнтрам, дзе сыходзіліся ўсе шляхі з Калымы і Магадана і, што самае страшнае, з Унутранай Манголіі. Гэта была не савецкая і не мангольская тэрыторыя, а адмысловы раён Кітая, у якім на пачатку 1950-х знаходзілася некалькі лагераў, дзе ўтрымліваліся забойцы, асабліва небяспечныя рэцыдывісты і рабаўнікі. Частка гэтых людзей выйшла на свабоду ўлетку 1953 года. Для большасці з іх чыгуначны вузел Улан-Удэ быў першым горадам на іх шляху.

У другой палове чэрвеня пачаўся беспрэцэдэнтны рост злачыннасці ў горадзе. Усе дзяржаўныя ўстановы былі пераведзены на казарменнае становішча. У Міністэрстве юстыцыі ў кабінетах былі ўсталяваныя раскладанкі, на якіх спалі супрацоўнікі. Вокны першага паверха былі закладзеныя мяшкамі з пяском, і ўстаноўлены кулямёты. Будынак пастаянна ахоўвалі аўтаматчыкі. Некалькі самых небяспечных дзён Міністэрства юстыцыі жыло практычна ў аблозе.

Ва Улан-Удэ пачаліся масавыя забойствы грамадзян. Міліцыя не спраўлялася з такім усплёскам злачыннасці: калі супрацоўнікі і хадзілі ў форме, то толькі групамі і са зброяй. Па раніцах на вуліцах збіралі трупы абрабаваных і забітых ноччу.

Адзінае, што маглі зрабіць улады, — гэта заклікаць грамадзян па радыётрансляцыі не выходзіць на вуліцу, забарыкадаваць дзверы і вокны. Дапамагала гэта мала. Крымінальнікі разрабавалі ўсе крамы, кафэ і іншыя прадпрыемствы грамадскага харчавання. Становішча было крытычным.

І партыйныя арганізацыі, і мясцовая ўлада, і міліцыя, і вайскоўцы апынуліся непадрыхтаванымі да фактычнага захопу горада бандытамі. Ва Улан-Удэ былі перакінутыя рэгулярныя часткі савецкай арміі з Чыты, іншых гарадоў і рэгіёнаў. Дзеянне ўказа аб непрымяненні смяротнага пакарання да злачынцаў было фактычна прыпынена, і некалькі дзён у горадзе ні днём, ні ноччу не змаўкала аўтаматная і кулямётная стральба. Бандытаў расстрэльвалі на вуліцах без суда і следства.

Падобныя падзеі адбываліся тады і пад Казанню. У адну з начэй ліпеня 1953 года курсантаў ваеннага вучылішча паднялі па трывозе, выдалі зброю, боепрыпасы і даставілі на паўстанак, размешчаны побач з горадам. Як аказалася, там спыніўся грузавы цягнік, у якім было больш за тысячу амніставаных крымінальнікаў. Адчуўшы свабоду, тыя вырваліся з таварных вагонаў і разбегліся па пасёлку, здзяйсняючы масавыя рабаванні, разбоі, згвалтаванні, забойствы.

Вайскоўцы і курсанты разам з міліцыянерамі атачылі пасёлак і загналі амніставаных у вагоны. Некаторых расстралялі пры аказанні супраціву. Былі ахвяры і сярод вайскоўцаў. Такія выпадкі адбываліся практычна па ўсёй краіне. У сувязі з сітуацыяй 2 ліпеня 1953 года Прэзідыум ЦК КПСС ухваліў праект Указа «Аб непрымяненні амністыі да асоб, асуджаных за разбой і злодзеяў-рэцыдывістаў».

Сёння большасць даследчыкаў падкрэслівае, што амністыя 1953 года, нягледзячы на ўсе негатыўныя яе наступствы, усё ж мела свае пазітыўныя бакі, перш за ўсё таму, што яна стала выратаваннем для многіх тысяч бязвінна асуджаных савецкіх грамадзян.

2_pashpart_vaclava_poljuljana_1953_g_.jpg

                         Пашпарт Вацлава Палюляна, 1953 г.

А што ж Вацлаў Палюлян? Праз пяць месяцаў пасля вызвалення з лагеру, 18 снежня 1953 года, на падставе выдадзенай у лагеры даведкі 8-БС былы асуджаны атрымаў савецкі пашпарт. Дарэчы, у новым дакуменце жыхар тагачаснай Маладзечанскай вобласці БССР на ўсялякі выпадак запісаўся беларусам.