Ад БНР да Беларусі
У ноч з 6 на 7 студзеня 1918 года ленінскі ўрад разагнаў Устаноўчы Усебеларускі з’езд — «вчерашний день революции»: на гэты форум трапіла мала бальшавікоў, там загучаў зусім не бальшавіцкі тон, адпаведна ў выніку ўлада законна магла перайсці да кааліцыі, дзе бальшавікі былі б у меншасці, і былая Расійская імперыя пайшла б далей не ленінскім шляхам.
![kollage_1_logo_1.jpg kollage_1_logo_1.jpg](/img/v1/images/kollage_1_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Савецкі ўрад нанёс паражэнне не толькі народнаму волевыяўленню, але парламентарызму і дэмакратыі, ступіў на сцяжыну да сваёй дыктатуры.
Беларускі рух, што да снежня 1917 года набыў досыць значны размах і мог на законным грунце аформіцца ў нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт краю, з-за мяснікоўскага насілля апынуўся ў крызісе: той-сёй з відных дзеячаў марнеў за кратамі, іншыя мусілі пайсці ў глыбокае падполле.
Тыя беларускія дзеячы, хто ацалеў на волі, на тайных сходах пастанавілі: 1) Першы Усебеларускі з’езд разагнаны мяснікоўцамі незаконна; 2) Савет / Раду з’езда прызнаць выканаўчым органам з’езда, і яна, Рада, павінна ажыццяўляць усе пастановы з’езда; 3) папоўніць Раду і даць права адводу, адклікання і кааптацыі; 4) БАК і іншыя беларускія суполкі неадкладна спыняюць сваё існаванне і перадаюць усе свае справы, маёмасць Радзе; 5) Цэнтральная вайсковая рада існуе як падпарадкаваны орган Радзе з’езда; 6) 2-гі Усебеларускі з’езд склікаецца ў найбліжэйшы час і г.д.
Новае папаўненне (а ў ім былі вельмі вядомыя на той час у Менску людзі, скажам, былы галава гарадской думы) ва ўмовах, што склаліся, спакваля пачало прыбіраць беларускі рух у свае рукі, асабліва эсэры. Якраз яно перад наступленнем Доўбар-Мусніцкага і немцаў склала спіс Народнага сакратарыята Беларусі — па яго словах, «урада, які цяпер мусіць абараняць інтарэсы дэмакратыі».
Народны сакратарыят прыняў рэзалюцыю:
«Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што край можа быць заняты нямецкімі войскамі.
Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен здзейсніць сваё права на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-персанальную аўтаномію.
Правы нацыі павінны знайсці сваё здзяйсненне шляхам склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму».
Мінск чарговы раз стаў у цэнтры ўвагі не толькі расійскай, але і еўрапейскай грамадскасці: сюды накіраваліся немцы, сюды заспяшаўся Доўбар-Мусніцкі, каб першым уварвацца ў горад і падаць яго немцам як даўняе польскае «място», адпаведна адразу ж вылучыўшы і тут польскае пытанне.
Доўбар-Мусніцкі меў перавагу і значную, але не рызыкнуў спажыць яе перад носам у немцаў, якія адносіліся да яго падазрона, мусіў лічыцца з Народным сакратарыятам, падзяліўшы з ім горад на сферы ўплыву.
Што загадаем рабіць у гэтых умовах Народнаму сакратарыяту? Апусціць нос, далей не дбаць пра свой люд, чакаць выніку нямецка-бальшавіцкіх варункаў? Бясспрэчна, той выбраў адзіна правільны шлях: дзейнічаць у падполлі.
Падпольныя сходкі Рады снежаньскага з’езда, Народнага сакратарыята праходзілі са спрэчкамі. Яны, спрэчкі, ішлі вакол цэнтральнага і самага хвалюючага ды балючага: што і як рабіць, на каго цяпер арыентавацца?
Неўзабаве выпрацавалі і прынялі Другую Устаўную Грамату, дзе ўжо канкрэтызавалі свае арыенціры:
«1. Беларусь у рубяжох рассялення і лічэбнай перавагі беларускага народа абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.
<…> 5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца свабода слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, безумоўная свабода сумлення, незачэпнасць асобы і памяшкання.
<…> 7. У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі права прыватнае ўласнасці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца без выкупу тым, што самі на ёй працуюць».
Зразумела, гэты дакумент не мог спадабацца ні Берліну (няма яму паклону), ні мяснікоўцам, якія зусім не жадалі страчваць уладу.
У Менск, паколькі цяпер быў вольны праезд, прыбыла невялікая дэлегацыя з Вільні, але ў ёй былі браты Луцкевічы — сярэдняга веку людзі (ім яшчэ не было і 40), але ветэраны палітычнага і грамадскага руху, ідэолагі беларускага адраджэння.
Ідэю незалежнасці ды яшчэ, як і ў Вільні, з просьбай падтрымкі Германіі многія менчукі — не толькі сярод эсэраў, меншавікоў, бундаўцаў, земцаў, але і ў Грамадзе, Народным сакратарыяце, Радзе БНР — успрынялі як бомбу. Што — мы без Расіі-карміліцы? Без яе цыцаў з нафтай? Без яе штыкоў? Калі не прападзём, дык нас жа глыне Германія ці яшчэ хто!
Былі прапановы адкрыты 25 сакавіка з’езд лічыць толькі дыскусійнай нарадаю. Ды з’езд адбыўся, прыняў рэзалюцыі, абраў кіруючыя органы БНР: прэзідэнт, старшыня і народны сакратар замежных спраў, народны сакратар скарбу, народны сакратар асветы, народны сакратар кантролю, народны сакратар вайсковых спраў і маскоўскі консул.
А гэта — з Трэцяй Устаўной Граматы, юрыдычнага акта, прынятага Радай БНР 25 сакавіка 1918 года:
«Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай».
Злашчасная тэлеграма кайзеру прывяла да крызісу БНР. Яе ўрады пачалі ператрасацца і мяняцца, але, зноў жа, справа была не толькі «бумажная»: беларуская мова была абвешчаная дзяржаўнай, пачаліся захады для адкрыцця нацыянальных навучальных устаноў, запрацавалі некалькі соцень беларускіх школ і гімназій, адчыніліся Мінская вышэйшая музыкальная школа і Мінскі педагагічны інстытут, рыхтаваліся адкрыць універсітэт, з’явіліся выдавецтвы і беларускія газеты, ажывіліся асяродкі культуры, а ўлетку ўжо мелі свае консульствы ў Літве і Украіне, накіравалі дыпламатаў у іншыя краіны, пачалі выдаваць пашпарты БНР і ўзаконілі нацыянальныя сімвалы: герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг (пазней БНР не прызнаюць ні Масква, ні Варшава, але гэта дэ-юрэ ці дэ-факта зробяць Літва, Латвія, Эстонія, Чахаславакія, Балгарыя, Фінляндыя, Турцыя ды іншыя дзяржавы, якія запрасілі да сябе беларускія дыпламатычныя і вайсковыя місіі, консульствы і прадстаўніцтвы).
Канечне ж, Беларускай Народнай Рэспубліцы тады, у кручаным 1918-м, за адзін год у самых што ні ёсць жудасных умовах было проста не пад сілу зрабіць шмат, ды ёй, бадай, удалося дабіцца самага галоўнага: паўстаць з попелу, сцвердзіцца і заявіць свету пра яшчэ адну дзяржаву — БЕЛАРУСЬ.
Фрагмент нарыса «БНР—БССР: Роздум аб пакутным шляху беларускай дзяржаўнасці».