Адабраная Радзіма: як сталінская прапаганда скрала будучыню ў «дзяцей Францыі»

Яны нарадзіліся ў вольналюбівай Францыі, і раптам апынуліся ў галечы і бязладдзі СССР, дзе многіх чакаў ГУЛАГ, хваробы, самагубствы… У розных кутках нашай краіны і сёння жывуць тыя, хто лічыць сябе «дзецьмі Францыі», чые бацькі з Заходняй Беларусі выехалі ў міжваенны час туды на заробкі, а потым, паддаўшыся савецкай прапагандзе, вярнуліся — ужо ў Савецкі Саюз. Пра іх — новая кніга журналіста «Радыё Свабода» і пісьменніка Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну».

Валер Каліноўскі са сваёй кнігай. Фота Дзіяны Серадзюк

Валер Каліноўскі са сваёй кнігай. Фота Дзіяны Серадзюк

Важная беларуская з’ява

Кніга выйшла ў Мінску ў выдавецтве «Кнігазбор». Яна раскрывае вялізны недаследаваны пласт беларускай гісторыі. Сам аўтар, франкафон, франкафіл і сябра Французскай амбасады, ня ведаў пра «дзяцей Францыі» да мінулага года, пакуль не трапіў на прыём разам з імі ў амбасадара Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэса.
Выявілася, што дагэтуль з імі сустракаўся і амбасадар Францыі ў Беларусі ў 2002 – 2006 гадах Стэфан Шмялеўскі, бацька якога, народжаны ў Беластоку, таксама перад вайной эміграваў у Францыю. Але трагічныя, а часам і драматычныя лёсы французскіх беларусаў заставаліся вядомымі толькі невялікаму колу людзей, пакуль Валер Каліноўскі не зрабіў шэраг публікацый пра іх на «Радыё Свабода».
Запісаўшы першае інтэрв’ю з Янінай Сташко (Грынцэвіч), аўтар думаў, што на гэтым усё і скончыцца. Але потым новыя героі самі сталі знаходзіць яго і прасіць распавесці пра іх гісторыі.

Яніна (Жанін) Грынцэвіч (Сташко) з сынам Чаславам. Фота прадастаўлена Валерам Каліноўскім

Яніна (Жанін) Грынцэвіч (Сташко) з сынам Чаславам. Фота прадастаўлена Валерам Каліноўскім

— Гэта выявілася маштабнай з’ява. Усе ведаюць, што былі расійскія эмігранты-белагвардзейцы, многія бачылі фільм «Усход – Захад», але ж гэта была і значная беларуская з’ява ў паваеннай гісторыі, — распавядае Валер Каліноўскі, які значную частку кнігі прысвяціў даследваньню ўмоваў сталінскай рэпатрыяцыі, а таксама беларускаму жыццю ў Францыі перад вайной і неўзабаве пасля яе.
Журналіст запісаў 14 інтэрв’ю (усе яны ўвайшлі ў выданне), вывучыў архівы сваіх героеў, перачытаў кнігі і навуковыя працы, якія выйшлі ў Францыі, Польшчы, Беларусі і Расіі, а таксама даследаваў прысвечаныя эміграцыі выданні, якія выходзілі ў Польшчы і Францыі.

Кніга Валера Каліноўскага. Фота Дзіяны Серадзюк

Людзі са складанай нацыянальнай свядомасцю

3 верасня 1919 года Польшча і пасляваенная Францыя падпісалі дамову аб іміграцыі. Францыі пасля Першай сусветнай вайны патрэбная была вольная працоўная сіла, якой у Польшчы было шмат, як і шмат беззямельных сялян.
Былі створаныя спецыяльныя каманіі па вярбоўцы работнікаў, іх прадстаўнікі прыязджалі ў польскія і заходнебеларускія мястэчкі і набіралі людзей для працы на шахтах, заводах, у аграрным сектары. На 1931 год колькасць польскіх эмігрантаў у Францыі складала 570 тысяч чалавек, а ў 1939 годзе — ужо 700 тысяч. З Заходняй Беларусі выехала каля 30 тысяч сем’яў. Пераважную большасць складалі беззямельныя сяляне, якія марылі на французскіх шахтах зарабіць на кавалак уласнай зямлі.
— Яны ўладкаваліся і нарадзілі дзяцей у Францыі. Умовы былі розныя, і вельмі часта складаныя: яны не ведалі французскай мовы і ім няпроста было жыць на чужыне. А вось іх дзеці, з якімі я паспеў пагаварыць, — гэта ўжо іншае пакаленне, — апавядае Валер Каліноўскі.
Па яго словах, з 30 тысяч беларусаў у Францыі сталінскай прапагангды паслухалася каля трох тысяч — 10 працэнтаў. Яны вярнуліся на гістарычную радзіму ў 1946 – 48 гадах. Далей іх лёсы складваліся па-рознаму: замест сацыялістычнага раю хтосьці трапіў у ГУЛАГ, кагосьці адправілі ў турму. Усіх напаткала галеча і голад. Толькі адна з 14 запісаных Валерам Каліноўскім гісторый скончылася адносна шчасліва: сям’і Сцяпана Батурыдалі кватэру ў Брэсце, сам ён змог атрымаць адукацыю і стаць выкладчыкам у Інстытуце замежных моваў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт). Хаця і яму чынілі перашкоды ў навуковай кар’еры і забаранялі выязджаць за мяжу.
— Гэтыя людзі лічаць сябе дзецьмі Францыі, бо там нарадзіліся. Многія з іх добра гавораць па-французску. Яны захавалі памяць пра свае самыя шчаслівыя гады дзяцінства, а некаторыя з іх нават пастараліся аднавіць сувязь з Францыяй — дзве сям’і, пра якія я пішу, вярнуліся туды, — дзеліцца аўтар кнігі. — Я пытаў пра іх нацыянальную свядомасць, і яна вельмі складаная. Ім цяжка пэўна адказаць, хто яны, бо паходзілі з польскіх і беларускіх сем’яў, жылі ў Францыі, а вярнуўшыся, не да канца здолелі асвоіцца. Але яны прыехалі ў беларускія вёскі, дзе панавалі беларуская мова і культура, таму я лічу, што гэта беларускі феномен.

Валер Каліноўскі з героямі сваёй кнігі. Фота прадастаўлены Валерам Каліноўскім

«Выжылі таму, што баяліся»

Ад вяртання і ўсё далейшае жыццё ў СССР «дзеці Францыі» жылі ў пастаянным страху. Цяпер ім 80-90 гадоў, і яны ўсё яшчэ не да канца пазбавіліся яго.
— Яны выжылі толькі таму, што баяліся, асцерагаліся, маўчалі, — зазначае Валер Каліноўскі. — Іх бацькі нічога лішняга не казалі. Бо калі хто нешта казаў у сталінскія часы, не выжываў.
Праз гэты страх журналісту даводзілася па некалькі месяцаў угаворваць некаторых сваіх герояў распавесці іх гісторыі. А з адной жанчынай прыйшлося нават сустракацца ўпотай, бо яе муж забараняў ёй казаць пра сваё дзяцінства і сям’ю. Праўда, потым ён змяніў сваё стаўленне і падтрымаў жонку і журналіста.
— Я доўга не мог зразумець, у чым справа, калі ўгаворваў даць інтэрв’ю Алеся Салагуба. Здаецца, і беларускамоўны, і патрыёт. Потым аказалася, у яго былі перасцярогі, што яго могуць не выпусціць за мяжу. Усё жыццё ў гэтых людзей было жаданне вярнуцца ў Францыю, а яны не маглі гэтага зрабіць, і цяпер баяцца, што зноў могуць стаць невыязнымі. А некаторыя ў апошні момант адмаўляліся, як адна жанчына з Віцебска. Яна ўжо памерла, і яе гісторыю мне запісаць не ўдалося.

Нашчадкі Алеся Салагуба (злева) пераехалі жыць у Тулузу. Фота прадастаўлена Валерам Каліноўскім 

Нашчадкі Алеся Салагуба (злева) пераехалі жыць у Тулузу. Фота прадастаўлена Валерам Каліноўскім 

Ахвяры савецкай прапаганды

Нельга сказаць, што жыццё беларускіх эмігрантаў у Францыі было намазана мёдам, зазначае Валер Каліноўскі. Яны цяжка працавалі, зазналі пасляваенныя разбурэнні і карткавую сістэму. Жыццёвыя турботы разгортваліся на фоне моцнай камуністычнай прапаганды ў Францыі, да таго ж Савецкі Саюз прывабліваў як магутная дзяржава-пераможца ў вайне. Савецкія агітатары, якія прыязджалі да перасяленцаў, запэўнівалі, што на радзіме тыя змогуць працаваць на сябе, іх дзеці будуць мець магчымасць вучыцца ў ВНУ. На сустрэчы з эмігрантамі прыязджаў асабіста наркам замежных спраў СССР Молатаў! Многіх пацягнула на радзіму, да таго ж яны ўжо зарабілі грошы, каб набыць зямлю.
— Прыехаўшы, яны сутыкнуліся са страшным голадам. Многіх адправілі на Данбас, а ва Украіне ў тыя часы быў пасляваенны галадамор, усё было разбурана, мясцовае насельніцтва не заўжды было прыязным да французаў. Ратаваліся тым, што ехалі да сваякоў у беларускія вёскі, дзе была бульба і кавалак хлеба.
У кнізе Валера Каліноўскага ёсць згадкі пра тое, што рэпатрыянтаў, былых белагвардзейцаў, якія вярталіся першым і другім класамі, адразу з парахода забіралі і везлі ў лагеры. Простых людзей збольшага звычайна пакідалі на волю лёсу, што праўда, працягвалі за імі сачыць.
— Пасля вайны савецкія ўлады здолелі перавезці з акупаванай Еўропы і Нямеччыны каля шасці мільёнаў чалавек — палонныя, остарбайтары, былыя грамадзяне СССР, уцекачы… І з іх шэсць тысяч грамадзян перавезлі з Францыі па добраахвотнай рэпатрыяцыі. Усе «дзеці Францыі» дагэтуль задаюць пытанне і не разумеюць, навошта быў увесь той здзек і пакуты. Асноўная мэта сталінскага рэжыму была разбурыць гняздо расійскай палітычнай эміграцыі і пакараць яго актывістаў. Да таго ж трэба было паказаць Захаду, што Савецкі Саюз умее дараваць, што адтуль не толькі ўцякаюць, але і вяртаюцца. Потым гэтых людзей выкарыстоўвалі для антызаходняй прапаганды: ёсць прыклады публікацый, дзе рэпатрыянты распавядаюць, як яны пакутавалі ў Францыі і як шчасліва жывуць у СССР.

"Дзеці Францыі" сёння. Фота прадастаўлены Валерам Каліноўскім

Францыя не пакінула сваіх дзяцей

Сярод выкладзеных журналістам гісторый некалькі разоў узгадваецца, што французскія працадаўцы пасля вяртання сваіх былых работнікаў у СССР адшуквалі іх і да канца жыцця выплачвалі пенсіі. А некаторыя сваякі гадамі маглі атрымліваць французскія пенсіі родных, якія ўжо памерлі.
— У Францыі была назапашвальная пенсія, якая збіралася ў пенсійных фондах. Там падлічвалі, колькі ў чалавека накапілася грошай, і пісалі лісты ў Савецкі Саюз. Так знайшлі бацьку Жанін (Яніны) Гынцэвіч (Сташко) і даслалі яму ліст з прапановай выплаціць пенсію. У КДБ яму сказалі адмовіцца, але справу ўзяў у свае рукі ўнук і ўгаварыў дзеда атрымліваць французскую пенсію. Бацькі некаторых маіх герояў самі звярнуліся да французскага боку з просьбай выплаціць ім пенсію. І яны атрымлівалі па 100 долараў (да прыкладу, савецкая пенсія складала 12 рублёў), іх пераводзілі ў чэкі «Внешпосылторга», з якімі хадзілі ў спецыяльную краму.
На атрыманыя бацькамі пенсіі некаторыя «дзеці Францыі» маглі набываць добрае адзенне, збудаваць жытло і паставіць помнікі на магілах сваіх родных. У той час як «савецкая радзіма» не лічыла патрэбным у свой час парупіцца пра звычайнае побытавае ўладкаванне рэпатрыянтаў, а часам «адплочвала» ім лагернымі тэрмінамі.

Міхаіл Моніт - вязень ГУЛАГу. Вярнуўшыся ў СССР з сям'ёй у 1947 годзе, у 1948-м паспрабаваў перайсці савецка-польскую мяжу і быў схоплены. Фота прадастаўлена Валерам Каліноўскім

Міхаіл Моніт - вязень ГУЛАГу. Вярнуўшыся ў СССР з сям'ёй у 1947 годзе, у 1948-м паспрабаваў перайсці савецка-польскую мяжу і быў схоплены. Фота прадастаўлена Валерам Каліноўскім


Усе гісторыі, выкладзеныя ў кнізе Валера Каліноўскага, розныя, і кожная запамінальная. Але сам аўтар найбольш вылучае дзве з іх. Адна — пра сям’ю, якая з 11 дзецьмі прыехала з Францыі ў Барысаў. Па дарозе іх абрабавалі, адчапілі іх вагон з маёмасьцю, потым паслалі працаваць на шкодную вытворчасць запалак у Барысаў.
 Гэтыя людзі не змаглі займець адукацыі, хаця былі вельмі таленавітымі. І ў выніку атрымалася 11 змарнаваных лёсаў. Многія памерлі маладымі, паспіваліся, нехта знік без звестак… З 11-ці цяпер засталося двое.
Яшчэ адна гісторыя — пра Поля Шылянка, які з сям’ёй трапіў у Францыю толькі ў 1958 годзе, яны мелі французскія пашпарты і ехалі ў госці да сваякоў, яны паверылі ў смерць Сталіна і думалі, што змогуць пабачыцца з роднымі і вярнуцца ў Францыю. Калі яны ехалі да родных у госці ў Бабруйск, іх схапілі і закінулі ў калгас. Але Поль Шылянок у 50 гадоў вырашыў аднавіць французскі пашпарт, паклаў 400 еўра ў кішэнь, сеў у аўтобус і паехаў у Парыж. Яму было цяжка, ён бадзяўся па вакзалах, але ў выніку Францыя яго не кінула.

Поль Шыянок з жонкай у Парыжы

Поль Шыянок з жонкай у Парыжы

Лёсы «дзяцей Францыі» аб'ядноўвае тое, што ўсе яны мрояць убачыць сваю радзіму. Некаторыя з іх здолелі гэта зрабіць, дзве сям’і нават пераехалі туды. Нехта, як нашчадак народжанага ў Францыі Рэнэ Шэміса Эдмонд Шэміс стаў дырэктарам французска-беларускага прадпрыемства «Дыліс Касметык» (гандлёвая марка «Dilis Parfum») у Маладзечна. Дарэчы, кампанія выступіла спонсарам кнігі Валера Каліноўскага, таксама выданне падтрымаў беларускі бізнесовец, ганаровы консул Францыі ў Брэсце Леанід Стаецкі.
Кнігу «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну» ўжо можна знайсці ў «Акадэмкнізе», кнігарнях «Светач», «Веды», «Цэнтральнай кнігарні» і ў прыватных распаўсюднікаў. Прэзентацыя адбудзецца ў пятніцу, 22 лістапада, а 16.00 у Доме-музеі Ваньковічаў па адрасе: горад Мінск, вуліца Інтэрнацыянальная, 33А. У ёй возьмуць удзел героі кнігі, французскі гісторык, прафесар Нікаля Вэрт, які напісаў прадмову, рэцэнзент Наталля Гардзіенка, а таксама прадстаўнікі Французскай, Польскай, Украінскай амбасадаў, гісторыкі.

73301832_2452067661678187_4221647604347305984_n.jpg


У матэрыяле выкарыстаны фотаздымкі Сяргея Гапона, Андрэя Шаўлюгі і Валера Каліноўскага