Прэзентацыя кнігі «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну» пройдзе ў Мінску

22 лістапада ў Доме-музэі Ваньковічаў адбудзецца прэзентацыя кнігі Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну», прысьвечанай беларускай эміграцыі ў Францыю ў міжваенны час і паваеннай рээміграцыі ў СССР. Кніга выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» пры спонсарскай падтрымцы беларуска-французскай кампаніі ЗАТ «Dilis Cosmetic» і ганаровага консула Францыі ў Берасці Леаніда Стаецкага.

france_1.jpg

«Кніга закрывае яшчэ адну белую пляму ў гісторыі Беларусі, Францыі і Польшчы — у ёй сабраныя 14 сямейных гісторый беларускіх французаў, эмігрантаў з міжваеннай Польшчы ў Францыю, якія паслухалі савецкую прапаганду і пераехалі ў сталінскі СССР. Дзьве значныя главы ў кнізе прысьвечаныя гістарычнаму кантэксту гэтых сямейных гісторый: у іх я сабраў зьвесткі пра эміграцыю ў Францыю з тэрыторыі сучаснай Беларусі 19-20 стагодзьдзяў, беларускую прысутнасьць у гэтай краіне ў міжваенны час і пра сталінскую рэпатрыяцыю з Францыі ў СССР.
Праца над гэтай кнігай стала для мяне захапляльным досьведам, гэта амаль паўтара гады сустрэч, інтэрвію, пошукаў у бібліятэках і архівах, напісаньня і рэдагаваньня. Я аўтар, але гэта была калектыўная праца з героямі кнігі, гісторыкамі, францускімі дыпляматамі, фатографамі, рэдактарамі і выдаўцамі. Я ім усім бязьмежна ўдзячны!» — кажа спадар Каліноўскі.
Імпрэза абудзецца 22 лістапада 2019 года а 16.00 ў Доме-музэі Ваньковічаў па адрасе: горад Мінск, вуліца Інтэрнацыянальная, 33А.
Паводле Будзьма беларусамі!