«Гэтая ўлада дазваляла забойствы». Што расказвае кніга вусных успамінаў пра ўз'яднанне беларусаў

Нядаўна выйшла кніга вусных успамінаў «За першымі саветамі». Яе рэдактар прафесар Алесь Смалянчук расказаў Свабодзе, якія міфы разбурае выданне, што было самым жахлівым і што лічылася галоўнай каштоўнасцю ў час «уз’яднання».



Кніга вусных успамінаў «За першымі саветамі»

Кніга вусных успамінаў «За першымі саветамі»

Кніга складаецца з успамінаў аб 1939–1941 гадах больш як сотні людзей з усёй Беларусі, але пераважна з заходняй часткі. Іх пачаў збіраць Беларускі архіў вуснай гісторыі ў 2001 годзе. 

«Там няма радасці ўз’яднання»

— Пра каго і пра што гэтая кніга?

— Гэта кніга пра беларусаў і палякаў, жыхароў Заходняй Беларусі, якія ў 1939 годзе нечакана апынуліся ў Савецкім Саюзе і два гады жылі «за першымі саветамі». Кніга пра тое, як сустракалі савецкую ўладу, як жылі, як ставіліся да яе, пра першапачатковую радасць, хуткае расчараванне, страх перад сталінскай дзяржавай, якая звалілася на галаву. Там няма радасці ўз’яднання, няма радасці вызвалення. Там збольшага вельмі трагічныя ўспаміны тагачасных дзяцей, якія паспелі скончыць 1-2 класы польскай школы, нехта быў у юнацкім узросце.

 

Прафесар Алесь Смалянчук, які рэдагаваў кнігу «За першымі саветамі»

Прафесар Алесь Смалянчук, які рэдагаваў кнігу «За першымі саветамі»

 

— Ці зразумела з успамінаў, гэта былі палякі або спаланізаваныя беларусы?

— Гэта не галоўнае. Тут я не бачу прынцыповай розніцы. Палякі не віталі Чырвоную Армію напачатку. Тут была розніца: беларусы спадзяваліся на перамены да лепшага, палякі не спадзяваліся ні на што, іх дзяржава развальвалася. Але праз месяц-два ўсе думалі аднолькава: «Калі гэта ўсё скончыцца?» Ёсць толькі некалькі ўспамінаў, дзе прыйшлі саветы — і жыццё стала шчаслівым. Але яны выбіваюцца з агульнага кантэксту — гэта бяда і трагедыя для ўсіх. Вельмі важны момант, калі людзі зразумелі, што не проста «вызвалілі» — вайна пачалася.

— Ёсць стэрэатып, што пасля 17 верасня 1939-га кепска было толькі багатым, якіх раскулачылі.

— У нейкім сэнсе так. Але хто быў багатым для саветаў? Калі чалавек меў карову, то ўжо быў багатым; у каго крыху больш зямлі за іншых. Вядома, абсалютную галоту і беднату не чапалі. Але сярэдні ўзровень жыхароў Заходняй Беларусі, у тым ліку вяскоўцаў, быў значна вышэйшы, чым у Савецкім Саюзе. Саветам здавалася, што кожны трэці або кожны другі — кулакі, з якімі трэба змагацца.

Адзін з успамінаў, як нехта на ровары паехаў сустракаць Чырвоную Армію. Апрануўся прыстойна. Пабілі, забралі ровар, бо пан нейкі едзе. Як ты беларус? На беларусах аруць зямлю, яны босыя, голыя ходзяць. І пайшоў шчаслівы беларус. Сустрэча з першымі саветамі запомнілася на ўсё жыццё.

— Ці людзі тады дакладна ўсведамлялі, палякі яны або беларусы?

— Для большасці гэта не было актуальнае пытанне. Гэта было важна хутчэй для інтэлігенцыі. Асноўная маса гэтых успамінаў — сялянскія. Са 107 успамінаў — 23 «палякі». У польскай дзяржаве ім было лягчэй быць палякамі. Але там больш важнае было канфэсійнае вызначэнне, падзел на каталікоў і праваслаўных. Праваслаўны звычайны быў не беларус, а «рускі».

 

У кнізе сабраныя ўспаміны больш як сотні людзей, пераважна з Заходняй Беларусі

У кнізе сабраныя ўспаміны больш як сотні людзей, пераважна з Заходняй Беларусі

 

— Ці беларусы адчувалі сябе горш за палякаў пры польскай дзяржаве?

— Большасць беларусаў радавалася [саветам] — нашыя прыйшлі. Яны не адчувалі сябе грамадзянамі, роўнымі палякам. Бо тая дзяржава была «заточаная» на палякаў і на Каталіцкую царкву. Нават Праваслаўная царква ў канцы 1930-х гадоў пачала пераходзіць на польскую мову. Беларусам трэба было цяжка працаваць, каб выжываць. Гэтая дзяржава не была ўтульнай для беларусаў. Для беларусаў увогуле няма ўтульнай дзяржавы.

 

«Найбольш уразіла людзей беззаконне»

— Ці з успамінаў відаць пераломны момант, калі прайшла радасць ад «нашыя прыйшлі»?

— Гэта адбывалася паступова, калі пачаліся рэпрэсіі. Некаторыя рэчы згадваюць са смехам, напрыклад як жонкі афіцэраў хадзілі ў пеньюарах. А рэпрэсіі — гэта калі арыштоўвалі людзей, і яны проста знікалі. Раніцай выйшлі, а суседняя кватэра апячатаная. Потым дэпартацыі, асабліва першая, якая адбылася ў лютым 1940 года, у вельмі моцны мароз: малых дзяцей загружалі ў вагоны-цялятнікі і адпраўлялі на смерць.

— Ці гэта было самым жахлівым у той перыяд?

— Калі абагульняць, тое, што найбольш уразіла людзей, — беззаконне. Закон знік. Можна было забіць чалавека. Ніякай адказнасці ніхто не нёс за гэта. Гэтая ўлада дазваляла забойствы і расправы, рабаванне. У вёсцы Саволеўцы захаваліся ўспаміны, як асаднікаў забівалі сякерамі мясцовыя беларускія крымінальнікі-камуністы. А потым, пасля вайны, ён ужо ўчастковы міліцыянер, але для мясцовых людзей — проста забойца.

 

Першапачатковая радасць уз’яднання мінула, калі пачаліся рэпрэсіі

Першапачатковая радасць уз’яднання мінула, калі пачаліся рэпрэсіі

 — Ці быў гэты час за першымі саветамі толькі кепскім?

— Ва ўспамінах людзей практычна няма плюсаў. Потым, аналізуючы, нехта мог сказаць, што ў гэты час з’явіліся беларускія школы. Беларус мог атрымаць бясплатную адукацыю, сярэднюю і вышэйшую. Раней гэта было амаль немагчымым, бо каштавала вялікіх грошай, якіх звычайна не мелі. Часта ствараліся школы для беларусаў на рускай мове, для палякаў — на беларускай. Беларуская мова была сродкам русіфікацыі, пераходным этапам. Усіх адсаджвалі на год назад, каб вучылі мову.

Адзін з успамінаў, што тата знайшоў працу на чыгунцы, пачаў добра зарабляць, на стале з’явіліся цукеркі, цукар.

Але для большасці гэта былі перамены на мінус. Тое, што адразу адчулі, — дэфіцыт прадуктаў. Бо тут жа [у Заходняй Беларусі] у крамах было ўсё, а там, у БССР, нічога. Саветы прыйшлі і прыраўнялі рубель да злотага, які рэальна быў мо дзесяць да аднаго. І на рублі, якія там нічога не вартыя, пачалі скупляць усё што можна. І тут восень [1939 году] была страшная, таму што ўсё прапала. З ночы трэба было станавіцца ў чаргу ў краму, каб нешта купіць. У 1940 годзе ўлады зразумелі праблемы, пачалі займацца забеспячэннем — і неяк сітуацыя стабілізавалася.

Многія ўспамінаюць пра выбары ў Народны сход, якія шакавалі беларусаў, бо ў бюлетэні было адно прозвішча. Як выбіраць? Калі ўсё было захоплена, трэба было правесці Народны сход у Беластоку, выбраць 900 з нечым чалавек, якія б прагаласавалі за тое, каб Заходняя Беларусь далучылася да БССР.

 

«Мясцовая свалата стала саюзнікамі першых саветаў»

— Ці людзі казалі, што, каб добра жыць за першымі саветамі, трэба было стаць несумленным чалавекам?

— Людзі выслужваліся тым, што ішлі і забівалі леснікоў, паноў. Спадзяваліся атрымаць за гэта ўзнагароду. Стваралі сялянскія рэвалюцыйныя камітэты, можна было станавіцца ўладай такім чынам. Не тое каб станавіцца здраднікам, а проста служыць новай уладзе, спакойна пераступаючы праз сумленне, грамадскія нормы жыцця. Значная частка беднаты ўбачыла, што так можна. Тыя, хто забіваў, не працавалі, пілі. Такія людзі, якіх ніхто не паважаў, сталі на чале новай мясцовай улады. Мясцовая свалата стала саюзнікамі першых саветаў.

 

fa5b3798_b2a1_4c7d_9264_74d0feded141_w1597_n_r0_st.jpg

 

— Ці адказвае кніга на пытанне, што лепей: аб’яднацца беларусам такім шляхам або застацца ў складзе польскай дзяржавы?

— Так і пытанне ставіць не варта. Безумоўна, нам трэба быць у адной дзяржаве, таму вельмі важна, што аб’ядналіся. Але на гэтым не варта ставіць кропку. Трэба працягваць, што гэта было аб’яднанне ў межах таталітарнай дзяржавы, сталінскага лагеру, дзе жыццё чалавека нічога не каштавала, дзе людзі проста знікалі, іх знішчалі. Можа, і нашыя сённяшнія праблемы ад таго, што мы так уз’ядналіся. Сталін з Гітлерам нас сабралі разам, і гэта дало штуршок на ўсю беларускую гісторыю. І сёння гэта адчувальна. Інакш было б, калі б людзі самі ўзняліся на гэтую барацьбу.

Так, з пазіцыі гісторыі беларускай дзяржавы гэта абсалютна пазітыўна, а з пазіцыі жыцця простага чалавека пачынаеш думаць, што і як. Ідэальны варыянт — стварэнне сваёй нацыянальнай дзяржавы, дзе ты адчуваеш сябе гаспадаром.

 

Прэзентацыя кнігі

Прэзентацыя кнігі

Героі гэтай кнігі не жылі катэгорыямі беларускага нацыянальнага руху, гэта было сялянскае жыццё, для іх нацыянальнасць была справай, якую яны не ўсведамлялі. Важна было проста жыць, вось дзеці растуць, прыбытак, каб можна было ровар купіць.

Уз’яднання ж не было адразу, захавалася мяжа да 1941 году. Нельга было набыць квіток і з Горадні паехаць у Менск. Былі ўспаміны, што толькі аднойчы ўзімку дазволілі сустрэцца [двум бакам] на лёдзе ракі Случ.

 

«Насуперак абставінам дэманстравалі вельмі чалавечы падыход»

— Якія эмоцыі герояў пераважаюць у гэтай кнізе?

— Найбольш успамінаў пра рэпрэсіі, дэпартацыі, забойства асаднікаў. У іх адна з галоўных каштоўнасцяў не ідэя нацыянальнай дзяржавы, а каштоўнасць чалавечага жыцця — агульнахрысціянскія, агульначалавечыя моманты. Яны асуджалі забойствы. Нельга ўратаваць сваё жыццё коштам жыцця іншага. Кожны мае права на жыццё, ніхто не мае права гэтае жыццё адабраць. Усё, што ставіць чалавечае жыццё пад пагрозу, асуджаецца.

— Ці было адрозненне ў стаўленні да саветаў у залежнасці ад рэгіёну, гораду?

— Адрозненне было на памежных тэрыторыях з БССР. Гэтая радасць, пра якую казалі, прысутнічала далей ад мяжы. На памежжы ведалі, як жывецца пры калгасах, у Саюзе, і ніякай радасці не мелі.

Горадня мела свае асаблівасці, бо тут быў сур’ёзны бой з саветамі два дні. Была помста за гэта. Тут былі мацнейшыя рэпрэсіі. Ёсць згадкі, не пацверджаныя дакумэнтальна, што ўзвод польскіх салдат расстралялі без суду.

— Якія міфы пра той час разбурае гэтая кніга?

— Можна ставіць пад сумнеў міт уз’яднання, бо ў масавай свядомасці не было ўсведамлення гэтага. Міт шчасця і радасці, якія потым былі перакрэслены жорсткай рэчаіснасцю жыцця за першымі саветамі. Міт беларуса, які шчыра вітае Чырвоную армію: бо збольшага стрымліваліся, баяліся — усё ж узброеныя людзі прыйшлі ў вёску.

 

Алесь Смалянчук

Алесь Смалянчук

— Што вас асабіста найбольш уразіла ў гэтых успамінах?

— Што ўва ўсёй змрочнай карціне прысутнічаюць фрагменцікі пра людзей, якія насуперак абставінам дэманстравалі вельмі чалавечы падыход да тых, хто апынуўся ў бядзе. Калі камуністы забівалі асаднікаў, рэшта вёскі ратавала іхных дзяцей. Жанчына, якая пабыла арыштаванай, успамінала, што былі назіральнікі, якія ўсю ноч хадзілі і ключамі білі па дзвярах, каб не спалі, а былі тыя, што давалі магчымасць адпачыць. Або прыйшлі ў лазню, а там 5 літраў вады на жанчыну, каб памыцца. А наглядчык сказаў: «Бярыце, колькі хочаце». Дробязь, за якой стаяць адносіны. Уражвае, што ў такі трагічны перыяд у памяці людзей засталіся эпізоды дабрыні.

www.svaboda.org