Юрась Беленькі: Памяць пра палітычныя рэпрэсіі – гэта справа адважных
Памяць пра палітычныя рэпрэсіі — гэта справа адважных — сказаў у эфіры Радыё
Рацыя намеснік старшыні кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі па выніках шэсця да Лошыцкага яра.
Напярэдадні памінальная акцыя прайшла ў Мінску. У месцы расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў сабралася каля 50-ці чалавек.
“Гэта небагата, хаця ў сучаснай палітычнай сітуацыі трэба мець адвагу, каб выйсці на такое мерапрыемства”, — заўважае адзін з арганізатараў Юрась Беленькі.
Каля двух дзясяткаў сілавікоў у цывільным суправаджалі ўдзельнікаў шэсця і здымалі іх на відэа.
— Вельмі ўдзячны тым людзям, якія штогод прыходзяць на такія мерапрыемствы. І тым, якія яшчэ больш робяць, напрыклад, як Ян Дзяржаўцаў з Віцебска, які адкрыў падобныя пахаванні ахвяраў рэпрэсій ля вёсцы Хайсы. І таксама выклікаў на сябе «агонь». Гэта адважныя людзі. Я бы сказаў, што гэта эліта нацыі — і сталага, і сярэдняга, і маладога веку людзі, якія кожны год прыходзяць на такія мерапрыемствы для таго, каб гэтая традыцыя не згасла. Яны трымаюць тут сцяг, сцяг гонару і годнасці беларускай нацыі.
Шэсце і мітынг у Лошыцкім яры КХП-БНФ традыцыйна праводзіць праз тыдзень пасля аналагічнай акцыі ў Курапатах. Абедзве акцыі прымеркаваныя да дня памінання продкаў «Дзяды». Лошыцкі яр — урочышча ля мікрараёну Лошыца ў Менску, дзе ў 1937–1941 гадах органы НКУС праводзілі масавыя расстрэлы. Дакладная колькасьць ахвяраў невядомая.
Улад Грынеўскі,
Беларускае Радыё Рацыя