У Мінску адбылося шэсце памяці да Лошыцкага яра
Каля 50 чалавек 10 лістапада ўзялі ўдзел у шэсці да Лошыцкага яра — месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, перадае Радыё Свабода.
Акцыя, арганізаваная Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ і санкцыянаваная гарадскімі ўладамі, пачалася ў 12.30 ад Мінскага гарадскога палаца культуры (былы ДК камвольнага камбінату).
Удзельнікі неслі транспарант «Дзяды», бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі КХП-БНФ і аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Іх суправаджалі каля двух дзясяткаў сілавікоў у цывільным, якія здымалі шэсце на відэа.
Мітынг у Лошыцкім яры доўжыўся каля гадзіны. Выступілі намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі і іншыя сябры партыі. Быў зачытаны зварот лідара КХП-БНФ Зянона Пазняка.
Шэсце і мітынг у Лошыцкім яры КХП-БНФ традыцыйна праводзіць праз тыдзень пасля аналагічнай акцыі ў Курапатах. Абедзве акцыі прымеркаваныя да дня памінання продкаў «Дзяды».
Лошыцкі яр — урочышча ля мікрараёну Лошыца ў Мінску, дзе ў 1937-1941 гадах органы НКУС праводзілі масавыя расстрэлы. Дакладная колькасць ахвяраў невядомая. Паводле ацэнак Пазняка, тут пахавана ад 7 да 10 тысячаў рэпрэсаваных.