Знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі спецслужбамі

Каб апазнаць праявы нацыяналізму, КДБ знайшоў самы просты спосаб: «Постоянно разговаривает на белорусском языке, значит, — националист». Беларускамоўны інтэлігент, такім чынам, станавіўся патэнцыйным носьбітам крамолы. Усё гэта рабілася, каб не дапусціць росту нацыянальнай свядомасці інтэлігенцыі.

Каля Акадэміі Навук, злева направа: Алесь Яскевіч, Іван Цішчанка, Іван Марчанка, Іван Яшкін, Арсень Ліс

Каля Акадэміі Навук, злева направа: Алесь Яскевіч, Іван Цішчанка, Іван Марчанка, Іван Яшкін, Арсень Ліс




Счакаўшы нейкі час, справу пад назваю «Акадэмічны асяродак» КДБ такі завяло. Цікава. Няхай сабе супраць Сцяпана Міско і Міколы Прашковіча органы дзяржбяспекі маглі назбіраць, назбіралі сякога-такога кампрамату…

Сцяпан неаглядна па тым часе вальнадумнічаў, дазваляў сабе іранізаваць над устаноўкамі, некаторымі ідэалагемамі ўлады. Мікола кантактаваў з былой палітзняволенай, паэтэсай Ларысай Геніюш… Што да мовазнаўцаў Алеся Каўруса і Валянціна Рабкевіча, проста цяжка ўявіць, зразумець, што за прэтэнзіі да іх магла мець служба КДБ.

На пачатку 1970-х абодва хлопцы яшчэ надта мала што паспелі зрабіць у жыцці. Адно, час ад часу публікавалі заметкі аб культуры мовы. Навукова засвоіўшы пісьмовыя традыцыі беларускай мовы, дбалі аб правільнасці і чысціні яе ў перыёдыцы і на радыё. Былі пільнымі да так званых русізмаў. Няўжо ў гэтым можна было ўгледзіць правіну, абвінаваціць навукоўцаў у нацыяналізме?

Дарэчы, Сцяпана Міско абурала, як так званыя кампетэнтныя органы ўмудрыліся ўлучыць яго ў «арганізаваную групу «Акадэмічны асяродак» разам з А. Каўрусам і В. Рабкевічам, з якімі ён нават не быў асабіста знаёмы.

 Згодна з той, сканструяванай у кабінеце палкоўніка КДБ Рэпіча, справай, літаратуразнавец Мікола Прашковіч, даследчык старажытнага беларускага тэатра Сцяпан Міско, гісторык Міхась Чарняўскі ды мовазнаўцы Алесь Каўрус і Валянцін Рабкевіч абвінавачваліся ў нацыяналізме і былі звольненыя з працы. Як было заведзена практыкай 1930-х, звальненне суправаджалася асуджэннем «зламыснікаў» у калектывах.

Са сваім фіктыўным адкрыццём-выкрыццём дысідэнтаў сярод навукоўцаў КДБ пачаў выходзіць на шырэйшую грамадскасць.

Мусіла абмяркоўвацца, абмяркоўвалася тая інфармацыя КДБ і ў Саюзе пісьменнікаў. Перадавалі, што калі вядучы партсхода І.П.Шамякін між іншым задаўся рытарычным пытаннем: «Кажуць, што Арсень Ліс (а я ў той час ужо быў чальцом Саюза пісьменнікаў) таксама належаў да тых хлопцаў з Акадэміі», — хвілінную паўзу парушыў Іван Якаўлевіч Навуменка. У паважанага навукоўца і пісьменніка я ў свой час пісаў дыпломную работу і зрэдзь часу наведваўся ў сціплую халасцяцкую кватэру яго пры студэнцкім інтэрнаце. Задаваў свайму шаноўнаму педагогу пытанні, не толькі датычныя дыплому… Дык вось, як пераказвалі мне потым, І.Я. Навуменка на тым сходзе сказаў: «Я даўно ведаю Ліса як сур’ёзнага, адказнага студэнта і перспектыўнага навукоўца». На гэтым абмеркаванне віртуальных дысідэнтаў на пісьменніцкім сходзе і скончылася.


* * *

Падобна на тое, што вынас Камітэтам дзяржбяспекі на грамадскае абмеркаванне справы т. зв. «Акадэмічнага асяродка» папярэднічаў праслухванню яе на закрытым пасяджэнні ЦК КПБ. Апошняе адбылося з ініцыятывы сакратара ЦК КПБ Кузьміна А.Т.

Цяжка сказаць, наколькі партыйнае кіраўніцтва рэспублікі паверыла КДБ аб існаванні арганізаванай групы навукоўцаў-нацыяналістаў. «Накапаныя» службоўцамі ахоўнага ведамства факты, на пранікнёны, узважаны погляд, наўрад былі пераканаўчымі, доказнымі. Але, з другога боку, ігнараваць старанні спецпадраздзялення КДБ аніяк не выпадала. Ужо тое, што КДБ БССР наўпрост справаздавалася свайму цэнтру ў Маскве, выключала непрызнанне выніку яго працы, прымушала кіраўнікоў рэспублікі да аргвывадаў. Аднак характэрна, публічнае асуджэнне апальных навукоўцаў было спынена. Публікацыі аб выкрыцці дысідэнцкай групы ў Акадэміі Навук у друку не з’явілася.

Злева направа: Іван Цішчанка, Арсень Ліс, Пётра Сергіевіч, Аляксей Гардзіцкі, Сцяпан Міско, верхні шэраг злева направа: Алесь Траяноўскі, Алесь Яскевіч, Міхась Шушкевіч, Іван Чыгрын. 1963 г, Першая выстаўка прац Сергіевіча ў Мінску

Злева направа: Іван Цішчанка, Арсень Ліс, Пётра Сергіевіч, Аляксей Гардзіцкі, Сцяпан Міско, верхні шэраг злева направа: Алесь Траяноўскі, Алесь Яскевіч, Міхась Шушкевіч, Іван Чыгрын. 1963 г, Першая выстаўка прац Сергіевіча ў Мінску

Паказальна, і таго нельга не адзначыць, КДБ у яго бэсэсэраўскім фармаце ў наступныя гады, аж да развалу імперыі, нічога падобнага, ніякага нацыяналізму не выяўляў у Беларускай ССР.

* * *

Становішча пяці навукоўцаў Акадэміі навук, улучаных спецслужбай у міфічны «акадэмічны асяродак», напачатку складалася драматычна. Адно, апынуліся без працы, кавалка хлеба, а па-другое, няясна было з далейшай перспектывай у жыцці. Закрытая дарога ў навуку? Праўда, неўзабаве сам Пётр Міронавіч Машэраў пацікавіўся «нацыяналістам» С.М. Міско і ўзнавіў яго ў партыі. Апальны Міско атрымаў месца рэдактара ў Кніжнай палаце. Міхась Чарняўскі пры падтрымцы земляка мастака Васіля Шаранговіча да часу ўладкаваўся рабочым у Мастацкім камбінаце Саюза мастакоў. Праз нейкі год пры супраціўленні тагачаснага дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР П.Ц. Петрыкава быў вернуты ў аддзел археалогіі акадэмічнага інстытута, дзякуючы распараджэнню сакратара ЦК КПБ А.Т. Кузьміна. Не расказваючы, як тое адбылося, Міхась падчас адной з нашых беглых сустрэч толькі сказаў: «Кузьмін — гэта чалавек!».

Міхась стойка перанёс ілжывае абвінавачанне, пераслед і ў далейшым сваім жыцці здолеў плённа папрацаваць дзеля беларускай археалагічнай навукі і не толькі…

Быў шчырым патрыётам Беларусі, жыў, працаваў, як сказана ў паэта, «каб не змалела Айчыны ідэя».

Вынікі археалагічных раскопак, шматгадовае даследаванне неаліту і бронзавага веку ў Беларусі абагульніў у трох манаграфіях. Сур’ёзнае пазнавальнае значэнне мае Міхасёва кніга «Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі». Неардынарныя веды па археалогіі, гісторыі Радзімы далі магчымасць Міхасю Чарняўскаму напісаць некалькі кніг мастацкіх нарысаў «Вогненапаклоннікі», «Страла расамахі», «Правадыр крылатых вершнікаў: Ян Караль Хадкевіч», ацэненых як адметныя творы небагатай у беларускай літаратуры гістарычнай тэматыкі. Неўзабаве Міхася Чарняўскага прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР.

У разняволеныя 1990-я гады Міхась Чарняўскі быў руплівым, дзейсным у грамадска-палітычным жыцці. Спрычыніўся да заснавання ГА «Мартыралог Беларусі». Разам з сябрам Міхасём Ткачовым рупіўся аб стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Заснаваў і рэдагаваў бюлетэнь ГА «Ветэраны Адраджэння» «Verytas».

Сфальсіфікаванае абвінавачанне Сцяпан Міско, Алесь Каўрус, Валянцін Рабкевіч прайшлі, дакладней, перажылі не без стратаў. Але ўсе здолелі рэалізаваць сябе як людзі творчыя.

Сцяпан Міско выдаў сваю кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную школьнаму беларускаму тэатру XVI–XVIII стагоддзяў асобнай манаграфіяй. На жаль, да тэатразнаўчай працы, апынуўшыся па-за сценамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, не вярнуўся.

Валянцін Рабкевіч абараніў дысертацыю па мове ды патрапіў адбыцца як беларускі літаратар, найбольш прадуктыўны ў перакладчыцкай працы. Пераўствараў на беларускую мову вершы А.Ахматавай, С.Ясеніна, М.Рыльскага. Перакладаў прозу М.Гогаля, М.Зошчанкі, папулярныя ў свой час раманы «Мары не паміраюць» Л.Метсэра, «Жанчына ў пяску», «Чужы твар» Коба Абэ і іншыя.

Алесь Каўрус жа, пакантаваўшыся без працы каля года, нарэшце ўладкаваўся ў Педінстытут імя Максіма Горкага, дзе працаваў на кафедры беларускай мовы пад кіраўніцтвам слыннага беларускага мовазнаўцы, педагога, прафесара Ф.М. Янкоўскага. Ужо самі назвы Алесевых кніг могуць нешта сказаць пра іх змест, характар і агульны напрамак клопату Каўруса-навукоўца. Вось назвы некаторых з іх: «Культура слова», «Стылістыка беларускай мовы», «Слова наша роднае», «Мова народа, слова пісьменніка», «Дакумент па-беларуску».

Арсень Ліс з Сямёнам Падокшыным, 1964 год

Арсень Ліс з Сямёнам Падокшыным, 1964 год

* * *

Падступна сфабрыкаваная КДБ справа «Акадэмічны асяродак» жорстка, фатальна адбілася на жыцці, чалавечым лёсе Міколы Прашковіча. Хлопец пачынаў як паспяховы літаратуразнавец. Прайшоўшы аспірантуру ў спецыяліста па старажытнай рускай літаратуры прафесара Яроміна ў Ленінградзе, Мікола паспяхова абараніў кандыдацкую па творчасці Сімяона Полацкага. Даволі актыўна пачаў друкавацца па старажытнай беларускай літаратуры. Напісаў кніжку «Францішак Скарына — беларускі першадрукар». У сааўтарстве з А. Коршуновым выдаў кнігу Ф. Скарыны «Прадмовы і пасляслоўі», забяспечыўшы яе належным навуковым каментарам. Актыўна адгукаўся на выхад розных беларускіх выданняў рэцэнзіямі. Займаўся перакладам з украінскай мовы.

Звольнены са становішча старшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры АН БССР, Мікола на пачатку стаў грузчыкам. Пазней удалося ўладкавацца карэктарам у часопісе «Родная прырода», затым у рэдакцыі газеты «Вячэрні Мінск».

Не спабіўшыся на ўласны жыллёвы кут, жыў дзе давядзецца. Практычна апынуўся зусім выбітым з жыццёвай каляіны. Расхварэўся, з’ехаў на малую радзіму, што на Менскай Бярозаўшчыне. Неўзабаве самотны, хворы, зняможаны трагічна адышоў у вечнасць. Проста згарэў у бацькавай хаце. Як там тое сталася — невядома.


* * *

З-за занятасці, а дакладней, нядбаласці, толькі праз гады даведаўся я пра адрасат Міколавага ліставання. Перапісваўся ён з унучкаю ўкраінскага паэта-рэвалюцыянера, знанага класіка ўкраінскай літаратуры Івана Франко. У верасні 1939 года, з прыходам на Заходнюю Украіну Чырвонай Арміі, НКУС у Львове сярод іншых украінскіх інтэлігентаў арыштавала паэтавага сына, прафесара Пятра Франко. За што? Папросту, усеўладнае сталінскае ведамства заўсёды мела план і квоту на элімінацыю інтэлігенцыі. Аналагічна восенню 1939 года адбылося і пры вызваленні Заходняй Беларусі. Яшчэ пры функцыянаванні ў Вільні «Беларускага ўпраўлення» на чале з І.Ф. Клімавым, у кастрычніку 1939 года былі арыштаваны беларускія дзеячы, пісьменнікі, журналісты Антон Луцкевіч, Уладзімір Самойла, Аляксандр Уласаў, Макар Краўцоў, Вячаслаў Багдановіч, Баляслаў Друцкі-Падбярэскі і іншыя. Лёс іх быў трагічны.

Такі ж лёс напаткаў і ўкраінскага прафесара Пятра Франко. Пры хапатлівым адступленні ў 1941 годзе з Львова НКВД яго вывезла, а пазней расстраляла. Ягоная дачка даведалася пра гэта ў 1950-я гады, калі прыйшла пасмяротная рэабілітацыя.

Можна здагадвацца, што магла пісаць, пісала ў лістах беларускаму навукоўцу Прашковічу гэта кроўна пакрыўджаная ўладай жанчына і што ён адказаў на яе жалі, гнеў, абурэнне. Пісьмовы дыялог іх, пэўна, быў гарачы, адметны характарам зместу. Перапіска не магла не зацікавіць спецведамства. Яна, зразумела, падлягала перлюстрацыі.

Менавіта ліставанне стаўшых паднагляднымі навукоўцаў, відаць, і навяло ахоўнае ведамства на думку сфальсіфікаваць справу т. зв. «Акадэмічнага асяродка».

Антынацыянальнаму падраздзяленню КДБ БССР трэба было апраўдваць сваю працу-службу: справаздавацца вынікова, пераканаўча. Тым больш, што аналагічная структура ахранкі на Украіне дэманстравала канкрэтныя факты выкрыцця і судовага асуджэння дысідэнтаў, асабліва нацыянальна арыентаваных.

А ў прынцыпе жорстка-сумная гісторыя з маладымі беларускімі навукоўцамі — адна з безлічы, якія маглі адбыцца, адбываліся ў закрытым, бяспраўным грамадстве таталітарнай палітычнай сістэмы.

Арсень Ліс з сынам Яраславам. Вёска Залессе, 1974 год

Арсень Ліс з сынам Яраславам. Вёска Залессе, 1974 год


* * *

Выконваць сваё дзяржаўнае прызначэнне — выяўляць нацыяналізм у Беларусі 1960-х — 1970-х гадоў органам дзяржаўнай бяспекі было адначасова лёгка і цяжка. І ў сказаным няма парадокса. Лёгка — таму, што беларуская інтэлігенцыя, свядомая лёсу свайго народу, паўсталая ад пачатку ХХ стагоддзя і колькасна ўзросшая ў рэнесансныя для Савецкай і Заходняй Беларусі 1920-я гады, цягам наступных 1930-х — 1940-х была стратэгічна вынішчана сталінскім рэжымам. Усе дзялянкі жыццядзейнасці народу таталітарны рэжым, усталяваны Сталіным, стараўся замяніць, замяніў паслухмянай наменклатурай, якая па прыродзе сваёй не магла мець ніякіх нацыянальных інтэнцый. Яна вырасла ўжо ў спецыфічных умовах закрытага таталітарнага грамадства і была адчужана ад свайго народу нават мовай.

Службоўцам падраздзялення КДБ БССР, прызначанага для сыску, нагляду за праявамі нацыяналізму, заставалася адно — сачыць за інтэлігентнымі адзінкамі, што яшчэ не паспелі счурацца роднай мовы.

Пасля жахлівых сталінскіх рэпрэсій мала хто з ацалелых інтэлігентаў азываўся беларускім словам. На свядомасным узроўні яно было на падазрэнні дзесь. Людзі памяталі, чым закончылася беларусізацыя 1920-х гадоў, у чым па сутнасці вінавацілі ўладныя чыноўнікі рэпрэсаваную масава беларускую інтэлігенцыю.

Мушу паўтарыцца, сачыць за праявамі нацыяналізму як палітычнай з’явы ў другой палове ХХ стагоддзя было няпроста, з’яўлялася перастрахоўкай з боку Масквы. Палітычным спадкаемцам Сталіна не было падстаў баяцца беларускага сепаратызму. Па агульным прызнанні, БССР лічылася самай інтэрнацыянальнай рэспублікай у Саюзе. М.С. Хрушчоў, будучы высокім госцем Мінска, хваліў беларусаў, што не трымаюцца роднай мовы, абяцаў, што першымі ўступяць у камунізм. Пры гэтым злёгку папракнуў сакратара ЦК КПБ Кірыла Мазурава за тое, што вітаў яго па-беларуску.

Трактаваць нагляднымі органамі спробу студэнтаў БДУ дабіцца на філфаку выкладання прадметаў навучання на беларускай мове як праяву нацыяналізму было занадта вялікай нацяжкай. Ды што зробіш, калі трэба выконваць дзяржаўнае заданне. Крытэрыямі апазнання праяў нацыяналізму спецведамствам быў знойдзены самы просты спосаб выведкі. У навуковых, навучальных ды іншых установах, інтэлігенцкіх «свае людзі» з КДБ канкрэтна адказвалі на спушчанае ім пытанне: «Кто разговаривает на белорусском языке?» З гэтага рабілася простая, як аглобля, выснова: «Постоянно разговаривает на белорусском языке, значит, — националист». Беларускамоўны інтэлігент, такім чынам, у вачах органаў станавіўся патэнцыйным носьбітам крамолы, — нацыяналізму. Практычна ж ішлося аб наглядзе за ростам нацыянальнай свядомасці, чалавечай годнасці інтэлігенцыі.