Альгерд Абуховіч: герой, якім можа ганарыцца ўся Беларусь

У апошнія дні на магіле пісьменніка Альгерда Абуховіча можна было пабачыць невялікія групы жыхароў Слуцка. У суботу, 3 кастрычніка, там пабывала моладзь. 4 кастрычніка, на Дзень настаўніка, па ініцыятыве Слуцкага таварыства беларускай мовы, памяць Альгерда Абуховіча ўшанавалі каля 20 чалавек.

Альгерд Абуховіч. Фота: Вікіпедыя

Альгерд Абуховіч. Фота: Вікіпедыя

Ці патрэбна наведваць старую і амаль закінутую магілу чалавека,які памёр аж у 1898-м годзе? Навошта гэта сучасным людзям?
Сваімі думкамі дзеліцца былая настаўніца гісторыі і замежнай мовы Салігорскага раёна Алена Андрэеўна Дубіцкая.
Па-першае, хачу шчыра падзякаваць мясцоваму ТБМ за арганізацыю своесаблівага ўрока нацыянальнай свядомасці для неабыякавых случчан, — кажа былая настаўніца. — Я большую частку свайго жыцця пражыла ў Салігорскім раёне, і ў нас там былі свае героі. Але ж Альгерд Абуховіч не герой «мясцовага разліву», яго выбітнай постаццю можа ганарыцца ўся Беларусь. Асабліва ў наш час, калі зноў народ змагаецца за лепшую долю і волю. Нават зусім скупыя біяграфічныя звесткі пра яго жыццё малююць адданага змагара за вольную Беларусь, за беларушчыну. Вы падумайце: тады яшчэ толькі-толькі фарміравалася беларуская літаратурная мова. А даследчыкі сцвярджаюць, што яго ўклад у мову не меншы за ўнёсак Францішка Багушэвіча.
Тое, што да нашых часоў дайшлі толькі 4 байкі «беларускага Крылова» — дык зразумела, па якой прычыне. Хто ж тады мог друкаваць такія словы паэта-дэмакрата, былога ўдзельніка антырасійскага паўстання:
Хоць галодзен, ды свабодзен,дзе мне цягне — там бягу.З галадухі прападу,а ў няволю не пайду.


— Наколькі актуальная творчасць Альгерда Абуховіча ў наш час?
— Прайшло больш за 150 гадоў, а гэтыя словы цяпер актуальныя, як ніколі. Гэта ж праблема выбару і для нашых цяперашніх дзеячаў — як чынавенства, так і культуры: сагнуцца, прагнуцца, абслужыць аднаго нахабнага самадура, альбо падняць галаву, выступіць супраць насілля. Быць з народам у барацьбе за яго свабоду. А цытаты з іншай байкі?
А авечкі што сказалі?Іх на сход зусім не звалі.А напісалі ў пратаколе,Што авечкам дана воля.
Абуховіч пісаў пра пару, калі вызвалялі сялян і калі з думкамі саміх сялян ніхто не лічыўся. А хто лічыўся з думкамі беларусаў на выбарах, калі фальсіфікавалі пратаколы? Ці не гэтак жа праўладнае чынавенства і выбарчыя камісіі больш за 20 гадоў лічылі беларусаў авечкамі? І хочуць далей падмануць праз падсоўванне нейкай канстытуцыйнай рэформы на чарговых фальшывых выбарах?
— Якія падзеі з жыцця Альгерда Абуховіча вас закранаюць найбольш?
— Мяне ўражваюць усе біяграфічныя звесткі. Вырас у багатай сям’і, але, як стаў дарослым, раздаваў землі сялянам. Мог бы працягваць жыць бязбедна ў культурнай Францыі — дык не. Успыхнула антырасійскае паўстанне, якое мы называем у Беларусі паўстаннем Кастуся Каліноўскага. Адразу ж вярнуўся на радзіму, каб ваяваць ужо не з пяром, а з вінтоўкай, за родны край супраць рэгулярных войскаў Расійскай імперыі. Нават дамоў не заехаў. Пасля — як правал у яго жыцці. Даследчыкі пішуць, што быў у Сібіры. Вярнуўся, не пакаяўся перад царом. Хаваўся ў Слуцку, перабіваўся выпадковымі ўрокамі, як прыватны настаўнік. І гэта чалавек, які дасканала ведаў шмат еўрапейскіх моў!
Працягваў змагацца за беларускасць і супраць будучай расійскай асіміляцыі мовы нават праз шрыфт — хацеў, каб беларуская мова адрознівалася ад расійскай нават у шрыфце. Пісаў па-беларуску не кірыліцай, а лацінікай.
На мой погляд, адносіны цяперашняй улады да яго постаці відавочныя па выглядзе яго беднай магілкі. Але добра, што не знішчана.
Ад сябе, як карэспандэнта НЧ дадам, што Слуцкае таварыства беларускай мовы зараз задумалася над тым, як добраўпарадкаваць магілу Альгерда Абуховіча такім чынам, каб і не парушыць старажытны помнік, і каб ён быў больш адметным на могілках на вуліцы 14-Партызан. Даўно пара!

img_20201004_155548_logo.jpg