Бацька для сына

У верасні 1992 года я з радасцю згадзіўся ўдзельнічаць у падрыхтоўцы экспазіцыі мастака-авангардыста з Германіі — Анатоля Чайкоўскага. Ладзілася яна ў невялічкай зале на другім паверсе зграбнага будынка «а ля рус», у кавярні, вядомай пад назвай «Мутнае вока».

Уздоўж сцен ды шчытоў-выгарадак сіратліва туліліся вызваленыя са скрыняў творы. У атмасферы звыклага экспазіцыйнага бязладдзя, нешта прыкідваючы толькі яму бачнае, хадзіў трохі збянтэжаны мастак Анатоль, ураджэнец горада Кам, што пад Мюнхенам.

У верасні 1992 года я з радасцю згадзіўся ўдзельнічаць у падрыхтоўцы экспазіцыі мастака-авангардыста з Германіі — Анатоля Чайкоўскага. Ладзілася яна ў невялічкай зале на другім паверсе зграбнага будынка «а ля рус», у кавярні, вядомай пад назвай «Мутнае вока».
Уздоўж сцен ды шчытоў-выгарадак сіратліва туліліся вызваленыя са скрыняў творы. У атмасферы звыклага экспазіцыйнага бязладдзя, нешта прыкідваючы толькі яму бачнае, хадзіў трохі збянтэжаны мастак Анатоль, ураджэнец горада Кам, што пад Мюнхенам.
Мужчына гонка-спартовага крою, у класічным цёмна-шэрым гарнітуры, у свае тады крыху за сорак, выглядаў значна маладзейшым. Трымаўся проста і годна. Інтрыгавала і цешыла яго мілагучная, натуральна лёгкая, не пазбаўленая водару «іншасці» беларуская мова. Заўважыўшы непрыхаваную цікаўнасць да сваёй асобы, ён усміхнуўся і патлумачыў: «Мова — ад бацькі».

Клецкая беларуская гімназія
Пра бацьку Анатоля — Зміцера Чайкоўскага, «мастака з Заходняй Беларусі» — даводзілася чуць яшчэ раней, але неяк глуха, няпэўна. Гадоў праз пяць пасля той сустрэчы надарылася працаваць у Цэнтральным архіве Літвы з матэрыяламі Клецкай беларускай гімназіі і, зразумела, карцела знайсці згадку пра ўраджэнца Клецка, Зміцера Чайкоўскага, народжанага 20 кастрычніка 1912 года і запісанага беларусам.
Клецкая гімназія, славутая ў Заходняй Беларусі навучальная ўстанова, моцна паўплывала на гарт беларускага духу. Ад 1924 года месцілася яна на паўночным ускрайку горада, на былой Татарскай вуліцы, у вялікім драўляным доме. Заснавальнікам і першым яе дырэктарам быў колішні гадаванец Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Рыгор Якубёнак. Ён згуртаваў вакол гэтай нацыянальнай справы значныя педагагічныя сілы, кожны з іх, ці то паляк Ярэмій Драчан, ці то ўкраінец Мікалай Рудакевіч, ахвярна працавалі на беларускай ніве. Біялогію і хімію выкладаў Вячаслаў Міхайлавіч Арэнь, які скончыў Варшаўскі універсітэт і ў педкалектыве меў прозвішча «хадзячая энцыклапедыя». Па заканчэнні Пражскага універсітэта вярнуўся на радзіму гісторык і географ, аднадумца Янкі Станкевіча — прафесар Чарнецкі. Апрача асноўнага курсу заняткаў, ён разам з дырэктарам кіраваў літаратурным гуртком. Нямецкай мове дзетак навучала выпускніца Віленскага універсітэта Вера Сініцына, а кампазітар Антон Валынчык не толькі прышчэпліваў нотную грамату і заахвочваў да спеваў, але і кіраваў гімназічным драмгуртком.
У 1924 годзе ў гімназію паступілі старэйшы і сярэдні з братоў Чайкоўскіх, а з 1926-га да іх далучыўся і малодшы Зміцер. У той год быў прыняты ў навучальную ўстанову і Вячаслаў Арэнь — стрыечны брат і сябра Міхася Сеўрука, Максім Рулінскі — псаломшчык Свята-Георгіеўскай царквы, сыну якога было наканавана ў 1944 годзе выратаваць асабісты архіў генерала Кастуся Езавітава.     
З вучобай у Зміцера было ўсё добра. Але была іншая нявыкрутка, якая сур’ёзна абцяжарвала быццё. 12 студзеня 1927 года, менш чым праз год навучання, бацька гімназіста просіць дырэктара «хоць аб невялікай льгоце ў справе платы за абучэнне сына Дзімітра», спасылаючыся на цяжкія матэрыяльныя варункі. Напрыканцы таго ж года зноў звяртаецца да дырэктара з той жа просьбай: «...Чалавек я бедны, маю ўсяго 3/4 дзесяціны зямлі, і пры гэтым стары я і не магу нічога запрацаваць. Дык прашу паважаную Дырэкцыю ўзяць пад увагу мой стан гаспадарчы і мае падупаўшыя сілы». І яшчэ раз 1 кастрычніка 1928 года: «Прашу зволіць ад аплаты ...будучы няздольным да фізічнай працы па прычыне старасці, маючы 70 гадоў веку, не магу нават пракарміць сям’ю ў пяць чалавек. Пры гэтым дабаўляю, што я заўсёды быў зволены ад аплаты за абучэнне, альбо зусім, альбо часткова».

1_5_logo.jpg

Зміцер Чайкоўскі. Аўтапартрэт алоўкам,
1960–1970 гады


«Я ад вас далёка…»
Дакладна невядома, як складалася жыццё Зміцера Чайкоўскага і ягоных старэйшых братоў на пачатку 1940-х гадоў, пасля «савецкага вызвалення». Але зразумела, якія вятры занеслі ўжо пасля вайны «энергічнага і ініцыятыўнага» надлейтэнанта Беларускай краёвай абароны, былога сябра Статутнай камісіі Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў, маладога жывапісца, вядомага ў клецкіх ваколіцах «багамаза» Зміцера Чайкоўскага ў Баварыю. Адбылося гэта пасля таго, як Беларускія вайсковыя аддзелы, што налічвалі 50 афіцэраў, 132 падафіцэры і 912 шарагоўцаў, 30 красавіка каля Цвізеля прарвалі лінію нямецкай абароны і склалі зброю перад 5-й арміяй ЗША. Так беларус Зміцер з Клецку апынуўся ў амерыканскім палоне…
Далейшы ягоны шлях праглядаецца, дзякуючы змястоўнай і грунтоўнай працы журналіста і даследчыка з Беласточчыны Яна Максімюка «Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне. 1945–1950» (Выданне БІНіМ, Нью-Йорк — Беласток, 1994).
22 снежня 1945 года ў Рэгенсбургу, па рэарганізацыі ў Міхэльсдорфе і Віндышбэргердорфе лагераў ДП (Displaced persons — перамешчаных асобаў), Беларускі нацыянальны камітэт адчыніў першую 8-класную Беларускую гімназію ў выгнанні. Педкалектыў падабраўся самавіты і прафесійна дасведчаны, нягледзячы на малады век. Ачоліў яго выпускнік Карлавага універсітэта, прыродазнавец па адукацыі, народжаны ў в. Нягневічы, што на Наваградчыне, педагог з вялікім досведам доктар Аляксандр Орса. Першы год малюнак у гімназіі выкладаў Мікалай Кругловіч, а Зміцер Чайкоўскі, як былы вайсковец, займаўся фізічным узгадаваннем гімназістаў і атрымоўваў зарплату, як і ўсе, «хадавым таварам для далейшага абмену — цыгарэтамі ды чакалятаю».
Але ўжо з наступнага года ён выкладаў маляванне і атрымаў сапраўднае прызнанне ў таварышаў па лёсу. Паспрыяла гэтаму пазавыкладчыцкая дзейнасць Зміцера. Напрыканцы чэрвеня 1946 года Беларускі камітэт разам з Саюзам беларускіх палітычных вязняў і Крывіцкім студэнцкім згуртаваннем зладзілі ўрачыстую вечарыну, прысвечаную памяці Янкі Купалы.
Не зважаючы на кепскае надвор’е, апроч беларусаў, з навакольных лагераў прыйшлі палякі, украінцы, літоўцы, латышы ды прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Пра гэту падзею выкладчыца нямецкай мовы Іна Рытар-Каханоўская ўзгадвала так: «У той дзень адбылася і акадэмія. На сцэне вісеў вялікі партрэт Я. Купалы, намаляваны спецыяльна для ўрачыстасці мастаком Д. Чайкоўскім. З гэтага партрэта заказалі клішэ, з якога скаўцкае выдавецтва зрабіла дзве серыі адбіткаў: адну — для праграмак акадэміі, другую для паштовак. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры А. Каханоўскі прачытаў рэферат пра жыццёвы і творчы шлях Я. Купалы. Пасля рэферату быў канцэрт. Кампазітар Мікола Куліковіч …напісаў музыку да вершу Я. Купалы «Я ад вас далёка». Песню дуэтам выконвалі вядомыя салісты Менскага опернага тэатру — Наталля Куліковіч (Чэмярысава) і Барбара Вержбаловіч. Акампанаваў ім на піяніна сам кампазітар».
Святы, якія ладзіліся ў Рэгенсбургу пры ўдзеле мастака Зміцера Чайкоўскага, праз шмат гадоў згадвала і Наталля Арсеннева ў газеце «Беларус» 07.08.1992 г.).
Партрэт Янкі Купалы
Партрэт Янкі Купалы не быў для Зміцера Чайкоўскага чымсьці выпадковым, або кан’юнктурна зробленым з «нагоды» ці «да даты». Пацвярджаў гэта і сын Анатоль. Няма выпадковасці і ў тым, што работа цягам больш чым паловы стагоддзя захоўвалася ў сям’і мастака як самае каштоўнае. (Можна параўнаць, як у сям’і Яна Хруцкага, сярод выяваў самых блізкіх зберагаўся партрэт Адама Міцкевіча).

2_16_logo.png

Зміцер Чайкоўскі. Партрэт Купалы,
варыянт 1946 г.


Сцяжыны Янкі Купалы і мастака наўрад ці калі перакрыжоўваліся. Удалося высветліць, што за аснову выявы мастак узяў фотакартку 1939 года, зробленую пасля атрымання песняром ордэна Леніна. У адрозненні ад зарэтушаванага «дакумента», створаны Зміцерам Чайкоўскім вобраз чалавечны і праўдзівы, псіхалагічна трапны. Унутраны стан зямнога, з болем у вачах, зморанага і спакутаванага, але не скоранага паэта, відаць, быў вельмі сугучны, зразумелы і блізкі сынам і дочкам Беларусі, выкінутым лёсам на выгнанне.
Партрэт Янкі Купалы, створаны ў 1946 годзе, па сваім псіхалагічным насычэнні, падобна, не меў сабе роўных у падсавецкім мастацтве аж да 1990-х гадоў. Не раз выстаўляўся ён і друкаваўся ў Еўропе і Злучаных Штатах. Упершыню геаграфічна шырокі распаўсюд атрымаў ён, дзякуючы газеце «Бацькаўшчына», якая 29 чэрвеня 1952 года ў падвоеным №25–26 пазнаёміла з ім свайго чытача. Газета наогул не аднойчы друкавала творы Чайкоўскага, прыкладам, у №74 — рэпрадукцыю алегарычнай кампазіцыі Чайкоўскага «Ваўкі», побач з вершамі героя Монтэ-Касіна Пётры Сыча.
Беларусы ў Мюнхене
Са з’яўленнем праграмаў па працаўладкаванні бежанцаў у розныя краіны па кантынентах разляталіся жыхары лагераў ДП. Зміцер жа застаўся ў Германіі. На той час ён, ужо не маладзён, пабраўся шлюбам і атабарыўся ў бліжэйшым да лагера гарадку-спадарожніку Мюнхена — Кам. Неўзабаве сям’я пабольшала, нарадзіўся сын Анатоль. Але, відаць, не толькі з-за сям’і застаўся.
Як заўважае беларусістка з Польшчы Ніна Баршчэўская, Мюнхен у 1950-я гады зрабіўся «цэнтрам прысутнасці беларускай інтэлектуальнай эліты на Захадзе». У кастрычніку 1947 года Станіславам Станкевічам і Антонам Адамовічам быў заснаваны беларускі тыднёвік палітыкі, культуры ды грамадскага жыцця «Бацькаўшчына» (выдаваўся да 1966 г.), які меў свае прадстаўніцтвы і распаўсюджваўся ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, Аргенціне, Бельгіі, Новай Зеландыі і Венесуэле. Ад 20 мая 1954 года запрацавала беларуская рэдакцыя радыё «Вызваленне» (цяпер радыё «Свабода»).
Зміцер Чайкоўскі не выпадаў з кантэксту беларускага жыцця, ад самага пачатку працаваў у «Бацькаўшчыне». У першай палове 1952 года ён, як «працаўнік беларускай навукі і культуры з працамі і заслугамі ў сваёй галіне», запоўніў анкету на сяброўства, дасланую з новаўтворанай інстытуцыі — Беларускага інстытута навукі і мастацтваў (Whiteruthenian Institute of Arts and Sciences). Не адзін год нёс вольнае слова на хвалях радыё «Вызваленне» («Свабода»).
Калі ж душу перапаўняла каляровая музыка вобразаў, знаходзіліся сілы і час на творчасць. Нараджаліся кампазіцыі і партрэты сучаснікаў з беларускага асяродка, з’яўляліся новыя творы сакральнага жывапісу, да якога Зміцера Чайкоўскага гарнула з юнацтва. І ў нашы дні клецкія вернікі праз абраз, напісаны Зміцерам Чайкоўскім звяртаюцца да Св. Панцеляймона з малітвамі за сваіх блізкіх, за людзей Беларусі.
Першай, відаць, працай на чужыне для яго былі абразы, пісаныя ў 1946 годзе для царквы Св. Еўфрасінні Полацкай у Рэгенсбургу, па намаўленні яе настаяцеля айца Мікалая Лапіцкага. На жаль, царква гэта была разабраная ў другой палове 1950-х гадоў. Але сакральны даробак мастака дапамагае мацаваць дух вернікаў у беларускіх цэрквах Амерыкі.
Нявывучанасць творчасці мастака, высокапрафесійны ўзровень яго не толькі сакральных, але і свецкіх твораў, да прыкладу бліскучы лёгкі, энергічны надзвычай запамінальны (характарны) партрэт Ірэны Жылінскай-Цупрык, змушаюць да новых высілкаў па вяртання творчасці Зміцера Чайкоўскага ў грамадскі ўжытак.

3_13_logo.jpg

Зміцер Чайкоўскі. Ірэна Жылінская