БагатаДата 15–21 жніўня
На гэтым тыдні мы адзначаем гадавіну заснавання знакамітай Горацкай земляробчай школы і пачатак перамоваў, якія падзялілі Беларусь на БССР і Заходнюю. Што яшчэ адбывалася ў мінулым гэтымі днямі?
15 жніўня
Дзень археолага і Сусветны дзень беспрытульных жывёлаў.
1840. Адчынілася Горы-Горацкая земляробчая школа — цяпер гэта Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія.
1860. У Станькаве (вёска ў Дзяржынскім раёне на Міншчыне) нарадзіўся дзяржаўны дзеяч, прадпрымальнік, філантроп ды мінскі гарадскі галава Караль Чапскі. Дзякуючы яму быў дабудаваны Мінскі тэатр, запрацаваў трамвай-конка, гарадская электрастанцыя і тэлефонная станцыя агульнага карыстання. Таксама Чапскі вядомы адкрыццём піваварнага завода «Багемія» — цяпер гэта «Аліварыя».
1940. У расійскім Мурманску нарадзіўся палітык і дыпламат Аляксандр Сурыкаў. Пасол Расіі ў Беларусі цягам тузіна гадоў — з 2006-га па 2018-ты.
1960. У Баранавічах на Брэстчыне нарадзіўся музыка Ігар Варашкевіч. Лідар рок-гуртоў «Бонда» ў 1980-х гадах і «Рокіс», які затым стаў вядомай многім «Крамай».
16 жніўня
Дзень ваенна-паветраных сілаў. Адзначаецца ў трэцюю нядзелю жніўня.
1925. У вёсцы Дубравіца Клімавіцкага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся дзяржаўны дзеяч Беларусі Міхаіл Кавалёў. Працаваў старшынёй Мінскага гарвыканкаму, а ў другой палове 1980-х гадоў — старшынёй Савета Міністраў БССР.
1935. У вёсцы Залессе Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці нарадзіўся мовазнавец Аляксандр Падлужны. На працягу многіх гадоў — дырэктар Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі.
17 жніўня
1920. У Мінску пачаліся мірныя перамовы паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Пазней іх перанеслі ў Рыгу, дзе яны скончыліся вядомай Рыжскай дамовай, якая падзяліла нашу краіну на Заходнюю Беларусь і БССР.
18 жніўня
1900. У крымскай станіцы Варэнікаўская нарадзіўся дзяржаўны дзеяч БССР Анатоль Ананьеў. У 1937–1938 гадах быў намеснікам старшыні СНК (ураду) БССР. У 1940-м рэпрэсаваны і асуджаны на 20 гадоў зняволення. У 1954-м пасмяротна рэабілітаваны.
19 жніўня
Сусветныя дні фатаграфіі і гуманітарнай дапамогі.
1926. У вёсцы Залессе Вілейскага раёна на Міншчыне нарадзіўся Сяргей Якубоўскі. Удзельнік антысавецкага падполля ў другой палове 1940-х гадоў. Кіраўнік маладзечанскага філіялу арганізацыі «Чайка».
20 жніўня
1945. Пастановай СНК БССР у Мінску быў заснаваны Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут (цяпер гэта Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
21 жніўня
Міжнародны дзень памяці ахвяраў тэрарызму.
1800. У Вільні нарадзіўся публіцыст, мемуарыст, сябра Таварыства філаматаў Францішак Геранім Малеўскі. Распрацаваў статут Таварыства філарэтаў і быў абраны віцэ-прэзідэнтам арганізацыі. Сын рэктара Віленскага ўніверсітэта Сымона Малеўскага. Сябар Адама Міцкевіча, жонкі якіх былі сёстрамі, і Аляксандра Пушкіна.