БагатаДата: 23 лютага — 1 сакавіка

А вы ведалі, што Надзея Крупская паходзіць з беларускага шляхецкага роду? Іншыя цікавосткі беларускай гісторыі ў нашым аглядзе.

Універсітэцкі гарадок БДУ, 1930-я гады. Фота time.bsu.by

Універсітэцкі гарадок БДУ, 1930-я гады. Фота time.bsu.by


23 лютага

У афіцыйным календары — Дзень абаронцаў Айчыны. А яшчэ 70 гадоў, як за нямецкай акупацыяй была заснавана Беларуская Краёвая Абарона. Для аховы складаў і барацьбы з партызанамі ў гэтае вайсковае фармаванне было мабілізавана 25 тысяч чалавек. Пасля вайны многія жаўнеры і афіцэры БКА апынуліся ў эміграцыі.

1944. Нарадзіўся знакаміты савецкі і расійскі акцёр з польска-беларускімі каранямі Алег Янкоўскі. З Беларуссю ён звязаны не толькі паходжаннем. Першая тэатральная сцэна Янкоўскага з эпізадычнымі ролямі ў падлеткавым узросце была менавіта ў Мінску — у тэатры імя Горкага. Таксама ў яго была галоўная роля ў фільме «Я — Францыск Скарына» ў 1970 годзе. Алег Янкоўскі — апошні, хто атрымаў званне «Народны артыст СССР». Фільмаграфія: «Служылі два таварышы», «Шчыт і меч», «Той самы Мюнхгаўзен», «Настальгія».

24 лютага

40 гадоў таму пад Мінскам адбылося ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы».

25 лютага


2bdu.jpg

100 гадоў таму дэкрэтам ураду Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту з выдаткаваннем на гэтую справу 1 мільёна рублёў. Праўда, запрацаваў БДУ толькі ў 1921 годзе.

655023.jpg

 

1959. У Літве памёр Клаўдзій Дуж-Душэўскі, выдавец, палітычны дзеяч, чалавек, які стварыў бел-чырвона-белы сцяг. У прыватнасці, менавіта ён на падставе гістарычных сведчанняў і народных арнаментаў зрабіў эскіз сцяга ў 1917 годзе. Ужо праз некалькі месяцаў на Усебеларускім з’ездзе бел-чырвона-белы сцяг быў ушанаваны як нацыянальная сімволіка.

_1952_violu.jpg

 

Дуж-Душэўскі вядомы таксама як дойлід. Кіраваў кафедрай гісторыі архітэктуры ў Каўнаскім універсітэце. Аўтар мноства будынкаў у Каўнасе, Панявяжысе, Клайпедзе, Шаўляі. У 1952 годзе арыштаваны як беларускі нацыяналіст і асуджаны на 25 гадоў зняволення. У 1955 годзе выпушчаны праз дрэнны стан здароўя. Пахаваны ў Каўнасе.

26 лютага

1869. У Санкт-Пецярбургу нарадзілася педагог і рэвалюцыянерка Надзея Крупская, жонка і паплечніца стваральніка СССР Уладзіміра Леніна. Мела беларускія шляхецкія карані. Яе дзед Ігнат быў са Слуцку, а бацька падтрымліваў удзельнікаў паўстання 1863 года. Паводле адной з версіяў, была атручаная на загад Сталіна, па другой — падчас апендыцыту ёй не аказалі своечасовую медычную дапамогу.

90 гадоў з дня нараджэння літаратуразнаўцы, крытыка і сцэнарыста Георгія Коласа. Ён — бацька выдаўца і перакладчыка Зміцера Коласа, а таксама педагога і кіраўніка Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзіміра Коласа.

27 лютага

1734. У Нясвіжы з’явіўся на свет Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку, магнат і дзяржаўны дзеяч ВКЛ (падчашы, мечнік вялікі літоўскі і ваявода віленскі). Мянушку атрымаў, бо так звяртаўся да ўсіх прадстаўнікоў шляхты.

karal_stanislau_radzivil_panie_kachanku._karal_stanislau_radzivil_pane_kahanku__xviii___5_.jpg

Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку

Гэта быў адзін з самых заможных арыстакратаў Еўропы другой паловы XVIII стагоддзя, які валодаў 16 гарадамі і амаль 700 вёскамі. За ім у Нясвіжы дзейнічалі тэатр і аркестр. Катаўся дзеля забавы летам на санках: замест снегу была соль. Любіў баяць легенды а-ля барон Мюнхгаўзэн. З аднаго боку, гэта быў патрыёт і папулярны палітык, з другога — эксцэнтрычны да непрыстойнасцяў п’яніца-гуляка.

1919. Была створана Літоўска-Беларуская ССР са сталіцай у Вільні — скарочана Літбел. У яе ўрадзе беларусаў не было. Літбел як буферную дзяржаву стварыла Масква, але перад гэтым забрала і далучыла да РСФСР Смаленшчыну, Магілёўшчыну і Віцебшчыну. Праз некалькі месяцаў Літбел занялі польскія войскі.

28 лютага

70 гадоў споўнілася б лідару татарскай дыяспары ў незалежнай Беларусі Ібрагіму Канапацкаму. Ладзіў набажэнствы ў смілавіцкай мячэці. З яго ініцыятывы ў 1993 годзе праведзеная першая міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 600-годдзю існавання татарскай дыяспары ў Беларусі.

bhd.jpg

Фота з сайта bsblog.info

2009. Адбыўся ўстаноўчы сход партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» як аднаўленне БХД, што дзейнічала сто гадоў таму. Але Мінюст партыю дагэтуль не зарэгістраваў.

1 сакавіка

80 гадоў з дня нараджэння вучонага, доктара медыцынскіх навук Яўгена Канаплі. Ён — заснавальнік і першы дырэктар Інстытуту радыёбіялогіі Акадэміі навук, дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання. Вывучаў уздзеянне малых дозаў радыяцыі пасля Чарнобылю. Адзін з тых, дзякуючы каму дзяржава звярнула ўвагу на забруджаныя тэрыторыі.

90 гадоў з дня нараджэння беларускай паэткі Еўдакіі Лось.

2014. У Мінску памёр заслужаны архітэктар, старшыня Саюзу беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Леанід Левін. Ён — адзін з аўтараў мемарыяльных комплексаў «Хатынь» і «Яма» ў сталіцы, помніка Якубу Коласу ў Мінску.