БагатаДата 26 верасня — 2 кастрычніка

На тыдні 30 гадоў спаўняецца праграме развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моваў у Беларусі. Мы верым, што яна, безумоўна, вернецца. І вернецца хутка.

dzen_mou.jpg


26 верасня

Еўрапейскі дзень мовы і Сусветны дзень кантрацэпцыі.

1910. У Архангельску нарадзіўся беларускі савецкі спартовец Барыс Бальшакоў (раварыст і канькабежац). На чэмпіянатах СССР заваяваў 19 медалёў. Затым працаваў у Мінску трэнерам.

1925. У Маскве нарадзіўся беларускі пісьменнік і перакладчык Навум Кіслік. Пераклаў на рускую мову такія творы беларускай літаратуры, як «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча, зборнік паэзіі Янкі Купалы.


27 верасня

Дзень машынабудаўніка, Сусветны дзень турызму і Міжнародны дзень глухіх.


28 верасня

beshvo.jpg



Сусветны дзень барацьбы супраць шаленства.


1990. Савет міністраў зацвердзіў Праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моваў у Беларусі, складзеную на падставе Закона аб мовах, які быў прыняты Вярхоўным Саветам у студзені. Праграма прадугледжвала паступова пераход ва ўсіх сферах жыцця на беларускую мову. Згорнута ажыццяўленне Праграмы развіцця мовы было праз рэферэндум 1995 года, ініцыяваны Лукашэнкам.


29 верасня

1955. У горадзе Сянно на Віцебшчыне нарадзіўся акцёр і грамадска-палітычны дзеяч Генадзь Давыдзька. Шмат гадоў працаваў у Купалаўскім тэатры — ад акцёра да дырэктара. Здымаўся ў фільмах. Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Кіраваў Белтэлерадыёкампаніяй. Цяпер на чале грамадскага аб’яднання «Белая Русь», якое падтрымлівае Лукашэнку.


30 верасня



peraklad.jpg


Міжнародны дзень перакладчыка.


1 кастрычніка

Міжнародныя дні музыкі і людзей сталага веку, а таксама Сусветны дзень вегетарыянства.

1930. На базе опернага класа Беларускага музычнага тэхнікуму ўтварылася Беларуская студыя оперы і балета. Пасля шэрагу рэарганізацый і пераназыванняў цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Фота з сайта belarusgid.by

Фота з сайта belarusgid.by

1940. У пасёлку Капаткевічы Петрыкаўскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся вядомы беларускі юрыст Валерый Ціхіня. Спрычыніўся да значных палітычных падзеяў у незалежнай Беларусі. У 1980-х гадах кіраваў юрыдычным факультэтам Белдзяржуніверсітэта, а затым быў яго прарэктарам. У 1989 годзе стаў міністрам юстыцыі БССР. У першай палове 1990-х — дэпутат Вярхоўнага Савету, намеснік старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, старшыня Канстытуцыйнага суда. Менавіта пры старшынаванні Ціхіні 1996 годзе, падчас учыненага Лукашэнкам рэферэндумнага дзяржперавароту, Канстытуцыйны суд распачаў, а потым спыніў справу праву «Аб парушэнні прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Менавіта Ціхіня, а не Лукашэнка, як той сцвярджаў, галасаваў у Вярхоўным Савеце супраць ратыфікацыі Белавежскіх пагадненняў аб распадзе СССР.


2 кастрычніка

Міжнародныя дні негвалтоўнасці і сацыяльнага педагога.

1905. Пачаўся адзін са страйкаў супрацоўнікаў мінскай конкі — коннай чыгункі. Прычынай стала нявыдача ім, насуперак дамоўленасцям, зімовай вопраткі. Пасярэднікам на перамовах паміж бізнесам і вазніцамі спрабавала стаць гарадская адміністрацыя. У выніку гаспадары конкі набралі новы штат, але жыхары Мінска арганізавалі байкот — вагоны хадзілі пустымі. Рух конкі аднавіўся толькі ў пачатку снежня.

1965. У Мінску нарадзіўся беларускі музыка і збіральнік фальклору Зміцер Сідаровіч. Творчы кіраўнік гурту «Камелот», дастаткова папулярнага ў 1990-х гадах.

1990. Выйшаў першы нумар друкаванага выдання Вярхоўнага Савета — «Народная газета». Галоўным рэдактарам быў Іосіф Сярэдзіч, цяперашні галоўрэд «Народнай волі».

Падрыхтаваў

Павел Кірылаў