Беларус, які ўзначаліў Федэрацыю рускіх канадцаў
Польскія ўлады сачылі за вясковымі актывістамі. Найперш пад пільным вокам паліцыі быў Рыгор Акулевіч.
Сябры папярэдзілі, што ў любы час Рыгора могуць арыштаваць. Таму ён праз знаёмых дамовіўся пра тое, каб пакінуць Слонімшчыну і
Заходнюю Беларусь і эміграваць. Акулевіч хутка выехаў у Канаду.
Сёння, 19 красавіка, споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Рыгора Акулевіча, дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, грамадска-палітычнага дзеяча Канады, выдаўца і публіцыста.
Цяпер пра Рыгора Акулевіча (1907–1974) на Слонімшчыне і ў Беларусі амаль забыліся, і яго зусім не згадваюць. А ў 1920-х гадах імя Рыгора Акулевіча не сыходзіла з вуснаў слонімскай вясковай моладзі.
Нарадзіўся Рыгор Акулевіч у вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага павета ў звычайнай сялянскай сям’і. Сям’я была вялікая: Рыгор меў яшчэ некалькі родных і шмат стрыечных братоў. Амаль усе яны прымалі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху ў былой Заходняй Беларусі. Некалькі братоў-Акулевічаў не вярнуліся дамоў з Другой сусветнай вайны.
У 1926 годзе ў вёсцы Вялікая Кракотка, як і па ўсёй Заходняй Беларусі, была створана ячэйка КПЗБ. У яе ўваходзілі толькі тры чалавекі: Рыгор Акулевіч, Сцяпан Філітовіч і Сцяпан Ігнатовіч. У гэты самы год вясковыя хлопцы арганізавалі і гурток Беларускай рабоча-сялянскай Грамады. Старшынёй гуртка быў абраны Сцяпан Філітовіч, а сакратаром — Рыгор Акулевіч.
А потым хутка вяскоўцы стварылі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Да іх далучыліся дзясяткі хлопцаў і дзяўчат не толькі з вёскі Вялікая Кракотка, але і з суседніх вёсак і хутароў. Вясковая моладзь распачала самую актыўную дзейнасць на ніве культурна-асветнай працы на вёсцы. Юнакі і дзяўчаты патрабавалі ад польскіх уладаў адкрыцця беларускіх школ, выдання газет і часопісаў на роднай мове, адкрыцця беларускіх Народных дамоў і г.д.
У 1927 годзе вясковая моладзь у Вялікай Кракотцы вырашыла адкрыць бібліятэку імя Янкі Купалы. Сваю працу яна пачала з таго, што сабрала сярод насельніцтва кнігі і грошы на набыццё літаратуры і інвентару. Знайшлося для культурнай установы і памяшканне — хата Данілы Грасевіча, які не вярнуўся з бежанства. На заклік вялікакракоцкіх сялян адгукнуліся і жыхары суседніх вёсак Рудаўка і Малая Кракотка. Бібліятэкарам на грамадскіх пачатках працаваў Сямён Акулевіч — брат Рыгора.
Спачатку сабралі для бібліятэкі каля трыццаці кніг. У асноўным гэта былі творы для вясковых драмгурткоў. Энтузіясты культурнай работы працягвалі збіраць у насельніцтва кнігі і грошы на набыццё літаратуры. І кніжны фонд увесь час папаўняўся. У канцы 1928 года бібліятэка налічвала каля адной тысячы назваў беларускіх, рускіх і польскіх кніг і каля двухсот чытачоў. Тады кракоцкая моладзь і паэт Валянцін Таўлай, якія вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі, закупілі і прывезлі сотні кніг рускай ды беларускай класікі.
Бібліятэка імя Янкі Купалы з’яўлялася першай культурнай установай у Беларусі, якой было нададзена імя песняра беларускага народа.
Але польскія ўлады пільна сачылі за беларускім рухам на вёсцы. Асабліва за вясковымі актывістамі. Найперш пад пільным вокам паліцыі быў Рыгор Акулевіч. Яго сябры папярэдзілі, што ў любы час Рыгора могуць арыштаваць і пасадзіць за краты. Таму ён праз знаёмых дамовіўся пра тое, каб пакінуць Слонімшчыну і Заходнюю Беларусь і эміграваць. І ён хутка выехаў у Канаду. Гэта адбылося ў 1928 годзе, калі юнаку быў толькі 21 год.
У Канадзе Рыгор Акулевіч, маючы нейкі вопыт арганізатара, не спаў у шапку. Ён актыўна далучыўся да эмігрантаў, у асноўным да тых, якія прыехалі з Заходняй Беларусі, Украіны, Расіі. 5 сакавіка 1930 года ў Таронта ў бібліятэцы Украінскага рабочага дома адбыўся сход рабочых з мэтай стварэння самастойнай рабочай арганізацыі ў Канадзе. На сходзе з дакладам выступіў Рыгор Акулевіч, і прысутныя стварылі разам Рускі рабочы клуб (РРК) імя Максіма Горкага. Адным з кіраўнікоў клуба эмігранты аднагалосна выбралі Рыгора Акулевіча. Спачатку ў клуб уваходзілі 56 чалавек, а потым гэта ідэя была падхоплена па ўсёй Канадзе, і хутка стварылася яшчэ 5 падобных клубаў.
А ў канцы 1930 года ў Таронта сябры ўсіх рабочых клубаў правялі свой першы
з’езд. На з’ездзе было вырашана выдаваць на рускай мове сваю газету ў Канадзе,
якую назвалі «Канадский гудок». У яе
нумарах, у духу таго часу, былі рэзка акрэслены прасавецкія і камуністычныя
пазіцыі газеты. У першых нумарах «Канадского гудка» друкаваўся і «Беларускі куток» на беларускай мове.
Але ён хутка знік. Таму што многія беларусы Канады газету і падобны куток папросту
ігнаравалі.
Былы старшыня Рады БНР на эміграцыі Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1903–1989) у газеце «Беларус» у 1968 годзе пісаў: «У «Канадским гудку» Акулевіч друкаваў у пяцёх нумарах «беларускі куток» (відаць, жывое йшчэ было ў яго беларускае сумленне грамадаўца), але закінуў яго быццам таму, што не было зацікаўлення ў чытачоў. Наіўнае апраўданне. Напэўна перамагла тут партыйная лінія, бо ж якраз тады ў БССР пачалося змаганне з нацдэмаўшчынай і траўля ўсяго беларускага, якая перанесена была й на эміграцыю. Курс русіфікацыі ў Беларусі стаўся ўзорам і для русіфікацыі эміграцыі».
Рух рабочых клубаў у Канадзе пашыраўся. А з 1933 года клубы называліся ўжо Рускімі рабоча-фермерскімі клубамі (РРФК) імя Максіма Горкага. У 1934 годзе іх у Канадзе ўжо дзейнічала 47. Сябры клубаў дапамагалі страйкаваму руху, стваралі рускія школы, ваявалі ў Іспаніі.
Калі пачалася Другая сусветная вайна, актывісты рускіх клубаў вырашылі дапамагаць сваёй Радзіме — СССР. Яны арганізавалі камітэты дапамогі. Першы камітэт узнік у Манрэалі 17 ліпеня 1941 года. Сярод яго лідараў і арганізатараў стаяў менавіта Рыгор Акулевіч. Хутка замест «Канадского гудка» стала выходзіць газета «Вестник», якую ўзначальваў Акулевіч.
У маі 1942 года ў Таронта была заснавана Федэрацыя рускіх канадцаў (ФРК). Нацыянальным сакратаром ФРК быў абраны Рыгор Акулевіч. Галоўнай справай гэтай федэрацыі стала кампанія па збору сродкаў для СССР у барацьбе з фашызмам. У 1942 годзе рускія канадцы сабралі больш за 7 мільёнаў долараў дапамогі, закупілі адну тысячу шпітальных ложкаў з поўным камплектам бялізны.
Многія сябры ФРК запісваліся добраахвотнікамі ў канадскі армейскі корпус. Сярод добраахвотнікаў быў і Рыгор Акулевіч. На фронце яго цяжка параніла. Летам 1945 года ён вярнуўся ў Канаду. Па яго ініцыятыве галоўнае праўленне ФРК закупіла дзве тысячы наручных швейцарскіх гадзіннікаў у падарунак медыцынскім работнікам Чырвонай Арміі. А ў 1947 годзе ФРК накіравала ў Мінск 4 камплекты рэнтгенаўскіх апаратаў: адзін для ўніверсітэцкай клінікі і тры на ўласнае размеркаванне Міністэрства аховы здароўя БССР. Таксама былі накіраваны на Беларусь і 9 рэнтгенаўскіх флараскопаў. Атрымалі калгасныя кузні Беларусі і Украіны і 150 скрынак кавальскага абсталявання.
У снежні 1946 года Рыгор Акулевіч быў абраны прадстаўніком ФРК у славянскую дэлегацыю Канады на Сусветным славянскімкангрэсе ў Бялградзе. У рамках праграмы кангрэса яму пашанцавала наведаць Бацькаўшчыну. 18 гадоў ён не быў на Радзіме. Таму ехаў сюды з вялікім хваляваннем і радасцю. Ён прыехаў у родную Вялікую Кракотку, спаткаўся са сваімі сябрамі, сваякамі, але шмат родных і сяброў убачыць ужо не ўдалося, бо яны загінулі на вайне, а таксама былі рэпрэсаваныя.
Пра сваю паездку на Бацькаўшчыну Рыгор Акулевіч напісаў вялікі матэрыял і апублікаваў у некалькіх нумарах у канадскай газеце «Вестник».
28 кастрычніка 1974 года Рыгора Акулевіча не стала. «Вестник» пісаў, што «ФРК не толькі асірацела, яна пазбавілася сваёй душы».
Пры жыцці Рыгор Акулевіч выдаў на эміграцыі кнігу «50 год Беларускай рэспублікі» (Таронта, 1968) і кнігу «Рускія ў Канадзе» (Таронта, 1952).
Вось такім аказаўся лёс вясковага юнака заходнебеларускай вёскі Вялікая Кракотка Слонімскага павета.
І яшчэ. У 1968 годзе, калі Згуртаванне беларусаў Канады адзначала сваё 20-годдзе, былі заказаны на юбілейнае мерапрыемства запрашальныя білеты ў адной з прыватных друкарняў Таронта. Калі прыехаў забіраць усе запрашэнні архіяпіскап, Мітрапаліт Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, рэлігійны і грамадскі беларускі дзеяч Уладыка Мікалай, гаспадар друкарні папрасіў прабачэння і сказаў, што адно запрашэнне ўзяў адзін беларус са старой эміграцыі. «Акулевіч?» — спытаўся Уладыка. «А скуль вы ведаеце?» — зацікавіўся друкар. «Ведаю. Ну, што ж, узяў, то ўзяў…» — адказаў Уладыка Мікалай, забраў заказ і паехаў.
Фотаздымкі з архіва аўтара. Публікуюцца ўпершыню