Сядзібу «Крывічоў» у Іркуцку пазбавілі арэнды
Алег Рудакоў, апантаны руплівец беларускай справы ў Расеі, страціў
працу, з арандаванай сядзібы ў цэнтры Іркуцку высяляюць моладзевы клюб
«Крывічы», дзе ён адзін з кіраўнікоў.
Спадар Рудакоў сказаў Свабодзе, што летась быў прызначаны выканаўчым дырэктарам фірмы «Іркуцк МАЗ Цэнтар», якая дапамагала «Крывічам» утрымліваць памяшканьне. Але якасць мазаўскай тэхнікі пагоршылася, попыт на яе знізіўся, і сумеснае зь беларусамі прадпрыемства распачало працэдуру банкруцтва:
«Банкрутуе галаўная кампанія "Сыбір МАЗ Сэрвіс“, два месяцы не выплочвалі заробак. Мы толькі пераехалі ў цэнтар гораду, абжыліся, лоўка было ўсім сустракацца, кожную суботу праводзілі заняткі, рэпэтыцыі гурту. Пачалі сябе камфортна адчуваць, як такі вось паварот. А ўчора паставілі перад фактам, што кампанія не заплаціла арэнду за красавік, трэба тэрмінова шукаць грошы. Цяпер як закладнік: не выпускаюць, не даюць нічога вывезці.
Што стала прычынай? На жаль, МАЗы апошнім часам сталі менш якаснымі, затрымліваюць пастаўкі. А канкурэнты тым часам не спяць. Пэўна, ёсьць і іншыя нюансы, я не зусім у курсе ўсяго закулісься. Але факт, што я падпадаю пад скарачэньне, утрымліваць сядзібу кіраўніцтва не будзе».
Алег Рудакоў кажа, што пад пытаннем цяпер і традыцыйны «Беларускі кірмаш», прызначаны на канец траўня. Праўда, абяцае, што правядзе імпрэзу ў любым выпадку, на якія б ахвяры ні давялося пайсці:
«Цяпер трэба рыхтавацца да кірмашу. Ужо дамовіўся з Сяргеем Доўгушавым, што будзе тут 27 траўня. Калектывы ў вобласці ў рэжыме чаканьня, бо для іх вельмі важна хоць раз на год сюды прыехаць. Можна было з улікам абставінаў сказаць таму ж Доўгушаву і астатнім, што, маўляў, усё адмяняецца, самому сысці ў падполле. Але я не такі чалавек. Буду праводзіць кірмаш у любым выпадку. Калі прыйдзецца, буду пазычаць грошы, каб зладзіць імпрэзу, а потым год адпрацоўваць, каб разлічыцца з даўгамі.
Кірмаш будзе, гэта я гарантую. Адзінае, не маю пэўнасці, што змагу тады прыехаць у Менск на З'езд беларусаў свету "Бацькаўшчына“ — хоць і заяўлены там як сустаршыня. Калі не будзе за што прыляцець, не здолею быць сярод прысутных. Не паспеў назбіраць грошай...»
Алег Рудакоў — заснавальнік і на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў нязьменны кіраўнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. У 2014 годзе напісаў заяву аб выхадзе са складу арганізацыі з прычыны несупадзеньня пазыцыяў з асобнымі сябрамі. Ад таго часу — актыўны ўдзельнік моладзевай арганізацыі «Крывічы».