Андрэй Стрыжак арыштаваны на дзесяць сутак
Каб "сесці на суткі", прафсаюзнаму актывісту
прыйшлося самому ехаць у суд і патрабаваць азнаёміць яго з матэрыяламі ўласнай
справы.
Гомельскага актывіста Незалежнага прафсаюза РЭП Андрэя Стрыжака 17 сакавіка суд завочна арыштаваў на 10 сутак за «несанкцыянаваны мітынг» (стыхійнае сходзе на ганку суда Цэнтральнага раёна: 21 лютага зала пасяджэнняў не змясціла ўсіх тых, хто прыйшоў на суд «дармаеда» Сямёнава супраць падатковай). Андрэй Стрыжак накіроўваў ліст пра тое, што знаходзіцца за мяжой, аднак суд не палічыў гэтую прычыну істотнай для пераносу пасяджэння. Касацыйная скарга таксама не прывяла да перагляду пастановы суда.
Калі 15 красавіка Андрэй Стрыжак вярнуўся ў Беларусь, ён звярнуўся і ў Цэнтральны РАУС Гомеля, і ў раённы аддзел міліцыі, але яго жаданне адбыць адміністрацыйны арышт сустрэла неразуменне ахоўнікаў правапарадку: дакументаў на выкананне яны не знайшлі.
І толькі калі 17 красавіка актывіст запатрабаваў у судзе Цэнтральнага раёна матэрыялы справы, высветлілася, што пастанова знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС у начальніка ААП В.У. Шукель. З]явіўшыся да яго па сваёй волі, Стрыжак адправіўся адбываць адміністрацыйны арышт у 10 сутак.
Сваё жаданне адбыць арышт, нягледзячы на адсутнасць ініцыятывы праваахоўных органаў, актывіст пракаментаваў для praca-by.info:
- Калі я цяпер не адседжу гэтыя дзесяць сутак, то яны будуць вісець нада мной дамоклавым мячом. Мяне змогуць арыштаваць у любы момант: напрыклад, пры выездзе за мяжу. Гэта не «яўка з павіннай»: я працягваю лічыць арышт парушэннем маіх правоў: на свабоду сходаў, свабоду слова, на справядлівы суд - і буду абскарджваць пастанову суда ў міжнародных органах.
У знак пратэсту супраць парушэньня сваіх правоў Андрэй Стрыжак абвясціў галадоўку.
Актывіст адбывае арышт у ізалятары часовага ўтрымання па адрасе: 246006, Гомель, вул. Міжгародняя, 26. Ён быў затрыманы 17 красавіка ў 13:45, значыць, сустракаць Андрэя Стрыжака можна 27 красавіка ў гэты ж час.
Паводле hpraca-by.info