Берлінскі мур у пытаннях і адказах

9 лістапада 1989 года ўвайшло ў гісторыю Германіі як дзень, калі ўпаў Берлінскі мур. Аб’яднанне Заходняга і Усходняга Берліна сённяшнія палітыкі разглядаюць як сімвал аб’яднання Еўропы, у ХХ стагоддзі падзеленай на два лагеры гістарычнымі катаклізмамі. Аб’яднання, якое адбываецца значна цяжэй, чым трагічнае раз’яднанне.



ef2a4be5473ab0b3cc286e67b1f59f44.jpg

Але сам факт, што ўсяго за адну ноч 13 жніўня 1961 года не ментальная, а самая што ні ёсць матэрыяльная перагарода з бетону і жалеза раздзяліла, нібы для якогасьці пачварнага эксперыменту, звычайны еўрапейскі горад, яшчэ доўга будзе шакаваць уяўленне людзей ды служыць аб’ектам аналізу не толькі палітолагаў, але і культуролагаў, сацыёлагаў, даследчыкаў архітэктуры ды урбаністыкі.
Беручы ўдзел у міжнародным праекце для журналістаў — адным з соцень мерапрыемстваў, прыўрочаных да святкаванняў 9 лістапада, я спрабавала адшукаць адказы на самыя розныя, часам нават элементарныя пытанні, якія паўставалі ў мяне пры сутыкненні з тэмай Берлінскага муру, з тэмай узаемаадносінаў ГДР і ФРГ, СССР і краінаў Захаду. Адказамі, знойдзенымі па абодва бакі парушанага Муру, я дзялюся з шаноўным чытачом.
Нягледзячы на тое, што ў беларускай мове пад уплывам рускай традыцыі замацавалася ўстойлівае словазлучэнне «Берлінская сцяна», мной будзе ўжывацца форма «Берлінскі мур» як больш сутнасна і фармальна адэкватны пераклад нямецкага Berliner Mauer.

Хто і навошта пабудаваў Берлінскі мур?


Мур быў ініцыятывай і ўласнасцю сацыялістычнага блоку. Школьнікам ГДР настаўнікі забаранялі называць Мур Мурам — афіцыйна ён называўся «загародай супраць фашысцкай і капіталістычнай агрэсіі». Але сапраўднай прычынай закрыць мяжу стала тое, што з самага свайго ўтварэння ў 1949 годзе ГДР імкліва губляла маладое насельніцтва: было выгодней атрымліваць бясплатную адукацыю ў ГДР, а працаваць у ФРГ. Паміж сацыялістычнай эканомікай Усходу і рынкавай Захаду існавала негалоснае спаборніцтва, і ГДР яго заўважна прайгравала. За 1950-я гады на Захад пераехала жыць каля 3 мільёнаў усходніх немцаў.
Менавіта дзякуючы Муру і строгай мяжы паміж ГДР і ФРГ апошняя здавалася ўсходнікам прывабней, чым была дагэтуль. І, можа, таму туды так ірваліся. І, можа, тым мацнейшым было расчараванне, і таму здараліся славутыя неадаптацыі людзей сацыялістычнага выхавання ў капіталістычным свеце…

Як так можа быць, што Мур вырас за адну ноч?

iconicphotos.files.wordpress.com__2009_05_conrad__9e15504f029babf0709166531f1b268b.jpeg


З 13 па 15 жніўня 1961 года Заходні Берлін абцягнулі нізкай сеткай з калючага дроту — гэта і была першая сцяна. Паколькі 13 жніўня было нядзеляй, пра сцяну многія берлінцы дазналіся толькі 14 жніўня, калі іх не пусцілі на працу ў іншы сектар — гэта павялічыла эфект нечаканасці. У першыя дні на захад уцяклі больш за 200 памежнікаў. Тады ў памежныя войскі салдат сталі набіраць з аддаленых рэгіёнаў ГДР, пазбягаючы ставіць землякоў у адзін каравул, каб не было змоваў. Тады ж пачалося будаўніцтва асноўнай загародкі — з пустацелых блокаў. Блокавую сцяну можна было пратараніць нават пластыкавым ГДРаўскім аўто-трабантам, таму неўзабаве блокі замянілі трывалымі бетоннымі плітамі.

Як выглядаў Мур з усходняга боку?

www.dailysoft.com__berlinwall_xgra_3a553ee10cba7370c84ea8292ebe60d6.jpeg


У 1975 годзе Мур набыў свой канчатковы выгляд. Для многіх усходнеберлінцаў, каму ўдавалася скокнуць праз бетонную агароджу, было адкрыццём, што яны бачылі з горада толькі знешнюю фартыфікацыю. Уцекачы траплялі ў так званую «паласу смерці», застаўленую вышкамі, замініраваную, патруляваную машынамі і аўчаркамі: заставалася яшчэ метраў 100 да муру № 2, — асноўнага, якім яго бачылі заходнія немцы. Зразумела, зверху ўсё было абцягнута калючым дротам. У знешнім муры былі «службовыя» дзверкі ў Заходні Берлін.
Мур падкопвалі, яго пераскоквалі з шастамі і пераляталі на самаробных дырыжаблях ды аэрапланах. Памежнікі перагарадзілі Шпрэе падводнымі кратамі, устанавілі датчыкі ў зямлю, каб слухаць, ці не рыюць тунелі, засялялі дамы, што прылягалі да Муру, сексотамі. Гэта былі 28 гадоў няспыннага «тэхнічнага прагрэсу».

Як выглядаў Мур з заходняга боку?

novaonline.nvcc.edu__eli_evans_photo_c190c647292c1c3d984d03bd7cac8050.jpeg


Агульнавядома, што на Захадзе да Муру можна было падыйсці, памацаць і нават пакінуць на ім графіці, чым з ахвотай карысталіся знакамітыя мастакі з усяго свету. Менш вядома, што гэта было небяспечна: дзеля эканоміі пры пабудове Муру ўлады ГДР зразалі вуглы, пакідаючы за сабой права патруляваць тэрыторыю, якая засталася на Захадзе. Так што захопленага працай мастака, які маляваў на Муры, памежнік мог зацягнуць у «паласу смерці» праз адкрытыя ў Муры дзверкі і пакараць за псаванне маёмасці ГДР. Добрапрыстойныя бюргеры ведалі гэта і ўвогуле баяліся падыходзіць да Муру. Жыць побач азначала штодня чуць стрэлы, фізічна адчуваць напругу ў савецкім сектары. Жытло каля сцяны было танным, і там сяліліся ў асноўным эмігранты і дэкласаваныя элементы. Пасля 9 лістапада ўсё перакулілася: задворкі заходняга Берліна апынуліся ў самым цэнтры аб’яднанага горада.
У 1988 годзе дзве прадстаўніцы мастацкай супольнасці Заходняга Берліна Сінція Біт і Цільда Свінтан знялі дакументальны фільм «Cycling the Frame» («На ровары ўздоўж рамкі»). Шэрая рамка вакол сакавітай каляровай карціны — менавіта так успрымалі Мур заходнеберлінцы.

Ці маглі жыхары Заходняга Берліна ездзіць ва Усходні?

www.dailysoft.com__berlinwall_xgra_b682ccb577e6314da051f09e67616f96.jpeg


Роберт — філолаг, які выдатна размаўляе па-руску і які правёў студэнцкія гады ў Заходнім Берліне 1980-х, расказвае, што грамадзяне не толькі Заходняга Берліна, але ФРГ і любой краіны Заходняга блоку маглі адносна свабодна выпраўляцца на аднадзённы шпацыр ва Усходні Берлін: «Сакрэт такой лаяльнасці палягаў у аднадзённай візе: яна каштавала 25 заходніх марак — грошы на той час адчувальныя, і для кіраўніцтва ГДР гэта быў добры бізнес. Да таго ж, паводле законаў ГДР, вы былі абавязаныя памяняць пэўную суму заходніх марак на мяжы, а назад мяняць было нельга. Пакідаеш савецкі сектар — або здавай грошы на мытні, або выкідай».
Ва Усходні Берлін Роберт вадзіў на экскурсію амерыканскіх сяброў. Прычым мэтай культпаходу быў не толькі «запаведнік таталітарызму» — ва ўсходняй частцы засталіся Домскі сабор, Востраў музеяў і іншыя помнікі агульнанямецкай спадчыны. Немцы ставіліся да такога турызму насцярожана. Яшчэ Роберт хадзіў туды ў кнігарні: купляў слоўнікі і кнігі па русістыцы — шыкоўна выдадзеныя, яны каштавалі капейкі. «Праз гэтыя рускія кнігі, калі я вяртаўся дадому, мяне аднаго разу завялі ў бокс і доўга дапытвалі: гэта было непрыемна і магло для мяне кепска скончыцца», — згадвае Роберт.
Але галоўнай мэтай візіту на Усход было адведаць сваякоў: Мур падзяліў многія сем’і. Вярнуцца на Захад трэба было да 2-й гадзіны ночы. Ля пераходу на Фрыдрыхштрасэ, у будынку, вядомым як «Палац слёз», уночы развітваліся жыхары Заходняга і Усходняга Берліна.

Ці маглі жыхары Усходняга Берліна ездзіць у Заходні?


У Заходні Берлін выпускалі лічаных ГДРаўцаў пасля суровых праверак. Але з выхадам на пенсію любы грамадзянін ГДР атрымліваў права ездзіць на Захад. Сацыялістычнай дзяржаве важна было затрымаць на сваёй тэрыторыі моладзь і працоўную сілу, а пенсіянеры карысці не прыносілі. На Захадзе, па законах ФРГ, усходнія старыя атрымлівалі бясплатнае лячэнне. Да таго ж пасля праходу мяжы кожны грамадзянін ГДР меў права на «прывітальныя грошы» — 100 марак. Узяўшы гэтыя грошы ў банку, старыя закупаліся дэфіцытнымі прадуктамі і везлі іх на Усход, дзецям.

Як яшчэ ГДР зарабляў на ФРГ?

Сцяна падзяліла не толькі вуліцы — яна прашыла воды Шпрэе, а таксама метро і каналізацыю. Лініі У–6 і У–8 берлінскага метро пачыналіся і заканчваліся ў Заходнім Берліне, а пасярэдзіне былі станцыі, якія належалі Усходняму. Усе гэтыя станцыі цягнік праязджаў без спынення, апроч Фрыдрыхштрасэ — дзе быў чэкпойнт. На гэтай станцыі стаяў ларок са спіртнымі напоямі, які карыстаўся папулярнасцю ў жыхароў Заходняга Берліна: тыя ездзілі па таннейшую выпіўку — і нават без віз.
Але галоўнае, раз на год ФРГ выкупала палітвязняў, якія трапіліся пры спробе ўцячы з ГДР або на акцыях пратэсту. За галаву на Усходзе бралі ад 40 да 150 тысяч марак, у залежнасці ад узроўню адукацыі «злачынцы» — часам не грашыма, а таварамі. Прадавалі палітвязняў толькі пры ўмове, што ў нагрузку Захад выкупіць яшчэ і крымінальнікаў. Гэтыя каштавалі танней. «Я жыў побач з адным такім у Заходнім Берліне, — расказвае Роберт. — Ён зарэзаў жонку на Усходзе і казаў, што і нам такое будзе. Нідзе не працаваў, да ночы піў з сябрукамі і буяніў. Тэрарызаваў дом тры гады, пакуль мы скаргамі не дамагліся яго адсялення».

Ці «ўцякалі» людзі з Заходняга Берліна ва Усходні?


У ГДР з ФРГ у розныя гады свядома пераехалі жыць некалькі дзеячаў сацыялістычных перакананняў. Сярод іх — драматург Бертольд Брэхт і бацька канцлера Германіі Ангелы Меркель, лютэранскі пастар.

Як так можа быць, што Мур рухнуў за адну ноч?


Вядома ж, усё пачалося задоўга да ночы падзення Муру. І не ва Усходнім Берліне, насельніцтва якога было збольшага пасіўным і лаяльным рэжыму праз шматгадовы адбор і чысткі. З усёй краіны дысідэнты з’язджаліся ў Лейпцыг. Актывіст мірнай рэвалюцыі 1989 года Олівер Клос у 1982 годзе пераехаў у Лейпцыг з Дрэздэна і, нягледзячы на атэістычныя перакананні, паступіў на тэалагічны факультэт Лейпцыгскага універсітэта. «Царква ў ГДР існавала асобна ад дзяржавы і стала рухавіком апазіцыйнага руху, — расказвае Олівер, — а на тэалогіі мы мелі магчымасць вучыцца па перадавых заходніх методыках, да нас прыязджалі выкладаць прафесары з Захаду, якія прывозілі кнігі». Другой падрыўной сілай рэжыму былі абаронцы прыроды: індустрыя ГДР не дбала пра экалогію, неба над Лейпцыгам круглы год было жоўтым.

germanhistorydocs.ghi_dc.org__images_12786899_25d3f45930af2f373fc7fed70e987943.jpeg


У 1988 годзе вакол пратэстанцкай абшчыны кірхі святога Мікалая ў Лейпцыгу сталі групавацца нязгодныя. Зборы адбываліся па панядзелках, хутка людзі перасталі змяшчацца ў храме і выйшлі на плошчу. «Штазі» запалохвала мірных дэманстрантаў кровапраліццем, ладзіла жорсткія разгоны, але людзей гэта не спыняла. Сімвалам мірнай рэвалюцыі былі свечкі: калі нясеш у руках зніч, у іх няма месца зброі. Людзі патрабавалі дэмакратычных выбараў і «бязвізавы праезд аж да Гаваяў». У панядзелак 9 лістапада 1989 года берлінцы даведаліся, што ў Лейпцыгу адбываецца стотысячная дэманстрацыя, а фолькспаліцаі не страляюць.


Цікава, што ўсходнеберлінскія дысідэнты і не марылі зрушыць Мур: для іх яго падзенне было шокам. Гэта быў парыў простых немцаў, якія прагнулі ўз’яднацца з роднымі на Захадзе, зірнуць на начное жыццё вуліцы Курфюрстэндам. Эфектнае ламанне пачалося выпадкова і, можа, таму выглядала як цуд: нешта, ува што ні на Захадзе, ні на Усходзе не магі да канца паверыць: лічыцца, што партыйны функцыянер Гюнтэр Шабоўскі агаварыўся, сказаўшы ў прамым эфіры, што ўказ пра адкрыццё межаў ГДР уступае ў сілу «неадкладна». І людзі рушылі ў бок Муру, а памежнікі не сталі іх стрымліваць.

У Лейпцыгу сімвалам перамогі над рэжымам стаў момант, калі дэманстранты занялі будынак «Штазі».


Ці сапраўды нямецкая мяжа паміж Захадам і Усходам існуе дагэтуль — у галовах немцаў?


Сёння, у эпоху дэкаратыўнага бетону, калі парэшткі Муру размеркаваныя па музеях і сувенірных крамах, калі акторы-эмігранты з Расіі і Польшчы, пераапранутыя ў савецкага і амерыканскага салдатаў, пазіруюць турыстам на фоне Брандэрбургскай брамы, немцы нарэшце выглядаюць непадзельнай шчаслівай нацыяй. Але мой знаёмы беларус, які шмат год працуе ў Берліне, іначай глядзіць на сітуацыю:
«Гэта не афішуецца, але сучасная Германія — гэта сумная гісторыя самасцвярджэння багатых заходнікаў за кошт бяднейшага Усходу і складанае перапляценне ўзаемных крыўдаў. Адна з самых застарэлых — тое, што ўсходненямецкая прапаганда абвясціла ФРГ спадчыннікам нацызму, а сябе — новай Германіяй, што, зразумела, было дэмагогіяй. Дарэчы, менавіта па гэтай прычыне, калі нацызм і ўзнімае галаву ў Германіі, то — у былой Усходняй: на Захадзе немцам з дзяцінства прышчэплівалі комплекс віны за злачынствы продкаў. Усходнія немцы пачынаюць ненавідзець мусульманскую эміграцыю з чыстага ліста.
З іншага боку, пасля аб’яднання выявілася, што ў ГДР перабольшвалі заможнасць заходніх суседзяў. Нядзіва, што большасць немцаў на Усходзе сцвярджаюць: пры сацыялізме яны жылі лепей».
«Тады чаго ж яны аб’ядноўваліся?» — пытаюся я.
«Цябе гэта, можа, здзівіць, але таму, што слова «Свабода» для гэтай краіны значыць вельмі і вельмі шмат. У якую Германію не трапіў бы сёння беларус — Заходнюю ці Усходнюю — у плане любові да свабоды яму ёсць чаму павучыцца».

З Усходу на Захад: вышэй ногі ад зямлі

Мультымедыя-выстава «Placemaking» перформеркі Штэфані Бюркле, што адчынілася ў Берліне на Унтэр-дэн-Ліндэн 26 лістапада, раскрывала тэму падзелу Германіі вачыма эмігрантаў, якія да 1989 года жылі па абодва бакі Муру. Заваленая сыпучымі падушкамі-мапамі Берліна зала, відаць, мусіла нагадваць маладым немцам знаёмы вобраз дзяцінства: пакой для рэлаксацыі ці кабінет псіхолага нямецкай пачатковай школкі. Можна было валяцца на падушках, слухаючы запісы інтэрв’ю з эмігрантамі, а можна было гуляцца ў гульню кшталту «Менеджэр», перастаўляючы азіяцкія фігрукі па контурнай мапе Берліна. «Гульнявая» атмасфера выставы здалася мне выдатнай метафарай Берлінскага муру. Калі дзяржаўная мяжа праходзіць па жылым доме — гэта або тэатр абсурду, або ўмоўнасць дзіцячай гульні. Уцёкі з Усходу на Захад, напрыклад, у дакументальных хроніках выглядаюць як піянерскія «Зарніцы» — вось толькі страляюць і забіваюць там па-сапраўднаму. У Лейпцыгскім  музеі сучаснай гісторыі Германіі паказваюць кінахроніку: два чалавекі пераплываюць раку Шпрэе: вада знаходзіцца пад юрысдыкцыяй ГДР, а заходні бераг — ужо заходняя тэрыторыя. За ўцекачамі гоніцца памежны катэр, чуюцца стрэлы. Але варта хлопцу пакласці руку на заходні бераг, як стрэлы спыняюцца, а катэр разварочваецца, хоць памежнік можа дацягнуцца да парушальніка: нельга. «Я трымаю цябе за руку, значыць, ты на Захадзе!» — крычыць заходні берлінец, выцягваючы з вады дзяўчыну. Нямецкая педантычнасць?

Падзяка


Гэты матэрыял — вынік трэнінгу для маладых журналістаў, арганізаванага 24–28 лістапада 2009 года ў Берліне моладзевай ініцыятывай «Точка-Treff» і прызначаны таксама для публікацыі на сайце to4ka-treff.de.
«Точка-Treff» — супольны праект Гётэ-інстытутаў у рэгіёне Усходняя Еўропа /Сярэдняя Азія і Фонду «Германа-расійскі моладзевы абмен».
Шчыра дзякую супрацоўнікам Берлінскага Гётэ-інстытута Роберту Касону, Ёргу Зільберману і каардынатарцы «Точка-Treff» Даніэле Ханэман за добра прадуманую, прафесійна праведзеную і інфарматыўна насычаную праграму, а свайму калегу карэспандэнту газеты «Звязда» Глебу Лабадзенку — за творчую кампанію і супольную працу ў праекце.

--------------------------------------------------------------------

Чытайце таксама па тэме:

Усход: сумнае хобі Юргена Літфіна
Захад: дакументацыя і прымірэнне