Бітва на Ворскле: як Літва хацела Русь аб’яднаць
Адна з найбуйнейшых бітваў Сярэднявечча, у якім войска ВКЛ і заходнееўрапейскае рыцары сустрэліся з татарамі адбылася 620 гадоў таму
Напрыканцы XIV стагоддзя набрала моц новая ўсходнееўрапейская дзяржава — Вялікае княства Літоўскае і Рускае. Развіццё ВКЛ адбывалася ў складаных умовах — з Захаду на яго ціснуў агрэсіўны Тэўтонскі ордэн. На Усходзе разгарэлася суперніцтва паміж ВКЛ і Вялікім княствам Маскоўскім — за збіранне ўсіх земляў былой Кіеўскай Русі. Вельмі небяспечны вораг — на поўдні, дзе аселі шматлікія орды татараў. Частка праваслаўнага насельніцтва нават абвясціла сябе «татарскімі людзьмі» — па Случы, Цецеравы, Гарыні, Бугу ўзнікалі абшчыны, што аддавалі перавагу больш прывольнаму рэжыму качавой татарскай адміністрацыі — насуперак уладзе князёў і баяраў.
За кантроль над украінскімі і паўднёва-беларускімі землямі Літве давялося весці доўгую барацьбу з мясцовымі князямі, іх сюзэрэнамі-татарамі і Каралеўствам Польскім.
У 1321 годзе літоўскае войска ў крывапралітным баі на рацэ Ірпень разбіла кіеўскіх, валынскіх і Бранскіх князёў і іх татарскіх саюзнікаў, пасля чаго ўзяло штурмам Кіеў. Татары адказалі набегам на Літву і Беларусь.Але ў 1362 годзе літоўска-беларускае войска ўшчэнт разграміла стэпнякоў на Сініх водах. І ВКЛ імкліва прасунулася далёка ва Украіну. Аднак вельмі хутка Залатая Арда дамаглася ад Літвы права на сумесны збор даніны з большай частцы ўкраінскіх земляў.
Зразумела, князя Вялікага княства Літоўскага Вітаўта такі «кандамініум» у справах тагачаснага «міністэрства па падатках і зборах» не задавальняў. І неўзабаве настаў зручны момант канчаткова зваліць магутнасць Арды. Якраз у гэты час татараў разграміў вялікі кіраўнік Сярэдняй Азіі Цімур. Ардынскі хан Тахтамыш з паплечнікамі збег да літоўскага князя Вітаўта па дапамогу. Пасадзіўшы яго на ханскі трон, Вітаўт ператварыў бы абяскрыўленую Арду ў свайго васала. Да гэтага часу войскі ВКЛ ўсталявалі поўны кантроль над паўночнай Украінай, падпарадкаваўшы Ноўгарад-Северскі і Падолію, і выгнаўшы з Кіева князя Уладзіміра Альгердавіча . Яго занадта самастойны пераемнік Скіргайла ў 1395 годзе быў атручаны — пры загадкавых абставінах. Сярэднявечных кіраўнікоў няма падстаў ідэалізаваць — падступнымі і жорсткімі дзецьмі свайго часу былі амаль усе манархі феадальных дзяржаў.
Тады ў Вільні распрацоўваліся вельмі амбіцыйныя планы. Паспяховыя перамовы аб «антыардынскай кааліцыі» вяліся і з вялікім князем Маскоўскім Васілём I. Але ўжо ў сакавіку 1398 года выведка Тэўтонскага ордэна атрымала звесткі: «Похвалися глаголяще бе Витовт: пойдем и победим царя Темир Кутуя, взям царство его, посадим на нем царя Тохтамыша, а сам сяду на Москва, на великом княжении, на всей русской земли». Узамен за дапамогу ў барацьбе за ардынскі стол Тахтамыш абяцаў прызнаць правы Вітаўта на Маскву, Разань, Цвер, Пскоў і Ноўгарад. З крыжакамі Вітаўт у 1396 заключыў Салінскае пагадненне, якое прадугледжвала сумесны раздзел ноўгарадскіх ды пскоўскіх земляў. У Маскве таксама стала вядома пра гэтыя планы, і яе адносіны з Вільняй рэзка сапсаваліся. Разарвалі ранейшую дружбу з ВКЛ і ў Вялікім Ноўгарадзе, у Пскове і Цверы.
Але вялікага князя Вітаўта гэта мала бянтэжыла. Яго армія, якая налічвала ад 40 да 70 тысяч воінаў, збіралася ў траўні 1399 года ў Кіеве. Да літоўскага войска далучыліся і рыцары Тэўтонскага Ордэна, і польскія, мазавецкія і валашская атрады, і татары Тахтамыша. У летапісу гаворыцца, што ў войску ВКЛ была «сотня копій» з Тэўтонскага ордэна . Ці была гэта агульная колькасць ваяроў? Ці ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра «дзіду» як падраздзяленне, у якое ўваходзіў сам рыцар, яго збраяносца і простыя воіны? Па іншых дадзеных, тэўтонскі комтур Марквард фон Зальцбах прывёў Вітаўту 1600 коннікаў.
Для рыцараў-каталікоў гэта быў фактычна крыжовы паход, абвешчаны ў траўні 1399 года папам Баніфацыям IX. За ўдзел у вайне з нявернымі добраахвотнікам было абяцана прабачэнне ўсіх грахоў. Хаця стаўленне рыцараў-«лацінян» да мясцовых праваслаўных-«схізматыкаў» таксама наўрад ці адрознівалася асаблівай прыязнасцю.Дзве арміі сустрэліся на рацэ Ворскла ў сучаснай Палтаўскай вобласці. Сілы ВКЛ былі вялікія, і зніклы духам хан Цімур Кутлуг пачаў перамовы . Вітаўт патрабаваў ад хана поўнага падпарадкавання — «Бог падпарадкаваў мне ўсе землі, падпарадкуйся і ты мне — акі бацьку, і плаці чынш. А не — будзеш заваяваны акі раб». Усе вырашыў рашучы эмір Едыгей з нагайскага войска з Крыму, што прыбыў на падмогу Кутлугу. Перамовы былі спыненыя.
Літвіны маглі прыняць бой ва ўмацаваным табары з калёс, скаваных жалезнымі ланцугамі. Тут, пад прыкрыццём гармат, яны б мелі відавочны поспех. Але Едыгей наўмыснай абразай выманіў Вітаўта ў чыстае поле — насуперак парадам яго дасведчаных палкаводцаў.
Бітва пачалася 12 жніўня 1399 года. Над татарскім войскам быў узняты белы сцяг Чынгіз-хана з чорнай месяцам. Але літоўскі віцязь Сыракомля атрымаў у двубоі верх над татарскім Батырам. Затым атака лёгкай татарскай конніцы была адбітая залпамі бамбард і арбалетчыкаў. І ў атаку мерна рушыла закутая ў даспехі літоўская, польская і нямецкая кавалерыя, пашыхтаваная клінам. І ардынцы было пусціліся ва ўцёкі. Літоўская цяжкая конніца пераследавала іх некалькі вёрст, пакуль коні не знясілелі канчаткова.
Але чамусьці літвіны забыліся і пра выпрабаваны татарскі прыём — прытворныя ўцёкі. Раптам павярнуўшыся, стэпнякі засыпалі рыцараў стрэламі. А з флангаў і з тылу ўдарылі схаваныя ў засадзе нагайскія палкі. Першымі пабеглі людзі Тахтамыша, разрабаваўшы перад гэтым ахоўваемы імі лагер Вітаўта. Затым завагаліся астатнія палкі, не вытрымаўшы граду гартаваных стрэлаў. Усё давяршыў ўдар цяжкай конніцы, якая таксама мелася ў татараў.
Параза была страшэнная. Татары пераследавалі літвінаў і іх саюзнікаў да самага Кіева. Вітаўт быў паранены і цудам выратаваўся, некалькі дзён блукаючы ў стэпе. З ім збеглі і нямецкія рыцары —хто ацалеў. Па паведамленні прускага храніста Іагана фон Позільге, большасць тэўтонцаў і палякаў загінула. Сярод забітых называюцца Ханус і Томас Зурвіле, «пабожныя спадары», а сярод тых, хто выратаваўся —комтур фон Зальцбах, блізкі да Вітаўта. Па некаторых звестках, ад татарскіх шабляў ацалела толькі трое рыцараў і некалькі простых воінаў.
Гэтым разам цяжка ўзброеныя рыцары саступілі ў барацьбе з мабільнай ардынскай конніцай.На Ворскле загінулі і многія беларускія князі, ўчорашнія героі Кулікоўскай бітвы. Ардынцы спустошылі ўсю паўночную Украіну і пасадзілі ў Кіеве свайго намесніка. Але канчаткова граміць ВКЛ эмір Едыгей не стаў — яму патрэбная была моцная процівага Маскве. Аднак ад планаў ўстаць на чале ўсіх зямель Русі ВКЛ цяпер давялося адмовіцца. Назаўжды.
У 1401 годзе Вітаўт вымушаны быў заключыць асабістую Віленскую ўнію з Польшчай. Польскі кароль і яго стрыечны брат Ягайла прызнаваліся вярхоўнымі кіраўнікамі Літвы. Але літвінам ўдалося адбіцца ад выплаты даніны Польшчы, на чым настойваў процілеглы бок.
***Неўзабаве пасля катастрофы на Ворскле Тэўтонскі Ордэн, выкарыстоўваючы часовую слабасць ВКЛ, аднавіў свае драпежніцкія напады на нашы землі. Па сутнасці, на той момант менавіта тэўтонцы былі самым небяспечным вонкавым ворагам для Літвы-Беларусі, а таксама для Польшчы, Мазовіі, Жамойці і іншых народаў Усходняй Еўропы. Бо мэтай Ордэна былі зусім не дынастычная унія, даніна або хаатычныя набегі — а поўная заваёва і татальная асіміляцыя славян і балтаў, як гэта адбылося ўжо з заходнеславянскімі плямёнамі люцічаў, абадрытаў, сорбаў і балцкімі плямёнамі прусаў. Рыцары-крыжакі пераехалі б Беларусь, як жалезным катком, і ад яе нацыянальнай ідэнтычнасці не засталося б і следу.
Але войска ВКЛ змагло акрыяць ад цяжкага ўдару. Падрыхтоўка і рыштунак цяжкай конніцы, панавалай на тагачасным поле бою — справа не простая. Але за дзясяцігоддзе пасля Ворсклы было вырашчанае, ўзброенае і навучанае новае пакаленне воінаў. І 15 ліпеня 1410 года аб’яднанае войска беларусаў, літоўцаў, палякаў, украінцаў, чэхаў і тых жа татараў нагалаву разграміла тэўтонскую армію. Марквард фон Зальцбах, які выратаваўся на Ворскле, змагаўся цяпер ужо супраць Вітаўта, трапіў у палон і быў абезгалоўлены на загад вялікага князя.
Дарэчы, літоўская конніца ў баі з тэўтонцамі паспяхова ўжыла манеўр «падманнае адступленне», вельмі дарагой цаной вывучаны на Ворскле. Перамога на палях Грунвальда назаўжды спыніла тэўтонскую экспансію на нашыя землі.