
Фота Ігара Мельнікава
Яшчэ ў сярэдзіне мінулага года польскія і расійскія спецыялісты прадставілі спіс прозвішчаў польскіх грамадзян, якія, маглі апынуцца ў выніковай расстрэльнай ведамасці мінскага НКУС у сакавіку-красавіку 1940 года Пазней той пералік быў параўнаны з дакументамі 15-й канвойнай брыгады ўнутраных войскаў НКУС. Дадзеная супастаўленне дало супадзенне амаль сотні прозвішчаў людзей, якія былі вывезены ў Мінск і ад таго моманту пра іх лёс больш нічога не вядома.
Большасць прозвішчаў, змешчаных у спісе, падрыхтаваным Цэнтрам польска-расійскага дыялогу, раней ужо былі вядомы беларускім і польскім даследчыкам. Напрыклад, у свой час, я даволі падрабязна апісваў лёс польскага памежніка Станіслава Хмялеўскага з Вілейкі.

Дакумент пра Станіслава Хмялеўскага
Гэты чалавек трапіў у савецкі палон, утрымліваўся ў вілейскай турме, а ўвесну 1940 года быў накіраваны ў распараджэнне НКУС у сталіцу БССР. У 1990 годзе родныя Хмялеўскага атрымалі з Беларусі афіцыйную даведку, у якой, у прыватнасці, адзначалася, што Станіслаў Хмялеўскі быў абвінавачаны ў тым, што… на працягу некалькіх гадоў служыў у польскім войску. Справа былога памежніка была перададзена на разгляд тройкі. Далейшы лёс гэтага чалавека не вядомы.
Не варта думаць, што ў Беларускім катынскім спісе знаходзіліся прозвішчы толькі афіцэраў Войска Польскага. Насамрэч увесну 1940 года у мінскіх турмах знаходзілася значная колькасць польскіх паліцэйскіх, былых землеўласнікаў, супрацоўнікаў польскіх дзяржаўных устаноў.
Многія з гэтых людзей, як напрыклад, землеўласнік з Навагрудчыны, былі сенатар Канстанцін Рдултоўскі, прайшлі праз пекла савецкіх турмаў і выжылі. Але некаторая частка былых памешчыкаў і буйных землеўласнікаў падзяліла сумны лёс польскіх “мундуровых”: вайскоўцаў і паліцыянтаў. Таму з усёй упэўненасцю можна казаць пра тое, што ў сумна вядомым Беларускім катынскім спісе знаходзіліся прозвішчы розных катэгорый грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай.
Сёння даследаваннем трагічнага лёсу жыхароў заходнебеларускіх ваяводстваў міжваеннай Польшчы пасля далучэння гэтых тэрыторый да СССР у верасні 1939 года займаецца польскі даследчы Цэнтр “Карта”. У 2003 годзе яго супрацоўнікі выдалі даволі грунтоўны даведнік “Арыштаваныя ў Заходняй Беларусі”, які змяшчаў алфавітны спіс прозвішчаў амаль 5 тысяч палякаў і польскіх грамадзян іншых нацыянальнасцей, якія ў перыяд з верасня 1939-га па чэрвень 1941 года былі арыштаваны і асуджаны на розныя тэрміны зняволення.

Архіў Інстытута нацыянальнай памяці ў Варшаве
Акрамя гэтага, у 2006 годзе быў выданы каталог успамінаў і матэрыялаў, якія захоўваюцца ва. “Усходнім архіве” Цэнтра “Карта”. Гэта вельмі каштоўныя крыніцы, якія праліваюць святло на тэхналогію дзейнасці сталінскіх рэпрэсіўных органаў у дачыненні да так званага “польскага кантынгенту”. Даволі каштоўныя матэрыялы, што адносяцца да дадзенай тэматыкі, знаходзяцца ў архівах польскага Інстытуту Нацыянальнай памяці. Тут гутарка ідзе перш за ўсё пра ўспаміны польскіх грамадзян, якія сталі ахвярамі савецкіх рэпрэсій.
Безумоўна, дакументы якія захоўваюцца ў польскіх архіваў прадстаўляюць вялікую цікавасць для даследчыкаў, аднак, найбольш важныя першакрыніцы, што тычацца да тых падзей, захоўваюцца ў архівах расійскіх і беларускіх спецслужб. Тут гутарка ідзе перш за ўсё пра Маскву, таму, што ў савецкія часы ўсе дакументы і справаздачы ішлі з нацыянальных рэспублік у сталіцу “савецкай імперыі”.
Акрамя гэтага, варта ўлічваць, што ў чэрвені 1941 года немцы настолькі хутка захапілі сталіцу БССР, што захаваць архівы НКУС савецкай Беларусі было проста не магчыма. Да таго ж Мінск жорстка бамбілі і большасць адміністратыўных будынкаў мінскіх турам былі знішчаны ўжо ў першыя дні вайны.
На жаль, сёння архівы КДБ у Беларусі і ФСБ у Расіі зачынены для даследчыкаў. Гэты чыннік ускладняе высвятленне праўды пра сталінскія злачынствы супраць польскіх грамадзян на тэрыторыі БССР у 1940 годзе.
Не варта забывацца і яшчэ на адзін гістарычны сюжэт: у перыяд з 1940 па 1941 гады ў мінскіх турмах утрымліваўся не толькі “польскі кантынгент”, але і грамадзяне іншых краін, у тым ліку Вялікабрытаніі і Францыі. Гутарка ідзе пра былых вайскоўцаў французскай і брытанскай арміі, якія трапілі ў нямецкі палон, утрымліваліся ў лагерах на тэрыторыі акупаванай Польшчы, а потым збеглі ў СССР і трапілі ў кукі НКУС. Для большасці з гэтых людзей мінскія турмы былі толькі перасыльнымі пунктамі на шляху ў лагеры ваеннапалонных.

Ліст да Берыі, пра англіча і французах у савецкіх лагерах
Ёсць сведчанні, што некаторыя з гэтых грамадзян знаходзіліся ў Мінску і ў чэрвені 1941 года. Цалкам верагодна, што яны маглі паўтарыць трагічны лёс польскіх грамадзян, якіх салдаты ўнутраных войск НКУС забілі падчас спробы эвакуацыі зняволеных на ўсход. Дакладны адказ на гэта і многія іншыя пытанні маглі бы даць дакументы з архіву КДБ Беларусі.
Пасля азнаямлення з агульным станам праблемы з’яўляецца рытарычнае пытанне: навошта у нас хаваюць праўду аб тых страшных падзеях?
Ілюстрацыі аўтара і з архіва аўтара