Хто застрэліў Ганну Кароль?

Гучнае палітычнае забойства на Слонімшчыне ў першыя пасляваенныя гады адбылося 1 снежня 1947 года. У вёсцы Шылавічы была застрэлена дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і Шылавіцкага сельсавета 45-гадовая Ганна Кароль.

pahov_ni_ganni_karol_u_slon_me_snezhan_1947_g_.jpg

Пахаванне Ганны Кароль у Слоніме, снежань 1947 г. Фота з архіву аўтара Прайшло ўжо шмат дзесяцігоддзяў, але старэйшыя жыхары Слонімскага раёна памятаюць гэты дзень, і кожны з іх пра смерць дэпутаткі выказвае свае меркаванні.

Змагарка

Слонімскі паэт Анатоль Іверс Ганну Кароль заўсёды называў змагаркай. І сапраўды, жанчына была смелая, мужная і самаадданая.

Нарадзілася яна ў 1902 годзе ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета. Скончыла пяць класаў мясцовай школы. З 1915 па 1922 гады працавала па найму ў заможных сялян, а потым на сваёй гаспадарцы.

Калі Слонімшчына апынулася пад Польшчай, Ганна Кароль адразу далучылася да падполля. У 1925 годзе яна ўступіла ў кампартыю Заходняй Беларусі і стала сакратаром мясцовай партячэйкі. Яна з сяброўкамі вяла агітацыю ў роднай вёсцы Чамяры, а таксама хадзіла па суседніх вёсках, раздаючы падпольную літаратуру, вывешвала лістоўкі каля Чамяроў, Касцянёў, Хадзявічаў і іншых навакольных вёсак.

Паліцыя хутка дазналася пра актыўныя дзеянні Ганны Кароль. Яны сталі за ёй уважліва сачыць. А 14 сакавіка 1928 года Ганну арыштавалі. За прыналежнасць да КПЗБ і ўдзел у вулічнай дэманстрацыі польскі суд прыгаварыў беларускую дзяўчыну да двух з паловай гадоў зняволення.

У канцы 1930 года яна выйшла на волю і зноў узялася за сваю справу. Хутка яе выбіраюць членам Слонімскага акруговага камітэта КПЗБ.

У снежні 1932 года яе зноў арыштавалі і пасадзілі ў турму на шэсць гадоў. Трэці раз разам з сяброўкай Верай Іскрык яе арыштавалі 1 верасня 1939 года і адправілі ў Картуз-Бярозу. А 17 верасня Ганна Кароль вярнулася на родную Слонімшчыну.

Ганна актыўна ўключылася ў грамадска-палітычнае жыццё. Спачатку яе выбралі старшынёй сялянскага камітэта ў вёсцы Чамяры, затым — старшынёй Парэцкага сельсавета Слонімскага раёна. Падчас вайны Ганна перабралася ў Шклоў да сваёй сястры. Чым яна займалася на Шклоўшчыне — застаецца загадкай. Але пасля вайны Ганну Іванаўну ўзнагародзілі медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг».

Смяротны стрэл у вакно

Пасля вяртання на Слонімшчыну Ганну адразу выбралі старшынёй Шылавіцкага сельскага Савета.

Жыхар Слоніма Мікалай Ракевіч успамінае: «Я вучыўся ў Азярніцкай школе і памятаю, як да нас у 1946 годзе прыязджала і выступала ў сельскім клубе Ганна Кароль. Яна была апранута ў кажушок, сама невысокага росту. Выступала яна на той мове на якой размаўляў тутэйшы люд на Слонімшчыне. Казала жанчына, што трэба аднаўляць пасля вайны народную гаспадарку. Людзей прыйшло поўны клуб, усе слухалі ўважліва і пагаджаліся з тым, што казала мясцовая актывістка».

9 сакавіка 1947 года Ганну Кароль выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. А праз дзесяць месяцаў, 1 снежня 1947 года, яе не стала.

Вечарам Ганна Кароль вярнулася з чарговага сялянскага сходу дамоў. Села каля лямпы за сталом праглядзець пратаколы, запісы. І раптам з вуліцы ў вакно ўляцела куля. На стрэл прыбеглі суседзі. Жанчыну хутка адвезлі ў Слонім у раённую бальніцу, дзе яна праз чатыры гадзіны памерла.

Яе пахавалі ў Слоніме, а на магіле ў 1949 годзе ўстанавілі чатырохгранны абеліск. Слонімская раённая газета «Вольная праца» тады апублікавала сціплы некралог: «На баявым пасту загінула старшыня Шылавіцкага сельскага Савета, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Ганна Іванаўна Кароль…». Некралог падпісалі слонімскія кіраўнікі райкама і райвыканкама.

Забойства Ганны Кароль так і засталося не раскрытым. Пра гэта забойства ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь нічога не згадваецца. Няма звестак пра забойства дэпутата Ганны Кароль і ў Занальным дзяржаўным архіве ў г. Навагрудку.

shil_da_karol_.jpg

Версіі забойства

Хто ж застрэліў Ганну Кароль? Такое пытанне я задаў сёння таму ж настаўніку-пенсіянеру Мікалаю Іванавічу Ракевічу.

Ён сказаў: «На гэты конт я раскажу табе анекдот-быль, які вельмі папулярны быў у тыя 1940–1970-я гады. Вёз на калгаснай грузавой машыне вясковы шафёр старшыню калгаса. Раптам яны з’язджаюць у рышток, машына перавярнулася і... загінуў старшыня калгаса. Шафёр застаўся жывы, вылез з кабіны, закурыў і кажа: «Што загінуў старшыня калгаса — гэта не бяда: райкам партыі заўтра новага прышле, а вось машыну прыйдзецца рамантаваць». Вядома, што замест Ганны Кароль прызначылі ў Шылавічы новага старшыню сельсавета. Але ж каму перашкаджала слонімская актывістка? Афіцыйна лічылася, што жанчына загінула ад рук «ворагаў народа». Былы старшыня адной з гаспадарак Слонімшчыны Эдуард Арочка, які жыве ў вёсцы Міжэвічы, на маё пытанне пра смерць Ганны Кароль сказаў: «У той час на Слонімшчыне быў забіты і яшчэ адзін старшыня сельсавета, нехта Сончык. Казалі, што іх забілі банды. Але ж напрыканцы 1947 года на Слонімшчыне ўжо не было ніякіх бандаў. А мясцовая актывістка, відаць, некаму перашкаджала, вось яе і ліквідавалі».

У вёсцы Хадзявічы жыве Ніна Фёдараўна Баль, якая таксама добра памятае Ганну Кароль: «Гэта была родная цётка майго мужа Уладзіміра. Я памятаю, як мы бегалі слухаць выступленні Ганны Іванаўны. Тады людзі казалі, што яе забілі тыя, хто яе зрабіў дэпутатам».

Гісторык Сяргей Ёрш на маё пытанне сказаў: «Так, я калісьці таксама чуў версію, што маглі і ўлады з Кароль разабрацца. Але ні тады, ні цяпер не бачу прычынаў гэта рабіць. Тым больш, на наступны дзень пасля забойства, 2 снежня 1947 года, Цанава трымаў, верагодна, запланаваную раней справаздачу перад бюро ЦК КП(б)Б пра змаганне з антысавецкім падполлем на працягу года. Яму нявыгадна было дапускаць у гэты час забойства дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. А ініцыятыва мясцовага аддзела МГБ проста немагчымая. Таму, мусіць, былі нейкія тайныя прычыны, нам пакуль невядомыя. Можа, нехта з мясцовых, можа, не толькі нянавісць да ўлады, можа, і нешта асабістае было…».

Слонімскі гісторык Ігар Падгарадзецкі, які цяпер жыве ў Германіі, пра смерць Ганны Кароль паведаміў наступнае: «Мая маці добра ведала Ганну Кароль, але я ніколі ў яе на гэту тэму не размаўляў. Яна казала толькі, што Ганна была вельмі папулярнай сярод землякоў, што стралялі ў яе праз вакно з пісталета. І што пра вёску Шылавічы ў пасляваенны час людзі казалі, што гэта бандыцкая вёска».

Вёска Шылавічы на Слонімшчыне і пры Польшчы лічылася адной з найбольш рэвалюцыйных. Пасля таго, як у верасні 1939 года Заходняя Беларусь адышла ад Польшчы, шылавіцкія «актывісты» пачалі здзекавацца з мясцовых жыхароў, зводзіць асабістыя рахункі, помсціць нават за дробязныя крыўды.

Аднойчы гэтыя былыя «актывісты»-бязбожнікі пад кіраўніцтвам начальніка валасной чырвонай гвардыі ў Шылавічах Фамы Кузняцова (прозвішча зменена па розных прычынах, сапраўднае аўтару вядома. — С.Ч.), дарэчы, былым палітвязнем польскіх турмаў, сагналі сялян да гумна, якое стаяла на беразе Шчары, і пачалі здзекавацца з аднаго з багатых людзей вёскі, мясцовага пана. Яны запрэглі яго ў воз і каталіся. А праз некалькі дзён «актывісты» закатавалі мясцовага святара Андрэя Куца і яго жонку Алену. Спачатку бандыты абрабавалі дом святара, прапаролі кіем жывот Алене, а айцу Андрэю выкалалі вочы, адрэзалі язык, нос, вушы, а пасля адвезлі і кінулі мёртвых у балота каля Шчары, а потым закапалі ў лесе. Іх пасля шукалі пашукавікі-вяскоўцы, але нічога не знайшлі. Але быў сведка гэтага злачынства і паказаў месца ў лесе. Святара і іншых забітых вяскоўцы адкапалі і перазахавалі. Такі лёс чакаў і лесніка Самсоніка з гэтай вёскі. Вось у гэтай вёсцы і прыйшлося жыць і працаваць Ганне Кароль.

Як толькі застрэлілі яе, да старшыні Слонімскага райвыканкама Івана Дабрыяна прыйшлі супрацоўнікі НКУС і пачалі дапытвацца, а што ў гэты вечар рабіў і дзе быў Іван Дарафеевіч Міско (паэт Анатоль Іверс). Дарэчы, у 2012 годзе мне прыйшлося рыхтаваць да 100-годдзя трохтомнік твораў Анатоля Іверса (Івана Міско), у адну з кніг «З глыбінь жыцця» (Мінск, «Кнігазбор», 2012) я ўключыў і ўспамін Анатоля Іверса пра Ганну Кароль. На старонках 183–184 ён успамінае: «Перабіраючы ў памяці тыя трагічныя падзеі, аж цяпер шкура шэхне. Няўжо слонімскія і рэспубліканскія Шэрлак-Холмсы, у якіх я быў на падазрэнні, не ведалі, што ў мяне з Ганнай Кароль былі нармальныя, прыязныя адносіны. Ці можа самі следчыя не валодалі нармальным чалавечымі якасцямі? Няўжо яны не цікавіліся тымі асобамі, што замучылі святара?..»

Далей ён прыгадвае: «Неяк я хацеў удакладніць дату гібелі заслужанай зямлячкі, але ні ў музеях, ні на Слонімскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, калектыў якой трымае шэфства над магілай Ганны Іванаўны, не ведаюць дакладнай даты нараджэння і смерці. На фабрыцы некалі быў альбом, прысвечаны жанчыне, але камсамольцы аддалі яго ў райкам камсамолу, дзе і згубіліся яго сляды…»

Але як не замятай сляды, яны ўсё ж застаюцца не замеценыя. На днях патэлефанаваў аднаму са старэйшых жыхароў вёскі Чамяры Пятру Фёдаравічу Бурсевічу і спытаў, ці чуў ён што-небудзь пра Ганну Кароль. «Вядома ж, гэта мая зямлячка з Чамяроў. Пасля вайны яе застрэлілі Кузняцоў са сваёй бандай…» — адказаў Пятро Фёдаравіч.

Пра Ганну Кароль таксама ў Слоніме не забыліся. Яе імем названа адна з вуліц горада. А ў пачатку вуліцы ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Праўда, аднойчы падчас аварыі яе збіла машына. І больш за паўгода шыльду не аднаўлялі. Гісторык Сяргей Ёрш патэлефанаваў намесніку старшыні Слонімскага райвыканкама. На трэці дзень яе аднавілі, знайшлі тую, арыгінальную, якая стаяла там дзясяткі гадоў.

Нядаўна я наведаў вялікі школьны Народны музей у СШ №4 г. Слоніма. У адной з залаў убачыў бюст Кузняцова. Ён глядзіць проста на адзін са стэндаў, на якім знаходзіцца сціплы стары здымачак Ганны Кароль. Тут яны — побач, гісторыя іх яшчэ не рассудзіла: хто варты ганаровага месца ў музеі, а хто не.