«Дык прачніся, народ, ад нядолі!»
У эміграцыйных зборах часам можна знайсці рэдкія выданні. Ксеракопія аднаго з іх, школьнага часопіса «Покліч», была перададзеная нядаўна ў Беларускі інстытут літаратуры і мастацтва разам з іншымі паперамі Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
![1poklicz.jpg 1poklicz.jpg](/img/v1/userfiles/images/1poklicz.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Часопіс «Покліч» Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Наваградку выдаваўся ў 1943 годзе. У даведніку С. Жумара згадваецца адзіная яго ксеракопія, што захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Цяпер ёсць і другая.
Паколькі пра арыгінал звестак не сустракаецца, наяўныя копіі маюць надзвычай вялікае значэнне. Падобна, што гэта адзіны часопіс, што выдаваўся менавіта беларускай навучальнай установай у часы акупацыі. Таму мае сэнс прыгледзецца да яго больш уважліва.
Звестак пра Беларускую настаўніцкую семінарыю, што дзейнічала ў Наваградку ў 1942–1944 гадах, у літаратуры зусім няшмат. Найбольш інфармацыі пра выкладчыкаў і адукацыйны працэс можна знайсці ва ўспамінах яе некаторых выкладчыкаў і вучняў: Барыса Рагулі, Паўла Навары, Льва Стагановіча.
Сярод выкладчыкаў Беларускай настаўніцкай семінарыі былі: пісьменнік Аляксей Анішчык (Андрэй Чэмер), педагог, выпускніца Карлава ўніверсітэта ў Празе Наталля Орса, пісьменніца Іна Рытар-Каханоўская (Аляксандра Саковіч), грамадскі дзеяч Філарэт Родзька, вайсковы ды грамадскі дзеяч Барыс Рагуля. Частка з іх пасля вайны апынуліся на эміграцыі, іншыя, як Аляксей Анішчык ці дырэктар семінарыі Пётра Скрабец, прайшлі праз лагеры за сваю працу ў гады акупацыі.
Пра выданне ўласнага школьнага часопіса ва ўспамінах вучняў не згадваецца. Праўда, Павал Навара пісаў: «У сэмінарыі была насьценнага газэта і рэдактарам яе быў Алесь Лойка, які выказваў вялікія здольнасьці, як пісьменьнік. Пісаў часта вершы ў газэты мой добры сябра Саўка Янка з-пад Ліды…»
Хто быў рэдактарам часопіса «Покліч» невядома. У самім выданні гэта не пазначана, як і яго наклад. Невядома таксама, выйшаў толькі адзін нумар ці былі і іншыя. У нашым распараджэнні ксеракопія нумара першага на 24 старонках за верасень 1943-га.
![2poklicz.jpg 2poklicz.jpg](/img/v1/userfiles/images/2poklicz.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На першай старонцы часопіса ўверсе зробленая шыльда «Покліч. Школьны часапіс Настаўніцкай сэмінарыі ў Наваградку. № 1. Верасень. 1943 г.». Ніжэй ідзе невялікі тэкст «Ад рэдакцыі» падпісаны «Дырэкцыя сэмінарыі». У артыкуле пазначаецца, што «Покліч» стаў вынікам дзейнасці літаратурнага гуртка семінарыі: «Родная школа абудзіла юнацкія душы і накіравала моладзь да родных духовых вартасьцяў свайго народу. Сярод вучняў сэмінарыі выявіліся маладыя мастакі паэтычнага і празаічнага слова, мажліва, будучыя волаты мастацкай творчасьці. Сэмінарыя і выпускае гэты часапіс, как у першую чаргу даць магчымасьць моладзі друкаваць свае творы і гэтым прычыніцца да тварэньня беларускай культуры».
Больш пашыранае «Уступнае слова» належыць нямецкаму акруговаму камісару Вільгельму Траубу. У часопісе яно падаецца ў беларускім перакладзе, аўтар якога не пазначаны. Працяглы, больш як на 2 старонкі тэкст з’яўляецца выразнай адзнакай часу. Рыторыка змагання беларусаў на незалежнасць тут наўпрост суседнічае з антысеміцкай прапагандай, выстаўляючы габрэяў галоўнымі беларускімі ворагамі. Праўда, гэта фактычна адзіны такога кшталту матэрыял у часопісе. Хоць згадка вызвольнай ролі немцаў ёсць і ў невялікім непадпісаным звароце «Да моладзі», антысеміцкая тэма нідзе больш не прысутнічае. Сама ж цікавасць акруговага камісара да школьнага часопіса і наогул, як выглядае, да школьнай справы беларусаў вартая ўвагі даследчыкаў.
Асноўную частку зместу «Покліча» складаюць вершы, проза, публіцыстычныя тэксты як вучняў, гэтак і настаўнікаў.
Звяртаюць на сябе ўвагу шматлікія вершы моладзева-патрыятычнай, змагарнай скіраванасці, што адпавядаюць назве часопіса. Прыкладам, верш вучаніцы першага курсу Тамары Гладкай «Сьмела да мэты», які заканчваецца:
«Дык прачніся, народ, ад нядолі!
Узьнімі свой адважна штандар,
Хай хвалюецца сьмела на волі
І распаліць у сэрцы пажар!»
У сувязі з гэтымі вершамі варта згадаць рэфлексію Юрыя Туронка адносна таго, што тры гады беларускага школьніцтва ў часе нямецкай акупацыі зрабілі надзвычай шмат для развіцця нацыянальнай свядомасці моладзі. Змест часопісу «Покліч» гэта выразна пацвярджае.
Асобна ў паэтычным плане варта вылучаюць дэбютныя творы Галіны Бузук, апублікаваныя ў часопісе семінарыі. Сярод іх ёсць і палымяныя патрыятычныя:
Прыйдзе час
Прыйдзе час, і Край паўстане,
Славай новай заблішчыць,
І на прадзедаў кургане
Песьня волі загучыць!
Прыйдзе час, і зарунее
Перад намі ясны шлях
І высока, горда ўзьвее
Бел-чырвона-белы сьцяг!
А за сьцягам — Крыўі дзеці
Стануць дружна ў рады
Пранясецца па ўсім сьвеце
Гымн прысягі маладых!
![3poklicz.jpg 3poklicz.jpg](/img/v1/userfiles/images/3poklicz.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аўтарка — тая самая ўдзельніца Кіраўнічага штабу СБМ, пра якую Аляксей Анішчык пісаў у лісце да Юрыя Туронка: «Сваю вучаніцу Галіну Бузук я добра памятаю. Гэта была шустрая, вельмі актыўная патрыётка, знешне зграбная, вышэй сярэдняга росту дзяўчына. Была здольнай і таленавітай вучаніцай, добрым арганізатарам у СБМ, з выразнай перспектывай ісці па слядах Наталлі Арсенневай, а можа, і далей». На жаль, лёс арыштаванай пазней савецкімі ўладамі таленавітай вучаніцы настаўніцкай семінарыі невядомы. Зрэшты, як і лёсы большасці іншых аўтараў-навучэнцаў.
У адрозненне ад вучняў, настаўнік, чые тэксты друкаваліся ў «Поклічы» і які, магчыма, меў дачыненне да выдання ўсяго часопіса, Аляксей Анішчык (Андрэй Чэмер) стаў вядомай асобай. Сярод іншага, ён напісаў кнігу, прысвечаную даваеннай Наваградскай беларускай гімназіі. Настаўніцкая ж семінарыя часоў вайны, на жаль, засталася пераважна па-за ягонымі ўспамінамі. Між тым, пэўная ўзаемасувязь ці пераемнасць дзвюх беларускіх навучальных установаў праглядалася і ў тым, што семінарыя размяшчалася ў будынку, які некалі будаваўся для гімназіі, і ў тым, што ў семінарыі працавалі некаторыя ранейшыя настаўнікі, як, прыкладам, Наталля Орса або дырэктар Пётра Скрабец, і былыя вучні Наваградскай беларускай гімназіі (прыкладам, сам Аляксей Анішчык, Барыс Рагуля і некаторыя іншыя). Нездарма на старонках «Поклічу» ёсць колькі матэрыялаў, прысвечаных ранейшай гімназіі, напісаныя з пазіцыі яе вучня: «Зачараванае кола (Успаміны з жыцьця Наваградзкае Беларускае гімназіі)» ды «Памяці Дырэктара Я. Цеханоўскага».
![4poklicz.jpg 4poklicz.jpg](/img/v1/userfiles/images/4poklicz.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Бадай, найбольш карысны ў інфармацыйным плане тэкст у «Поклічы» — «Хроніка». Пры адсутнасці звестак пра Наваградскую настаўніцкую семінарыю, прыведзены тут храналагічны аповед пра падзеі з жыцця навучальнай установы ёсць надзвычай каштоўнай гістарычнай крыніцай. Тут ёсць паведамленне пра ўрачыстае адкрыццё Настаўніцкай семінарыі ў Наваградку 19 студзеня 1943-га ў залі Беларускага Народнага Дому з удзелам акруговага школьнага інспектара Аляксандра Орсы ды акруговага камісара Вільгельма Траўба, вучняў і настаўнікаў. Далей ідуць кароткія зацемкі пра сяброўскія вечары, «красамоўныя» конкурсы, спартовыя спаборніцтвы, святкаванні 25 сакавіка, 1 мая, канцэрты, матуральныя экзамены, выставу.
Паводле хронікі вынікае, што розныя мерапрыемствы ладзіліся ў семінарыі штотыдня. Усе апісаныя ў раздзеле падзеі ўкладаюцца ў прамежак студзеня—ліпеня 1943 года і адлюстроўваюць змест сапраўды даволі актыўнай і разнастайнай культурна-асветнай дзейнасці навучальнай установы. Навучэнцы атрымоўвалі выразны імпульс для творчага і фізічнага самаўдасканалення, і моцную прышчэпку патрыятызму.
Згодна з успамінамі Паўла Навары, у 1943 годзе навучэнцы семінарыі актыўна далучыліся да шэрагаў СБМ, шмат хлопцаў пайшлі ў афіцэрскую школу БКА. Некаторыя пазней апынуліся на эміграцыі: Павал Навара і Сільвестр Будкевіч — у Вялікабрытаніі, Леў Стагановіч, Галіна Родзька-Русак — у ЗША, Міхась Бурнос і Кастусь Сіткоўскі — у Аўстраліі. Таксама на чужыну выехалі і настаўнікі Іна Рытар, Наталля Орса, Барыс Рагуля, Філарэт Родзька. Менавіта нехта з тых, хто выехаў на Захад, і захаваў у сямейным архіве часопіс «Покліч», копія якога была перададзеная ў нью-ёркскі Беларускі інстытут навукі і мастацтва і пазней трапіла ў Мінск. Дзякуючы гэтаму выданню сёння можна аднаўляць асобныя цікавыя старонкі гісторыі друку і адукацыі ў Беларусі ў часы нямецкай акупацыі, а таксама дадаваць дэталі да біяграфіяў некаторых дзеячаў.