«Фашызм — не нармальная з'ява». На мемарыяле «Яма» ўшанавалі памяць ахвяр Мінскага гета
У сакавіку яўрэі адзначаюць адно з самых вясёлых святаў — Пурым. Але сакавік 1942 года для вязняў Мінскага гета стаўся трагічным.

Першы дзень вясны выдаўся па-зімоваму сцюдзёным, і многія з тых, хто прыйшоў на мемарыял, убачылі ў гэтым сімвалічныя паралелі з трагедыяй, якая адбылася на гэтым месцы 77 гадоў назад. 2 сакавіка 1942 года фашысты расстралялі тут каля пяці тысяч вязняў найвялікшага на акупаванай тэрыторыі СССР гета, уключаючы 200 сірот з дзіцячага дома разам з медперсаналам і выхавацелямі. Каля 500 трупаў звалілі ў яму, размешчаную на скрыжаванні цяперашніх вуліц Заслаўскай і Мельнікайтэ, дзе сёння размешчаны мемарыял. У памяць пра тыя падзеі Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын зладзіў на «Яме» традыцыйны жалобны мітынг з удзелам прадстаўнікоў амбасад Ізраіля, Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Украіны, Польшчы прадстаўніцтва Еўрасаюза і ўсіх тых, хто захоўвае памяць пра трагедыю Халакосту.

«1 – 3 сакавіка 1942 года фашысты здзейснілі адно з самых страшных масавых забойстваў у Мінскім гета. Мы верым, што памяць пра гэта жахлівае злачынства супраць чалавечнасці будзе жыць у сэрцах нашых дзяцей і ўнукаў», — распачаў мітынг старшыня СБЯГАА Уладзімір Чарніцкі.

Уладзімір Чарніцкі
Ён дадаў, што сёння таксама спаўняецца пяць гадоў як пайшоў з жыцця аўтар мемарыялу, заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін.
Амбасадар дзяржавы Ізраіль у Беларусі Алон Шогам падчас сваёй прамовы звярнуў увагу, што амаль праз 80 гадоў пасля трагедыі Халакосту антысемітызм зноў пачынае ўздымаць галаву ў Аргенціне, Еўропе, Амерыцы.

Алон Шогам
Яго калега, амбасадар Германіі Петэр Дэтмар зазначыў, што вельмі важна распавядаць моладзі пра падзеі мінулага, каб яна ведала, што фашызм — не нармальная з’ява.
«Гісторыя наклала на нас высокі абавязак змагацца з любой формай дыскрымінацыі і ксенафобіі. Ніколі больш ні дзяржава, ні грамадства не павінны дапусціць, каб з людзей стваралі вобраз ворага», — зазначыў Петэр Дэтмар.

Петэр Дэтмар
«У сакавіку яўрэі адзначаюць адно з самых радасных святаў — Пурым. Але сакавік 1942 года стаўся трагічным для вялізнай колькасці яўрэйскіх дзяцей, мужчын і жанчын. Гісторыя Халакосту павінна быць глыбока вывучаная і распаведзеная. Гэта дазволіць нам зразумець, адкуль бяруць свае вытокі расізм і перадузятасць», — сказала павераная па справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур.

Джэніфер Мур
Бацька Хаіма Чэслера, старшыні выканаўчага камітэту яўрэйскага адукацыйна-культурна-забаўляльнага мерапрыемства Limmud FSU, вучыўся ў гродзенскай ешыве. Днямі Хаім Чэслер прыляцеў з Ізраіля ў Мінск, каб сёння разам з усімі ўшанаваць памяць закатаваных людзей. Хоць ён тут ужо далёка не першы раз, кожнае наведванне «Ямы» вельмі яго ўзрушвае.

Хаім Чэслер
Падчас памятных мітынгаў апладысменты не прынятыя. Але сёння здарылася выключэнне і аднойчы воплескі ўсё ж прагучалі — у знак пашаны да былых вязняў Мінскага гета, якія дажылі да нашых дзён і прыйшлі сёння на мемарыял.

У цэнтры — былыя вязні Мінскага гета
Напрыканцы мітынгу памінальную малітву — кадзіш — прачытаў равін рэлігійнага аб'яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізму Рыгор Абрамовіч. Пасля ахвотныя ўсклалі кветкі і — згодна з яўрэйскай традыцыяй — каменчыкі да помніка-абеліска.

Рыгор Абрамовіч
Фота аўтаркі